Барды Рэспубліка Паліна і Сяргей Башлыкевіч зайгралі ў Лошыцкім парку (фотарэпартаж)

Каля ста чалавек сабраў «вулічны кватэрнік» бардаў Рэспублікі Паліны і Сяргея Башлыкевіча, што адбыўся 10 ліпеня ў Лошыцкім парку. Увечары людзі сабраліся каля аднаго з уваходаў у парк, а потым ўвесь натоўп рушыў да невялікай паляны, на якой музыкі выступілі ў цёплай сяброўскай атмасферы.



5a794da4f056dcd732eb706e9ef991d7.jpg

Арганізатар канцэрту Ганна праводзіць у Мінску вялікую колькасць кватэрнікаў. Паводле яе слоў, ідэя арганізаваць канцэрт на свежым паветры з’явілася даўно:

— Думка правесці канцэрт на вуліцы яшчэ з мінулага лета вісела ў паветры. Зараз у кватэрах вельмі горача, і таму мінулы «кватэрнік» мы правялі ў двары. А ў гэты раз Паліна прапанавала сабрацца ў Лошыцкім парку. Мы з Сяргеем пагадзіліся.

Праўда, Ганна не чакала, што імпрэза збярэ так шмат гледачоў. У сацыяльнай сетцы «УКантакце» аб сваім удзеле заявілі больш за 200 чалавек. Ведаючы нелюбоў уладаў да несанкцыянаваных мерапрыемстваў, музыкі разам з арганізатарам захваляваліся. Праўда, ў выніку было вырашана нічога не мяняць:

— Мне не хацелася прывесці людзей туды, дзе іх «запакуюць», — расказвае Ганна. — Але кватэрнікі — гэта стыхійная з'ява, і дазвол на яе не патрэбны. Ну разагналі, значыць разагналі. А мяняць месца ўдзень азначала «кінуць» палову людзей, бо яны б проста не даведаліся пра перанос. Таму мы вырашылі пакінуць усё так, як было.

Першым у гэты вечар зайграў Сяргей Башлыкевіч. Яго выступ дзяліўся на сімвалічныя рускамоўныя і беларускамоўныя часткі. Потым была яшчэ і «трасяначная»: Сяргей Башлыкевіч заспяваў іранічную песню пра тое, як «бацька» паехаў глядзець фінал чэмпіянату Еўропы па футболе.

Хэдлайнерам стала Рэспубліка Паліна. Яна прадэкламавала некалькі вершаў, і пачала дзяліцца сваімі ўражаннямі ад нядаўняй паездкі ў Кіеў. Але потым раптам перадумала:

— Ай, да чаго я ўсё гэта расказваю?! Мне маці кажа: «Што ты заўсёды трындзіш? Спявай лепей!»

І сапраўды, яе спевы зачароўвалі публіку куды болей. Рэспубліку Паліну яшчэ доўга не хацелі адпускаць з імправізаванай сцэны. «Вось так заўжды: ніхто пра мяне не думае, пра тое, як мне цяжка будзе!», — жартаўліва пакрыўдзілася яна, але выступ не скончыла. На радасць публіке прагучаў цэлы шэраг вядомых песень.

Канцэрт не абмінулі ўвагай і міліцыянты: яны некалькі разоў падыходзілі да імправізаванай канцэртнай пляцоўкі, але людзей не чапалі. А напрыканцы канцэрту праехалі міма натоўпу на аўтамабілі. Гледачы дружна праводзілі іх апладысментамі.

— Мне б вельмі хацелася працягнуць сустрэчы ў такім фармаце, — расказала Ганна напрыканцы мерапрыемства. — Але на рэшту лета я з'язджаю. Таму ўвосень, калі будзе цёпла, можна будзе зладзіць нешта падобнае.

Але, відаць, без канцэртаў на свежым паветры людзі не застануцца: станоўчы досвед гэтай імпрэзы натхніў на правядзенне такіх «вулічных кватэрнікаў» іншых людзей. Напрыклад, музыка Міхаіл Міхайлоўскі таксама збіраецца зладзіць канцэрт на вуліцы. Ён прапануе патэнцыйным наведнікам самім падказаць варыянты месца, дзе можна правесці такі канцэрт, вызначаючы толькі два важныя крытэры: адсутнасць міліцэйскіх патрулёў і жылых будынкаў побач.