Давайце святкаваць угодкі Слуцкага збройнага чыну як Каляды
Гадавіну Слуцкага паўстання адзначаюць 27 лістапада, калі ў 1920 годзе пачаліся баі з чырвонаармейцамі. Між тым, ёсць іншыя даты, якія дазваляюць «расцягнуць» ушанаванне паўстанцаў на пэўны перыяд.
14–15 лістапада адбыўся Першы беларускі з’езд Случчыны, на якім была абраная Беларуская Рада, і ёй даручана рыхтаваць узброены супраціў Чырвонай арміі. 21 лістапада 1920 года Беларуская рада Случчыны выдала дэкларацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». Таму святкаваць можна 2 тыдні, з 14 лістапада да 27-га, і потым яшчэ згадваць да 31 снежня, калі апошні жаўнер перайшоў савецка-польскую мяжу і быў раззброены палякамі.
Пасля 27 лістапада слуцкія жаўнеры гінулі, часам цэлымі аддзеламі, як пад мястэчкам Вызна, цярпелі ад недахопу зброі, правіянту, эпідэміі тыфу… Перыяд супадае з постам і ў праваслаўнай, і ў каталіцкай традыцыі. Гэта час падумаць пра вечнае і пра ўласную душу… Чаму б ні падумаць яшчэ і пра продкаў, што паклалі сваё жыццё за Беларусь?
Прадстаўнікі «Беларускага гістарычнага таварыства» Алесь Краўцэвіч і Алег Латышонак, а таксама кіраўнік «Беларускай Нацыянальнай Памяці» Анатоль Міхнавец заклікаюць беларусаў ушанаваць памяць слуцкіх паўстанцаў, запаліўшы 27 лістапада ў іх гонар знічкі ў вокнах. Файная ініцыятыва! А я б заклікала запальваць ад 14 лістапада і да 31 снежня. На першы погляд, такі «расцягнуты сум» неспалучальны з навагоднімі гірляндамі, але ўшанаванне продкаў на святы — істотная частка беларускай традыцыі.
Каб не абмяжоўваць ушанаванне Слуцкага паўстання толькі знічкамі, можна пачытаць вечарамі ў сямейным ці сяброўскім коле творы яго ўдзельніка Алеся Змагара (вершы ці прозу, каму што бліжэй), «Нічые» Андрэя Федарэнкі ці «На чорных лядах» Васіля Быкава, прысвечаныя тым падзеям. Для аматараў дакументальнай прозы — успаміны ўдзельнікаў паўстання, нарыс Анатоля Грыцкевіча і зборнік «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах». Можна аднавіць песні, што спявалі паўстанцы ці паглядзець, як інтэрпрэтуюць тыя падзеі сучасныя музыкі.
Не забудзьма слуцкіх паўстанцаў!