Кобрынскія замалёўкі: Наперад, Юзэфа!

Шляхетную спадарыню Юзэфу Алейнік усе ведаюць і любяць у Кобрыне. Не толькі, як таленавітую харавую дырыжорку. Любяць за дабрыню, велікадушнасць і адданасць справе, за аптымізм, святло і цяпло, якія сыходзяць ад гэтай працавітай, натхнёнай і абаяльнай жанчыны. Вось яе расповяд пра найбольш памятнае ў жыцці.

ju_1_1_logo.jpg

Юзэфа ў юнацтве
Дом
Нарадзілася я на хутары Старыя Буды, што на Ляхавіччыне і ля мяжы з Ганцавіцкім раёнам. Пасярод лясной сонечнай паляны на ўзвышшы стаяў прыгожы прасторны, крыты гонтай доўгі драўляны дом на шэсць светлых пакояў з вялікімі вокнамі, што на ноч зачыняліся аканіцамі. На ўваходзе — высокі ганак з прыступкамі, лавамі і разной стрэшкай на слупах. Ля самага дому месціліся высокі склеп і казачная студня-журавель. Усю гэтую прыгажосць нашага хутара немажліва ўявіць без водару, якім ахутваў паляну квітнеючы бэз, без гоману птушак, якімі спявалі нябёсы, без пахаў родных палеткаў і багатых рыбай лясных азёраў, у якіх адбіваліся бухматыя кароны магутных дубоў, старых бяроз і ліпаў… Прычым кожная пара году надавала акаляючым хутар краявідам непаўторнае, часам нечаканае хараство і водар.  
А непадалёк ад хутару — у Савейках нас з старэйшай сястрой Янінаю зачароўваў старасвецкі палацава-паркавы ансамбль Навіцкіх з элементамі барока і класіцызму. Гэты помнік дойлідства, збудаваны ў канцы XVIII стагоддзя, і па сёння ўражвае старадаўнімі прысадамі з ясеняў і алешын, сістэмай сажалак з выспачкай, альтанкай-камяніцай і арачным мастком, а таксама закінутымі пабудовамі, у тым ліку атынкаваным палацам, што некалі ўпрыгожваў узорысты паркет галандскіх майстроў, і вялізным броварам з камення і чырвонай цэглы…  
Самыя кранальныя згадкі звязаныя з святам Раства, калі ў наш вялікі дом збіраліся ўсе сваякі і за вялікім сталом частаваліся, гутарылі, радаваліся, жартавалі і спявалі, ад чаго нам — дзецям — было дужа весела, прыемна і ўтульна. Любімымі месцамі для нас з сястрою была печ, адкуль, выглядваючы, мы спявалі духоўныя творы, гарышча ў хаце, дзе гулялі ў лялькі, гарышча ў хляве, праз вакенца якога аглядалі надвячоркам прыгожыя краявіды і спявалі, а таксама месца на лавах пад старымі ліпамі, бярозамі і дубамі, дзе вечарам сустракалі кароў з пашы і развітваліся з сонейкам…
На жаль, пасля скону бацькі мы з’ехалі з нашай сядзібы, зараз там поле, а трэба было б гэтае месца неяк пазначыць для нашчадкаў — хоць памятным камянём з невялікім тэкстам пра тое, што тут на лясным хутары Старыя Буды некалі жыла нашая сям’я. У мяне дагэтуль сэрца шчыміць, калі праязджаем полем ля месца нашага былога хутару…

Бацькі


Мая маці Ірына — з багатага роду беларускай шляхты Вішнеўскіх, які меў вялікую конеферму ў Цапрах пад Баранавічамі. Маці, як і бабця, шмат чытала, добра вышывала і вязала карункі. З небагатай шматдзетнай сям’і паходзіў бацька Вікенці Бурнель, якога ўсе звалі майстар-залатыя рукі, бо ён усё умеў — быў не толькі добрым земляробам, але і выдатным бондарам, цесляром, сталяром і шаўцом. З бацькам мы хораша сябравалі, можа таму, што ён мяне вельмі любіў, часьцяком гутарыў са мною і бавіў час, вучыў шмат чаму, у тым ліку касіць і шыць боты. Мабуць ён хацеў, каб у яго быў сынок, а нарадзілася дзяўчынка. Можа ад бацькоў я пераняла талент краўчыхі і швачкі, вышывальшчыцы і вязальшчыцы. Дарэчы, усё маё адзенне, у тым ліку і верхняя вопратка, пашытае маімі рукамі.  
Бацька з вялікай павагай ставіўся да маёй маці. Прычым гэтая павага праяўлялася не толькі ў словах, але і ва ўчынках. Ня памятаю, каб тата павышаў голас на маці. Ён заўжды клапаціўся пра яе і ня толькі дапамагаў маці ва ўсіх хатніх справах, але і ўставаў уначы, каб дагледзець нас — немаўлят. Я заўжды марыла пра такога мужа, як мой бацька Вікенці. Сям’я нашая жыла з адказным стаўленнем да працы і з Богам, таму па выходных мы ніколі не працавалі, а хадзілі ў касьцёл.    
Аднак заможнае жыццё скончылася, калі бацька памёр, пакінуўшы нас чацвярых з немаўляткам — малодшай сястрычкай Галінай. Вось чаму мы вымушаныя былі пакінуць свой такі любы хутар і пераехалі ў Тальмінавічы, што на Ляхавіччыне. На новым месцы патроху абжываліся, маці, якая атрымлівала ўсяго 12 рублёў пенсіі, пайшла працаваць у калгас, хутка нам далі новую кватэру, дапамаглі і бацькавыя сёстры. А духоўна нас падтрымала парафія касьцёлу ў Мядведзічах, які наведвала з маленства.  

Настаўнікі і вучні

З сям’ёй (1996)

З сям’ёй (1996)

З дзяцінства ў мяне была вялікая прага да ведаў. І таму дзе б ні вучылася — у школе, Гродзенскай культурна-асветнай вучэльні ці Мінскім інстытуце культуры — паўсюдна цягнулася да цікавых, як асобы, педагогаў, якія былі людзьмі глыбокімі і разважлівымі, шмат чаго ведалі, маглі данесьці свае веды да вучняў і добра, як бацькі, да нас ставіліся. Узгадваю імёны школьных настаўнікаў Яўгена Яўгенавіча Гадуна, Сабіны Казіміраўны Дыдышка і Разаліі Ігнатаўны Крыцкай, выкладчыкаў харавога дырыжыравання ў культасветвучэльні Уладзіміра Паўлавіча Радаліцкага і гісторыі ў інстытуце культуры Яўгеніі Іванаўны Шкляр.
На ўсё жыццё запомніла свой першы працоўны дзень. Паколькі скончыла вучэльню з адзнакай, атрымала вольны дыплом і 19-гадовай дзяўчынай прыехала шукаць працу ў Ганцавічы, з якімі звязаны ўспаміны дзяцінства. Аднак з райцэнтра мяне накіравалі дырэктарам дома культуры ў вёску Дзяніскавічы. На дыскатэку ў танцавальную залу толькі адрамантаванай вялікай камяніцы дому культуры сабралася поўна моладзі з трох навакольных вёсак, каб паглядзець на новую дырэктарку. Але чамусьці адключылася электрычнасць і не было як круціць грампласцінкі на радыёле. А на маё «Ціха, усё пад кантролем!» моладзь крычыць «Давай танцы! Танцы давай!». Урэшце, пасля маіх словаў «Танцаў не будзе, бо згарэла апаратура. Усе разыходзімся, танцы будуць у наступную нядзелю», вяскоўцы пачалі абурацца «Як гэта так, ты прыехала кіраваць і не можаш арганізаваць нам танцы?».

На рэпетыцыі

На рэпетыцыі

Хутка ўцяміла, што мясцовыя спецыяльна адключылі электрычнасць, каб паглядзець маю рэакцыю. Нягледзячы на такі канфуз у першы дзень працы, цэлая чарга хлопцаў спаборнічала за тое, каб правесці мяне дахаты. Аднак мне было да слёз крыўдна, таму выбачылася «Паважаныя хлопцы, ні з кім я сёння не пайду!», і хутчэй пабегла дахаты з апаскай, як бы гэтыя квалеры мяне не пабілі. Але ўсё абышлося, прыбегла, перахрысцілася і пайшла адпачываць. А на настуцпны дзень старшыня сельсавету Уладзімір Уладзіміравіч Свірыд дапамог падключыць электрычнасць і пачалася мая праца. Праз колькі дзён ужо арганізавала школьны хор і ансамбль, з якім спявала на танцах, пачала працаваць бібліятэка. Пайшлі першыя канцэрты і першыя ўзнагароды за працу. Пасля заканчэння інстытута культуры 38 гадоў кіравала самадзейнымі харамі спачатку ў Драгічынскім раённым доме культуры, а затым ў Кобрыне — на кансервавым заводзе і ў прафтэхвучэльні лёгкай прамысловасці №153.  
Сярод вучняў, якія найбольш засталіся ў памяці, — Іван Гузюк і Марына Ахрамук — навучэнцы прафтэхвучэльні лёгкай прамысловасьці. Яны не толькі добра вучыліся, прыгожа спявалі і сур’ёзна ставіліся да заняткаў у харавым калектые, але былі маімі лепшымі памочнікамі ў пазакласнай працы з дзецьмі. Паколькі Іван і Марына заўжды былі ў курсе ўсіх падзеяў і планаў, што тычыліся нашага хору, яны маглі хуценька прабегчы па ўсіх навучальных групах і аператыўна сабраць калектыў мастацкай самадзейнасці. Апроч таго, я заўжды абапіралася на гэтых вучняў пад час шматлікіх вандровак для ўдзелу ў канцэртах, аглядах, конкурсах і фэстах. Тых грамат, дыпломаў і падарункаў, што атрымалі мае хары ў горадзе, раёне і Брэсцкай вобласці, прыдасца на цэлы музей…

Унучка Ксенія

Унучка Ксенія

Зараз працую з слухачамі Кобрынскага ўніверсітэту залатога ўзросту, для папулярызацыі народных мастацкіх традыцый абмяркоўваю мажлівасць стварэння музычнага фолк-гурту «Кобрынскі строй» з дзіцяча-юнацкай філіяй.  
Усе поспехі ў маёй працы немажліва ўявіць без надзейнай дапамогі мужа — баяніста-акампаніятара. Разам з Яўгенам, які родам з Кобрыншчыны, ідзем па жыцці, пачынаючы з вучобы ў Мінскім інстытуце культуры. Бацькоўская любоў да музыкі перадалася сынам — Аляксандру і Яўгену, якія атрымалі музычную адукацыю па класах, адпаведна, кларнета і баяна. Прычым, Яўген зараз кіруе ансамблем народных інструментаў ў вёсцы Клейнікі Брэсцкага раёну.  

Мяне ўсе любяць


Мяне ўсе любяць, бо я сама ўсіх люблю, як саму сябе. Усім дапамагаю, усё прабачаю, нікому не зайздрошчу, слабых шкадую, імкнуся людзей не крыўдзіць, а крыўды іншых хутка забываю. Таму паўсюдна, дзе б ні працавала, у мяне складаліся добрыя адносіны з людзьмі, якія мне заўжды давяраюць.
Сябе лічу шчаслівай. Рана ўстаю і нават калі мне не зусім добра, падыходжу да люстэрка і сама сабе гавару «Юзэфа, наперад! Вышэй нос, усё будзе добра!». А калі ёсць нейкія праблемы, кажу сваім сваякам «У нас усё нармальна!», бяру ў рукі бубен ці барабан, спяваю, і вось я ўжо — душа кампаніі. А як інакш? Песімізм і маркота — гэта не пра мяне. Жыццё само па сабе вельмі каштоўнае і хуткае, а журба толькі яго скарачае.    

Аўтарскае пасляслоўе

ju_5_logo.jpg


Калі гутарыў з спадарыняй Юзэфай, чамусьці прыгадалася старонка з біяграфіі выбітнай польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч, якая 57 гадоў жыла і стварала ў сваім маёнтку Грушава, што на Кобрыншчыне.
Пісьменніца любіла розныя сентэнцыі, у прыватнасці, для наведнікаў сваёй сядзібы вывесіла «Дэкалог» (10 запаветаў). Зроблена гэта было для таго, каб госці захоўвалі цішыню і спакой, былі занятыя справай на карысць сабе, не чынілі бязладдзя, не парушалі ўсталяваны парадак, не гутарылі пра злое, пустое і глупства, пра хваробы, крымінал, калецтвы, сум, смерць, злосна не жартавалі, не пракліналі, захоўвалі сяброўства, ветлівасць, павагу, не выказвалі трывогі, каб спадзяваліся больш на міласць Божую і блаславенне Усявышняга, трымалі душу і сэрца шчырымі, цёплымі і адчыненымі адзін да аднаго. Заканчваліся запаветы біблейскім словам «Амін!», што літаральна азначае «Ісціна!».
Пры поглядзе на спадарыню Юзэфу ўзгадаліся словы выбітнага рускага празаіка Уладзіміра Максімава пра тое, што таленавіта зробленая справа заўжды пазначае асаблівай пячаткай твар свайго майстры.
Вось чаму такія людзі, як Юзэфа Алейнік, з гадамі становяцца ўсё больш прыгажэйшымі…


Іншыя артыкулы цыклу «Кобрынскія замалёўкі»