Арлоў, Хадановіч, Дубавец перакладуць творы Алексіевіч на беларускую

Пяць кніг Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову выйдуць у выдавецтве Ігара Логвінава. Перакладчыкамі выступяць вядомыя ў беларускім літаратурным асяроддзі людзі ― пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, публіцыст Сяргей Дубавец, філосаф Валянцін Акудовіч і іншыя.

aleksievich_2.jpg

Некаторыя фрагменты перакладаў публікуе Еўрарадыё

"Цынкавыя хлопчыкі", пераклад Андрэя Хадановіча:


"Я іду адна… Цяпер мне наканавана доўга ісці адной… Ён забіў чалавека… Мой сын… Кухоннай сякеркай, я ёй мяса рубала. Вярнуўся з вайны і тут забіў… Прынёс і паклаў сякерку назад, у шуфлядку, дзе ў мяне посуд захоўваецца. Здаецца, у той самы дзень я адбіўныя яму прыгатавала… Праз нейкі час па тэлебачанні абвясцілі і ў вечаровай газеце напісалі, што рыбакі вылавілі ў гарадскім возеры труп… Па кавалках…"


"Чарнобыльская малітва", пераклад Уладзіміра Арлова:


"На чарнобыльскай зямлі шкада чалавека. Але яшчэ больш шкада звера… Я не агаварылася. Зараз патлумачу… Што заставалася ў мёртвай зоне пасля таго, як сыходзілі людзі? Старыя пагосты і біямагільнікі, так называюць могілкі для жывёлы. Чалавек ратаваў толькі сябе, усім астатнім ён здрадзіў, пасля ягонага ад’езду ў вёскі заходзілі салдаты або паляўнічыя і расстрэльвалі жывёл. А сабакі беглі на чалавечы голас… і каты…І коні таксама нічога не маглі зразумець…"

"У вайны не жаночае аблічча", пераклад Валянціна Акудовіча:


"Я думаю аб тым, што, пэўна, сёння пыталася б пра іншае і чула б іншыя адказы. І напісала б іншую кнігу, не зусім іншую, але ўсё-такі іншую. Матэрыялы (з якімі я маю справу) – жывыя сведчанні, што не застыгаюць, як ахаладзелая гліна. Не моўкнуць. Яны іначацца разам з намі. Аб чым я найперш пыталася б цяпер? Чаго хацела б дадаць? Мяне б моцна цікавіў… шукаю слова… біялагічны чалавек, а не толькі чалавек часу і ідэі. Я паспрабавала б зазірнуць глыбей у чалавечую прыроду, у цемрадзь, у падсвядомае. У таемнасць вайны".