Музыка ў жывапісе і музыка ля ратушы. Новыя выставы
У выходныя 24–25 чэрвеня ў Мінску чакаецца адносна прахалоднае надвор’е, і нават магчымыя навальніцы, таму свой маршрут у вольны час разумна пракласці цераз памяшканні пад дахам. Нагоду для гэтага даюць 3 выставы, што адчыніліся 22 чэрвеня.
Дзве з іх працуюць у Палацы мастацтваў (Казлова, 3) па 7 ліпеня (адначасова з яшчэ дзеючай калектыўнай выставай партрэту “Псіхалогія вобразу”).
Юбілейны, да 50-годдзя, паказ жывапісу Сяргея Пісарэнкі, як і ўсе юбілейныя выставы, — разгорнутае падсумаванне папярэдняга творчага шляху, збор твораў розных жанраў — краявідаў, партрэтаў, нацюрмортаў, твораў у жывапісе і акварэлі.
Меладычная рытміка ліній, мігценне контуру — чымсьці збліжае работы майстра з творчасцю Валерыя Шкарубы. Аднак, мяккасць паўтонаў, сваістая атмасферычнасць надае манеры Пісарэнкі іншы настрой. Больш мяккі, хіба больш лірычны і медытатыўны.
Жывапіс для эстэтыкі сузірання, але зусім без саладжавасці і расслабленасці. Музыка спакою душы. Магчыма, яна лепш за ўсё будзе адпавядаць трошкі дажджліваму надвор’ю за вакном.
Абсалютна слушная заўвага куратара пра настрой твораў майстра: “ўяўляецца, як з-за дрэва, з якога не паспеў апасці апошні ліст, з’явіцца Нарштэйнаўскі Вожык і распавядзе пра сваё чароўнае падарожжа праз межы двух светаў — рэальнага і незямнога”.
Магчыма, у стылістыцы жывапісу адбілася
навучанне Сяргея Пісарэнкі на кафедры графікі Акадэміі мастацтваў, дзе дыплом
ён выканаў у Васіля Шаранговіча.
Іншую манеру наведвальнік сустрэне ў палотнах на таксама юбілейным паказе Тамары Батаковай-Матвеенка, дзе выстаўлены жывапісныя работы апошніх гадоў. Тут творы таксама насычаны рытмікай руху пэндзля, але больш размашыстай, моцнай, энергічнай. Гэта — адрозненне метаду мастака-манументаліста (вучылася ў Гаўрыіла Вашчанкі), схільнага да іншага фармату выяўлення. Вы ўбачыце ў асноўным краявіды з падарожжаў мастачкі ў Беларусі і Грузіі.
Нарэшце, перамясціўшыся на Верхні горад, варта завітаць у галерэю з такой самай назвай: “Высокае мѣста” (г. Мінск, вул. Герцэна, 2а), на экспазіцыю “Храм” Усевалада Швайбы (вучня Георгія Паплаўскага).
На жаль, вы не пачуеце медытатыўных мелодый у выкананні самога аўтара і лацінскіх кантаў камернага хору “Салютарыс”, што гучалі на вернісажы. Але адчуеце іх дух, увасоблены ў жывапісных і графічных (пераважна туш, пяро) работах аўтара. Асабліва ўражваюць апошнія — незвычайнай каліграфічнай дасканаласцю выканання, і зноў-такі — музычнай рытмікай. Увогуле, выстава “Храм” — расповед пра храм чалавечай душы.
Скончыўшы на гэтай душэўнай ноце, варта не забыцца (лепш з парасонам) наведаць а 20-й гадзіне пляцоўку побач, ля Ратушы. 24 чэрвеня ў працяг джазавых вечароў там выступіць Кліўленд Джонс (ЗША) — спявак і кампазітар, які спалучае матывы госпелу, рытм-энд-блюзу і традыцыйнага джазу. А таксама прагучаць беларускія выканаўцы, вакальны квартэт Minsk Voices і Premier Orchestra.
Фота: Алега Радкевіча з адкрыццяўвыстаў Пісарэнкі і Швайбы, плакаты падзей.