MOVABOX ад velcom — ужо і для юных чытачоў

Праект MOVABOX, распачаты па ініцыятыве кампаніі velcom у падтрымку сучаснай беларускай літаратуры, запрасіў маленькіх аматараў чытання на сустрэчу з Вольгай Гапеевай, аўтарству якой належыць кніга апавяданняў для дзяцей «Сумны суп».

movananova_velcom_gapeeva_9679.jpg

Акрамя знаёмства з творчасцю пiсьменнiцы і героямі яе кнігі, юныя ўдзельнікі сустрэчы пабудавалі сімвалічную «вежу сяброўства» з канструктара i даведаліся пра буккросінг ад MOVABOX. Дарэчы, хутка ва ўсix кавярнях краiны, дзе ўсталяваны скрыні для беларускамоўнага буккросінгу, з’явяцца дзіцячыя кнігі.

movananova_velcom_gapeeva_9671.jpg


MOVABOX — гэта вялікі інтэрактыўны праект, які ставіць сваёй мэтай нагадаць чытачам усіх узростаў аб каштоўнасці нацыянальнай беларускай літаратуры, прадэманстраваць яе разнастайнасць і шматграннасць, а таксама здольнасць зацікавіць максімальна шырокую аўдыторыю. Кожны з чатырох этапаў, з якіх складаецца праект, знаёміць чытачоў з той ці іншай кнігай аднаго з сучасных беларускіх аўтараў і, разам з тым, імкнецца абудзіць больш пільную ўвагу да беларускай літаратуры.

movananova_velcom_gapeeva_0110.jpg

Асобным мерапрыемствам у межах MOVABOX, накіраваным пераважна на тую частку аўдыторыі, якая яшчэ толькі мае ператварыцца ў актыўных аматараў чытання ўвогуле і твораў беларускіх аўтараў у прыватнасці, стала сустрэча з аўтарам дзіцячай кнігі «Сумны суп» Вольгай Гапеевай. Яе галоўнымі гасцямі і ўдзельнікамі былi як зусім маленькія чытачы, так і больш дарослыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Некаторыя з іх ужо паспелі не толькі навучыцца чытаць, але і пасябраваць з добрай кніжкай, іншым яшчэ даводзіцца карыстацца дапамогай бацькоў, каб адпраўляцца ў літаратурныя падарожжы. Аднак усе яны знаходзяцца менавіта ў тым узросце, калі можна і трэба выхоўваць любоў да чытання і роднага слова.

movananova_velcom_gapeeva_0455.jpg

Кампанія velcom — арганізатар праекта MOVABOX — вырашыла спалучыць карыснае з прыемным і правесці знаёмства з сучаснай беларускамоўнай літаратурай для дзяцей праз спалучэнне цікавай гісторыі і захапляльнай гульні. Разам з пісьменніцай Вольгай Гапеевай i акцерам Купалаўскага тэатру Паўлам Харланчуком дзеці спачатку прачыталі, а потым абмеркавалі адно з апавяданняў з кнігі «Сумны суп» — гісторыю пра ката, які апынуўся ў Брусэлі і дапамог знайсці дом кацяню.
Сутнасць гісторыі — у дапамозе адзін аднаму. Таму пасля чытання кожны маленькі госць сустрэчы змог паўдзельнічаць у будаўніцтве вежы сяброўства з канструктара. Узвесці яе ў адзіночку было немагчыма: кожны «юны будаўнік» адказваў за свой участак работы, дапамагаў суседу і складаў маленькія кавалачкі ў адно цэлае. Арганізатары MOVABOX спадзяюцца, што і чытанне аповяду, і гульня на тэму сяброўства пакінуць у душы юных удзельнікаў мерапрыемства след, з якога ў больш асэнсаваным узросце прарасце сапраўднае жаданне дапамагаць людзям і рабіць добрыя справы.

movananova_velcom_gapeeva_9886.jpg

«Думаю, кожная маці па ўласным вопыце ведае, што самы добры спосаб захапіць дзяцей чым-небудзь, — гэта гульня. Таму і падарожжа ў свет беларускай літаратуры для дзяцей у межах праекта MOVABOX мы вырашылі правесці менавіта ў гульнявым, інтэрактыўным фармаце: праз прыгоду, заклік да творчасці і абуджэнне фантазіі. І апавяданні Вольгі Гапеевай з яе кнігі для дзяцей «Сумны суп» — тая аснова, якая аптымальным чынам падыходзіць для тых, хто робіць свае першыя крокі ў цудоўны сусвет роднага слова. У ёй ёсць ўсё, што падабаецца маленькім чытачам, — незвычайныя героі, цікавыя прыгоды і разам з тым знаёмыя, зразумелыя ўсім дзецям тэмы і магчымасць паразважаць над самымі нечаканымі пытаннямі», — адзначыла кіраўнік адзела маркетынгу кампаніі velcom Юлія Дайнека.

movananova_velcom_gapeeva_9954.jpg

«Беларускую мову і літаратуру большасць дзяцей пачынаюць вывучаць з дзіцячага садка і затым — на працягу адзінаццаці гадоў у школе. Але проста вывучаць недастаткова для таго, каб дзеці раслі з любоўю да сваёй нацыянальнай літаратуры і захапляліся яе скарбамі. Тут шмат залежыць не столькі і не толькі ад школы, колькі ад сям'і і, вядома, грамадства. Як аўтарка, якая піша на беларускай мове для дарослай і дзіцячай аўдыторыі, хачу выказаць спадзяванне, што праект MOVABOX падштурхне маленькіх чытачоў у патрэбным кірунку, а таксама падзякаваць кампаніі velcom за неабыякавасць да лёсу беларускамоўнай літаратуры», — адзначыла Вольга Гапеева.

movananova_velcom_gapeeva_0418.jpg


***Вольга Гапеева (Volha Hapeyeva) — беларуская паэтка, пісьменніца, мыслярка, перакладчыца, лінгвістка. Aўтарка кніг паэзіі “Няголены ранак”, “Прысак і пожня”, і інш.; прозы “(в)ядомыя гісторыі”; кніг для дзяцей “Сумны суп”, “Дзве Авечкі”, перакладаў Роберта Вальзера “Шпацыр”, Норы Гомрынгер “(З)начныя даследаванні” і інш.
Стыпендыятка міжнародных праграм для пісьменнікаў і перакладчыкаў (Аўстрыя, Нямеччына, Латвія, Швейцарыя), удзельніца шматлікіх міжнародных канферэнцый і літаратурных фестываляў (Славенія, Германія, Чэхія, Швейцарыя, Польшча і інш.). Сябра беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Мае ступень кандыдата навук, дацэнт. Займаецца літаратурным перакладам, даследаваннямі ў галіне філасофіі мовы, кампаратыўнай лінгвістыкі, сацыялогіі цела.
Творы Вольгі Гапеевай перакладзеныя на больш як 10 моваў свету. Аўтарка супрацоўнічае з электроннымі музыкамі, выступае з аўдыёвізуальнымі перформансамі. 
Паводле пост-рэлізу