Час супрэматызму: «Луч» і А1 рыхтуюць да выпуску лімітаваную калекцыю наручных гадзіннікаў UNOVIS

У 2020 годзе ў Беларусі адзначаецца 100-годдзе знакамітага творчага аб’яднання УНОВІС, заснаванага ў Віцебску па ініцыятыве Казіміра Малевіча. У падтрымку праекта #UNOVIS100 «Луч» у супрацоўніцтве з кампаніяй А1 выпусціць лімітаваную калекцыю гадзіннікаў UNOVIS. 

unovis_color_logo.png

Па ініцыятыве А1 да дзвюх мадэляў, выбраных раней Мінскім гадзіннікавым заводам па выніках уласнага конкурсу, будзе дададзена яшчэ адна – з выкарыстаннем белага, чырвонага і чорнага колераў.

Цыферблат і стрэлкі ў гэтай серыі утвараюць кампазіцыю з геаметрычных форм рознага памеру. У іх лёгка пазнаюцца фірмовыя колеры і фігуры, што вылучалі работы выбітных мастакоў XX стагоддзя: Казіміра Малевіча, Лазара Лісіцкага, Мікалая Суеціна, Лазара Хідэкеля, Давіда Якерсона і іншых удзельнікаў творчага аб’яднання з Віцебска, якія сто гадоў таму прадставілі новы кірунак у мастацтве – супрэматызм. Дзякуючы таму, што стрэлкі ў выглядзе фігур знаходзяцца ў пастаянным руху, агульная кампазіцыя на цыферблаце таксама ўвесь час мяняецца і цягам дня паўтараецца толькі адзін раз.

Дызайн калекцыі наручных гадзіннікаў UNOVIS у супрэматычным стылі распрацаваны брэсцкай студыяй «Графіт» (аўтар – Уладзіслаў Радомскі). У продаж лімітаваная серыя «Луча» ў партнёрстве з А1 паступіць у ліпені 2020 года. Мадэль будзе прадстаўлена ў трох колеравых рашэннях – па 250 экзэмпляраў кожная.

Даведка

Праект #UNOVIS100 рэалізуецца пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO у Беларусі. У рамках гэтай праграмы да 100-годдзя УНОВІСа ў лютым 2020 года ў Віцебску адкрылася выстава Давіда Якерсона, была прэзентавана спецыяльная серыя  мастацкіх канвертаў да юбілею аб’яднання, а таксама прайшла прадстаўнічая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, сабраўшая даследчыкаў гісторыі і дзейнасці УНОВІСа з Беларусі, Германіі, Нідэрландаў і Расіі. У Мінску да 15 красавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе першая ў краіне выстава Лазара Хідэкеля «Нас зразумеюць праз сто гадоў».