Іспанка, маці 18 дзяцей, прэзэнтуе кнігу на беларускай мове

Маці васямнаццаці дзяцей прэзэнтуе сваю кнігу «Як жыць шчасліва ў сям’і з 1,2,3... дзецьмі?», якая толькі што выйшла на беларускай мове.—

31c60629_9a0f_4775_9d99_ffaa8f9f4f18.file


У сям’і Пасціга-Пік нарадзілася 18 дзяцей, іспанскія сужэнцы — самая шматдзетная пара Еўропы з дзецьмі школьнага ўзросту. Яны сталі героямі шматлікіх газетных публікацый і тэлеперадач, а 51-гадовая Роза Пік нядаўна напісала кнігу, у якой распавядае пра сваё жыццё й на асабістым досведзе паказвае, як быць шчаслівым у сям’і.
У 2016 годзе па ініцыятыве сужэнскай пары з гомельскай парафіі, знаёмай з іспанскай сям’ёй, кнігу пераклалі на беларускую мову й выпусцілі ў выдавецтве Гарадзенскай дыяцэзіі. Пераклад з іспанскай выканала Юлія Шэдзько, таксама над тэкстам працавала вядомая іспанка, якая ў дасканаласці вывучыла беларускую мову й піша на ёй вершы – Анхела Эспіноса. Дарэчы, Роза Пік бясплатна перадала ўсе правы на выданне яе кнігі й адмовілася ад ганарару.
Хасэмарыя Пасціга і Роза Пік  наведаюць Беларусь 25-27 лістапада 2016 года. Як адзначыла ў інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё адна з арганізатараў прыезду іспанцаў, гомельская парафіянка Алена Германовіч, сустрэча з вядомымі сужэнцамі стане добрым мэсэджам для мясцовых сем’яў.
«Мы гасцявалі ў іх сям’і, бачылі іх жыццё знутры, іх стасункі з дзецьмі, тое, з якой ахвярнасцю, любоўю і радасцю яны клапаціліся адзін аб адным і аб нас таксама. Гэта сапраўды шчаслівая сям’я, якая жадае падзяліцца сваім шчасцем з іншымі, паказаць, што быць бацькамі – гэта не цярпенне, ня крыж, а радасць, што можна атрымліваць асалоду ад жыцця ў сям’і. Роза казала, што мэта яе кнігі – паказаць вельмі простыя рэчы, якія можна штодня практыкаваць ва ўласнай сям’і й цудоўна бавіць час, маючы аднаго, двух, трох і болей дзяцей», — распавяла арганізатар.
25 лістапада прэзэнтацыя з удзелам сужэнцаў Пасьціга-Пік пройдзе ў Мінску ў 18.00 у памяшканні «Тартак» на вуліцы Магілёўская 2, корпус 2 (ст. метро «Інстытут культуры»). Таксама госці з Іспаніі прымуць удзел у св. Імшы ў касцёле св. Сымона й св. Алены. На 26 лістапада запланавана іх сустрэча ў Гомелі, якая адбудзецца ў зале гатэля «Надзея», пачатак — у 14.00.
Кнігу можна будзе набыць падчас прэзентацый. Таксама яе плануецца рэалізоўваць у каталіцкіх парафіях Мінска, Гомеля, Віцебска, Горадні й іншых гарадоў, у сталічнай краме «Духоўная кніга» па адрасе Багдановіча, 25.
Паводле Польскае Радыё