«Мая малітва» Янкі Купалы на славацкай мове

Прэзентацыя пераклада Марыяна Сэрваткі на славацкую мову твора Янкі Купалы «Мая малітва» адбылася вечарам 18 лістапада ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў межах культурна-адукацыйныга праекту «Беларусь — Славакія. Дыялог культур».



slavakija_2.jpg

Удзельнікі вечарыны

Дырэктар музея Алена Ляшковіч адзначыла, што жыццё і творчасць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы з’яўляецца сапраўдным узорам міжкультурнага ўзаемадзеяння і талерантнасці.  Упершыню паэт наведаў Чэхаславакію ў 1927 годзе як сябра  праўлення Таварыства культурных сувязяў Савецкай Беларусі з замежжам. Галоўнай задачай арганізацыі было спрыянне дружбе і супрацоўніцтву беларускага народа з народамі іншых краін. Наступная паездка ў кастрычніку 1935 года ў складзе дэлегацыі савецкіх журналістаў і пісьменнікаў істотна пашырыла геаграфію знаёмства паэта з  Чэхіяй і Славакіяй. «Вось даць бы гэтаму народу шырэйшую дарогу і як ён сябе пакажа», — натхнёна казаў тады Янка Купала.  

Спадарыня Ляшковіч распавяла, што амбасадарам Славакі ў Беларусі у 2008–2013 гадах быў Марыян Сэрватка, які добра паспрыяў развіццю беларуска-славацкіх культурных сувязяў. У якасці прыкладу такой дзейнасці спадара Сэрваткі дырэктарка музея прывяла выданне альбома творчасці народнага мастака Беларусі, славака па паходжанні Аскара Марыкса і прысвечаную яму выставу ў Банскай Быстрыцы, а таксама нагадала пераклад верша-гімна песняра «А хто там ідзе?» на славацкую мову, зроблены дыпламатам у 2012 годзе. 

slavak_ja_1.jpg

Выступае Марыян Сэрватка

Марыян Сэрватка прачытаў верш Янкі Купалы «Мая малітва» у перакладзе на славацкую мову і выказаў надзею на далейшае развіцце  ўзаемадачыненняў беларусаў і славакаў у галіне культуры.    

Кандыдат філалагічных навук Мікола Трус прадставіў нумар навукова-метадычнага часопісу «Роднае слова». У гэтым нумару змешчаны пераклад верша Янкі Купалы «А хто там ідзе» на славацкую мову Марыяна Сэрваткі і падборка ягоных вершаў ў перакладзе на беларускую мову Міколы Труса. Навукоўца назваў вершы Сэрваткі «глыбокімі, бо яны запрашаюць да роздуму і ствараюць сілавое поле думання, а таксама дазваляюць зазірнуць у тонкі свет паэзіі і пазнаёміцца з сучаснай славацкай лірыкай».   

Мастачка Аксана Аракчэева перадала музею чатыры жывапісных творы, прысвечаных песняру. Іх аўтары — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Аракчэеў і ягоная дачка Аксана Аракчэева. Яна выказала вялікую ўдзячнасць дырэктару фірмы «Тэхнамузей» Вадзіму Дзем’яновічу, які выкупіў адзін з твораў Барыса Аракчэеева і падарыў яго Купалаўскаму музею.    

На  вечарыне прагучалі пераклады вершаў Марыяна Сэрваткі на беларускую мову, а таксама песні на словы Янкі Купалы ў выкананні барда Сяргея Антонава.

Паводле словаў Ляшковіч, праект «Беларусь — Славакія. Дыялог культур» будзе падоўжаны у наступныя гады. Так, у 2014 годзе ў шэрагу славацкіх гарадоў мяркуецца правядзенне выставы «Славакія. Сустрэчы Янкі Купалы» , а ў 2015 годзе будзе адзначацца 80-годдзе гэтай вандроўкі песняра па Славакіі.

Акрамя таго, напярэдадні 70-годдзя музею, якое будзе адзначацца ў наступным годзе, Алена Ляшковіч аб’явіла пра пачатак ацыі «Купалаў дом», прысвечанай гэтаму святкаванню.