Накід для беларускага бестыярыя
Выстава «Старыя героі — новы свет» цікавая, так бы мовіць, не экспазіцыйна. Ідэя сабраць хаця б які пантэон таго, што ў царскіх падручніках па багаслоўі абзывалася «нячыстай сілай», належыць яшчэ этнографам Паўночна-заходняга краю.
Тэза аб тым, што Пярун быў «прыдуманы» «дрымучымі старажытнымі палешукамі», якія пабачылі, як «маланка шарахнула ў дрэва» і спалохаліся настолькі, што выдумалі сабе «ілжэбога», паходзіць прыкладна з тых жа праваслаўных падручнікаў і там жа мусіць заставацца. Бо дэ-факта ні пра Перуна, ні пра кагосьці менш значнага для нашых продкаў мы не ведаем у дэталях амаль нічога. Чаму так, можна зразумець, прачытаўшы хаця б якое даследаванне механізмаў калектыўнай памяці дапісьменных грамадстваў.
Таму любыя спробы каталагізаваць народныя ўяўленні пра істот, што існуюць паралельна з апісанай Ньютанам рэальнасцю, вартыя павагі, робіць тое пісьменнік Ян Баршчэўскі, мастак Валер Славук ці арганізатары выставы «Старыя героі – новы свет». Якія фактычна ўзялі малюнкі Славука і вырабілі на іх падставе не вельмі майстравітую анімацыю і не самыя выбітныя 3d-мадэлі. І пры гэтым вырашылі браць за прагляд усяго гэтага шэсць рублёў (для параўнання: уваход у Дом-музей Шагала ў Віцебску каштуе два рублі).
Але, паўтаруся, рэспекту тут заслугоўвае не экспазіцыя, не спробы спалучыць старажытныя вераванні з акулярамі віртуальнай рэальнасці, а цікавасць да магутнага слою культуры, які дагэтуль застаецца не ахопленым візуальнасцю і нават літаратурай. І калі дзякуючы выставе ў арганізатараў з’явяцца сродкі на шырэйшую і даражэйшую экспазіцыю на тую ж тэму – вынік будзе шыкоўны.
У гэтым тэксце я хацеў бы выкласці некалькі назіранняў за тым, як структураваны беларускі пантэон «нячыстай сілы». Магчыма, калі-небудзь гэтыя зацемкі будуць скарыстаныя ў якасці ўводзін у вялікі Кодэкс выдуманых пачвар Беларусі, патрэба якога наспела яшчэ стагоддзяў пяць таму.
Дамавік, Еўнік, Злыдні, Жыцень, Шатаны, Дзедка, Лазавік і Жэўжык – істоты выставы «Старыя героі – новы свет» першапачаткова былі намаляваныя (не буду выкарыстоўваць слова «прыдуманыя», каб не прыпадабняцца да праваслаўнага падручніка па пяруназнаўстве) Валерам Славуком. Іх выгляд і кароткае апісанне можна знайсці вось тут.
Цікава пры гэтым, што і Дзедка, і Жэўжык, і ўсе іншыя маюць дакладныя адпаведнікі як у беларускіх казках і фальклоры, так і ў літаратурных помніках кшталту ўжо згаданага Баршчэўскага. І што кідаецца ў вочы пры першасным разглядзе гэтых пачварак – гэта іх сялянскасць. Еўнік можа быць сустрэты выключна на вёсцы, бо жыве ў лазнях, дзе сушацца снапы. Пра Дамавіка і Дамавуху мы ведаем, што яны хаваюцца «пад печкай», або ў «сенцах» – і тое, і тое ёсць фрагментамі сялянскай хаціны. Жыцень, Лазавік і Лознікі атачаюць людзей, якія жывуць не ў гарадах, а пасярод прыроды, штодня ходзяць праз поле і лес.
Ці не наспеў час урбанізаваць беларускае паганства? Няўжо віленская легенда пра голема не вартая ўласнага месца ў нашым бестыярыі? Хіба шляхта ў маёнтках і сядзібах не мела сваіх забабонаў? Чаму ж наш фальклор поўніцца выключна вясковымі насельнікамі?
Любы бестыярый акрамя каталогу нябачных воку цудзілаў ёсць яшчэ і дасканалым кодэксам этыкі. Праглядаецца гэтая асаблівасць нават у тым падкарочаным зборы, які выстаўлены на выставе «Старыя героі – новы свет». Бо пра Дамавіка мы ведаем, што гэта істота «добрая», бо яна «ахоўвае дом» і жыве ў дбайных гаспадароў. А вось злыдні – істоты «шкодныя, гарбатыя ды брыдкія». Энцыклапедычнае выданне «Чароўны свет» кажа нам, што вядуцца яны ў «прагных» ды «хцівых» гаспадароў і ёсць, такім чынам, нечым кшталту кары за залішнюю сквапнасць.
І тут зноўку ўзнікае пытанне, што тычыцца ўсяго нашага паганскага пантэону: а што ёсць «добрым гаспадаром» і «дабром» па-беларуску і што ёсць ліхам? І хто прызначае тую кару за зло? Ці ёсць нейкі галоўны бог кшталту Перуна? Альбо гэта робіць «сусветная гармонія» як такая?
Калі меркаваць па беларускіх казках, «добрыя» якасці чалавека – гэта працавітасць, сціпласць, прадбачлівасць, дбайнасць. «Дрэнныя» – лянота, прагнасць, неахайнасць, выхваленне. Лютасць, напрыклад, да дрэнных якасцяў чалавека не адносіцца і хутчэй успрымаецца як пазаэтычная катэгорыя, уласцівая «панам», «гаспадарам», а не галоўным героям – мужыкам, што працуюць у полі.
І тут адразу бачна вынесенасць гэтага «дабра» і гэтага «зла» за межы хрысціянства. Бо такія якасці, як схільнасць да помсты ці зайздрасці не маюць дрэнных фантастычных істот, якія каралі б носьбітаў. А літасцівасць ці дабрачыннасць, як і ўся канцэпцыя класічнай хрысціянскай «дабрыні» як спагады да слабага, не ўшаноўваюцца ў нашым пантэоне міфічных асобаў нічым добрым.
Наогул, насельнікаў існага (ці хутчэй няіснага) беларускага бестыярыя няможна называць «нячыстай сілай», бо гэты выраз выбягае з монатэізму, з супрацьпастаўленасці добраму Богу і Ягонаму сыну. Еўрапейскі сярэднявечны бестыярый складаўся з істот, якія мелі алюзіі на хрысціянскія тэксты. Так, напрыклад, казачная птушка пелікан, выяўленая на Notre Dame des Neiges, мела схільнасць разрываць свае грудзі дзюбай і сілкаваць птушанят уласнай крывёй – простая алюзія на Хрыста.
Еўнік, Жыцень, Багнік, Шатаны, Лазавік існуюць паралельна Старому і Новаму Запавету, яны караюць за заганы, якія не заўсёды заганныя для хрысціянства, і ўзнагароджваюць што заўгодна (руплівасць, своечасовае назапашванне збожжа), але не самаахвярнасць ці дабрыню.
Мне падаецца, сапраўдны і поўны кодэкс фантастычных істот Беларусі мусіць пераклікацца з малітвамі ды шаптаннямі, якія можна пачуць увечары ў старых хатах Палесся: хрысціянскія героі кшталту Пятра ці Іуды ўлучаныя там у карціну свету з Перуном і мясцовымі сакральнымі камянямі-дзядамі. Бестыярый кшталту таго, што быў складзены некалі Борхесам, патрэбны нам, каб разабрацца, што нашая міфалогія лічыла дабром, а што – заганай, бо не могуць існаваць краіна і культура без выразна акрэсленых уяўленняў пра дабро і зло. Пакуль жа ўсім, хто цікавіцца пытаннем, раю наведаць выставу «Старыя героі – новы свет», якая будзе працаваць у Музеі кіно да 11 верасня.