Паэт з КНДР, які прысуджаны да смяротнага пакарання, перакладзены на беларускую мову
У віленскім выдавецтве «Логвінаў» выйшла новая кніга вершаў Кім Чжун Хо «Патрыятызм для чайнікаў» у перакладзе з паўночнакарэйскай мовы Сяргея Прылуцкага.
Да канца невядома, ці Кім Чжун Хо — сапраўднае імя і прозвішча аўтара, ці гэта псеўданім. Больш за тое, ніхто дагэтуль не ведае, як ён выглядае, дзе нарадзіўся і вырас, і на якім этапе ён быў завочна прысуджаны ўладамі КНДР да смяротнага пакарання.
Кнігу складаюць раней невядомыя тэксты, а таксама вершы са зборнікаў «Міністэрства ўнутраных органаў», «Патрыятызм для чайнікаў», «Зеляней, магілка!» і «Жылы і мазалі». У кнізе вядзецца пра пустыя сэрцы і поўныя штаны страху, пра кароткі шлях ад літаратуры да пракуратуры, і ня менш займальную дарогу ад школьных галёрак да завадскіх галер. Ёсць у кнізе і пра дзядоў-ветэранаў і іхніх унукаў-гопнікаў, якія выгадвалі адзінае ўмельства — ганарыцца чужымі подзвігамі. І пра традыцыйныя каштоўнасці, якім самае месца сядзець на ланцугу і ня рыпацца. «Патрыятызм для чайнікаў» можна выкарыстоўваць як турыстычны дапаможнік. Але ён распавядае не пра месцы былой велічы, замкі, палацы, герояў, а пра тое, дзе і як чалавека робяць нікім. А робяць гэта ў адной паўночнай краіне з вялікім умельствам і аганьком у вачох.
Урывак з кнігі можна прачытаць тут
Прэзентацыя кнігі «Патрыятызм для чайнікаў» з удзелам перакладчыка адбудзецца 31 кастрычніка — у Брэсце (Прастора КХ, Халтурына 2\1, пачатак а 19) і 4 лістапада — у Мінску (Кнігарня Логвінаў, Незалежнасці 37а, пачатак а 19).
Паводле прэс-рэлізу