Маладое незалежнае кіно доўга не пратрымаецца
У аматараў экраннага мастацтва 26 снежня быў унікальны шанец глыбока пакорпацца ў айчынным кіно за 2015 год.
Кадр з фільму "Беларускі псіхапат"
У чаканні кіно
Цягам дня ў Музеі гісторыі беларускага кіно паказвалі анімацыю, кароткаметражныя фільмы ды стужку-пераможцу сёлетняга нацыянальнага конкурсу на «Лістападзе» — «Беларускага псіхапата» Мікіты Лаўрэцкага. А ў кінатэатры «Перамога» тым часам ішоў адзін з прэм’ерных сеансаў «Графа ў апельсінах» — дэбютнага поўнаметражнага фільма маладой рэжысёркі Улады Сяньковай.
Своеасаблівыя вынікі айчыннага кінагоду ў рэчышчы ігравых стужак, калі патрымаць у галаве яшчэ не дароблены альманах «Храпатопь» пад кіраўніцтвам А. Кудзіненкі, антыпрапагандысцкі «Гараш» А. Курэйчыка ды нібыта-прапагандысцкі «Мы, браты» ад галівудападобных прадзюсераў з Nonstop Media. Карцінка не самая чароўная, але ж свая, таму вымагае колькіх словаў.
Не будзем спыняцца на айчынным кароткім метры — усё ж такі перадусім гэта справа для зацятых кінаманаў і рэжысёраў-пачаткоўцаў. Колькі ж можна пачынаць?! Па ідэі, поўны метр — гэта больш прадуманае, адчутае і асэнсаванае мастацкае выказванне. Паглядзім на «Графа ў апельсінах» ды «Беларускага псіхапата». Такі сабе навагодні вынік, у якім можна пабачыць, што ёсць і чаго няма. І што трэба.
Дзве стужкі парадаксальным чынам маюць падобны сюжэт — гурт маладзёнаў выбіраецца з Мінску на лецішча з нагоды свята дня нараджэння. На гэтым падабенства заканчваецца і пачынаецца галаўны боль для гледача ў адным выпадку, і зусім нечаканая радасць — у іншым. Распачнём з галавы.
Улада Сянькова рабіла свой фільм тры гады. Год на сцэнар, лета на здымкі, год на пост-прадакшн. Найбольш драматычная гісторыя — скаргі рэжысёркі на тое, што ніхто сваё падтрымліваць не жадае, таму і маем тое, што маем, — нічога. Пасля такіх закідаў да нацыянальнай годнасці праз краўдфандынгавую пляцоўку была назбірана неабходная сума на пост-прадакшн. Так, сумы ў любым выпадку для кіно маленькія — 2,5 тысячы долараў на здымкі + 2 тысячы на пост-прадакш (лічбы — у адпаведнасці з прэс-рэлізам фільма). І тым не менш бюджэт. І што ж мы маем з такім касмічным бюджэтам у 4,5 тысячы долараў?
Кадр з фільму "Граф у апельсінах"
Абсалютна няўцямная гісторыя з недарэчным сцэнарам ды шчырымі перагібамі. Школьнікі-выпускнікі шукаюць 1000 «зялёных», каб заплаціць «сельскай» шпане, якая нібыта скрала маленькую дзяўчынку — малодшую сястру аднаго з герояў індзі-драмы. Адчайны крок у пошуках грошай — гэта спеў «Купалінкі» двум маладым палякам, якія ўсё, што ў Беларусі бачаць, здымаюць на камеру. Гарадскую прыгажуню збіваюць дзве расфарбаваныя сельскія зайздросніцы ды забіраюць у яе сонечныя акуляры. Мімаходзь крочаць усё тыя ж палякі ды не дапамагаюць ёй, а толькі здымаюць яе пабоі на камеру. Пералічваць гэты нічым не абгрунтаваны трэш можна доўга.
Па словах стваральнікаў фільма, галоўнае — адчуць тонкі прысмак фільма, водар маладосці ды юнацтва. Але ж пасля гэтага фільму прыстойных эмоцый мала. «Граф у апельсінах» задумваўся рэжысёркай як спроба быць усім і адразу: і гісторыя пра палякаў, якія абы-што пра родны край здымаюць (магчыма, вельмі тонкая адсылка да праекту «Жыве Беларусь» Ф. Вячоркі); і цывілізацыйны выбар пра Радзіму, якую трэба любіць, а не здраджваць на карысць Захаду; і недарэчная прорва між сельскімі дзікунамі ды сталічнымі мажорамі; і праваслаўны бацюшка разам з хорам ды купляй ікон; і… нарэшце, любоўны трохкутнік у падлеткаў. Усё гэта падаецца нацягнутым, несапраўдным, неабгрунтаваным, недамастацкім выказаваннем. Ну і акторская ігра — гэтаму фільму «не верыш» з першых закадравых гукаў.
Зусім іншая рэч — зняты за два дні «Беларускі псіхапат» з бюджэтам у 400 тысяч айчынных зайцоў. Нечакана ды неспадзявана Мікіта Лаўрэцкі зняў варты фільм. Падчас ягонага прагляду сапраўды ўсцешна ды смешна. І ягоная перамога на «Лістападзе» — цалкам абгрунтаваная.
Тры дзяўчынкі на 22-ім дні нараджэння Дзмітрыя. Дзмітры праяўляе сябе як асобу закамплексаваную ды самазакаханую. Прычына, паводле якой хлопец паклікаў да сябе на лецішча малазнаёмых дзяўчатак — цьмяная надзея для самотнага мальца пазбавіцца цнатлівасці разам з адной з іх. Цікаўная Лера праяўляе лёгкі інтарэс да своеасаблівасцяў хлопца…
Не самым моцным месцам папярэдніх кінаспроб Мікіты Лаўрэцкага была акторская ігра. У гэтым жа фільме пабудаваны кантрастны баланс паміж няўклюдным Дзмітрыем (грае сам Мікіта) ды стрыманай лагоднай Лерай (арганічная ў кадры Крысціна Бо — найвялікшая ўдача фільму). У «Беларускім псіхапаце», які зняты з максімальна простымі ды прынцыпова недасканалымі выяўленчымі сродкамі, няма аніякіх злосных сельбаноў ды напышлівых палякаў, але ёсць супярэчлівая хімія чалавечых узаемаадносінаў — дуракаватых, простых, неабгрунтаваных, а таму прыўкрасных…
Заканамерная перамога Мікіты Лаўрэцкага на «Лістападзе» — гэта пэўны сігнал. У краіне, дзе цалкам адсутнічае кінаіндустрыя, а дзейнасць нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» не мае нічога супольнага з экранным мастацтвам, у нацыянальным конкурсе перамагае безбюджэтны фільм зусім маладога аўтара. І гэта найлепшы паказчык таго, што кіно ў нашай краіне пакуль што няма.
Маладое незалежнае кіно без ніякай фінансавай падтрымкі ды наладжанага інстытуту прадзюсарства доўга не пратрымаецца. І нам надалей наканавана атрымліваць чарговых «графаў у апельсінах» разам з нечаканымі ды прыемнымі выключэннямі кшталту «Беларускага псіхапата».