Кобрыну — Дзень беларускага пісьменства
Жыхары Кобрыну пачалі збор подпісаў за правядзенне ў горадзе Дня беларускага пісьменства і друку.
У лісце да старшыні нацыянальнага аргкамітэту па падрыхтоўцы Дня беларускага пісьменства і друку, намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко адзначаецца, што старажытны горад беларускага Палесся Кобрын упершыню пісьмова ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісу ў 1287 годзе, прыгожа стаіць на берагах ракі Мухавец паміж каналамі Дняпроўска-Бугскім і Каралевы Боны, мае гераічнае і цікавае мінулае.
З гістарычнай Кобрыншчынай непасрэдна звязаныя лёсы этнографа Паўла Шпілеўскага, братоў Крашэўскіх — пісьменніка, гісторыка Юзафа і мастака, фатографа Люцыяна, літаратара, мастака і музыкі Напалеона Орды, брата Адама Міцкевіча, прафесара права Кіеўскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў Аляксандра Міцкевіча, кіраўнікоў і актыўных ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1794 і 1863-64 гадоў Тадэвуша Касцюшкі, Рамуальда Траўгута, Густава Радавіцкага, Фелікса Ягміна і Уладзіслава Малахоўскага, аднага з айцоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Пятра Крачэўскага, першага прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Хаіма Вейцмана і амерыканскага матэматыка Оскара Зарыскага, а таксама ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі, польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч, рускіх літаратараў Аляксандра Грыбаедава, Канстанціна Паўстоўскага і Аляксандра Твардоўскага, расійскага вайскаводцы Аляксандра Суворава.
Кобрын — чароўны заходнебеларускі горад з сучаснай інфраструктурай, які і па сёння захаваў старадаўняе планіровачнае аблічча свайго гістарычнага цэнтру і асноўныя элементы гарманічнага архітэктурнага ландшафту.
Сярод помнікаў дойлідства краю — гістарычная забудова цэнтру Кобрына, будынкі святыняў, у тым ліку старадаўніх драўляных цэркваў, былой паштовай станцыі сярэдзіны XIX стагоддзя, сядзібны дом Аляксандра Суворава XVIII стагоддзя і старадаўні парк імя расійскага генералісімуса, а таксама ветраны млын у вёсцы Балата.
Кобрынцы рупліва шануюць сваю багатую духоўную спадчыну, у тым ліку скарбы народнай мовы ў выглядзе мясцовых гаворак, якія маюць шмат агульнага з гаворкамі паўночных раёнаў Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны, а таксама рысы іншых славянскіх, балцкіх і германскіх моваў.
Сярод строяў заходняга Палесся асаблівай завершанасцю формаў і віртуознай распрацоўкай арнаменту жаночага касцюма вылучаецца Кобрынскі строй, які бытаваў у краі ў XIX-на пачатку XX стагоддзяў.
Жыхары горада просяць Васіля Жарко запланаваць менавіта ў Кобрыне правядзенне Дня беларускага пісьменства і друку 2019 года. Падпісанты лісту ўпэўнены, што прызначэнне Кобрына сталіцай гэтага рэспубліканскага свята, якое арганізуецца штогод у першую нядзелю верасня, будзе спрыяць духоўнаму адраджэнню кабрынчанаў і пашырэнню ўжывання сярод іх роднай мовы — мовы тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь.