ТБМ прапануе больш актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ў парламенце
Таварыства беларускай мовы звярнулася да старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанка з прапановай больш актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ў парламенце.
У прыватнасці, у сваім звароце ТБМ просіць Андрэйчанку весці ўсе пасяджэнні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на дзяржаўнай беларускай мове.
«Было б добра, каб дэпутаты шостага склікання, якія па словах Марзалюка І.А. добра ведаюць дзяржаўную беларускую мову, але часам гэтага саромеюцца (бо так склалася на працягу апошніх 300-сот гадоў, што беларус размаўляе на мове начальства), атрымлівалі адразу ўсе законапраекты ў адпаведнасці з дзейнай Канстытуцыяй на дзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь і прымалі іх адначасова», — адзначаецца ў звароце.
Таксама ТБМ прапануе зрабіць на 1-м канале БТ пастаянную перадачу «Парламенцкая гадзіна», якую «з цікавасцю будуць глядзець усе выбаршчыкі, каб ведаць, што канкрэтна робяць іх абраннікі ў Палаце прадстаўнікоў і як бароняць іх інтарэсы».