Аптычны феномен
22 жніўня на ўрачыстасці ў гонар каранацыі абраза Божай Маці Валадаркі азёр у Браславе назіраўся аптычны феномен. Праз некаторы час пасля таго, як на цудатворны абраз былі накладзены папскія кароны, у небе ўзнікла гало — светлавое кола вакол Сонца.
22 жніўня на ўрачыстасці ў гонар каранацыі абраза Божай Маці Валадаркі азёр у Браславе назіраўся аптычны феномен. Праз некаторы час пасля таго, як на цудатворны абраз былі накладзены
папскія кароны, у небе ўзнікла гало — светлавое кола вакол Сонца.
У гэты час пад адкрытым небам, на плошчы каля мясцовага касцёла ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, ішла літургія на чале з кардыналам Ёахімам Майснерам, мітрапалітам Кёльнскім. Незвычайная
атмасферная з’ява, якая нагадвала вясёлкавую карону, або святлівы німб вакол Сонца, прыцягнула ўвагу многіх вернікаў.
Паводле розных ацэнак, браслаўскай святыні пакланіліся ад пяці да дзесяці тысяч чалавек. Некаторыя паломнікі прыйшлі ў Браслаў пешкі. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел 31 іерарх каталіцкай царквы з
Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША, прыблізна 200 святароў, у тым ліку прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы і Віцебскай епархіі Рускай
праваслаўнай царквы, а таксама паслы і прадстаўнікі дыпламатычных місій Індыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Славакіі, Польшчы.
Абрад каранацыі праходзіў на часовым алтары ў форме карабля даўжынёй 32 метры, усталяваным у двары касцёла. На мачце алтара быў устаноўлены крыж вышынёй 22 метры. Абраз Божай Маці Валадаркі азёр
знаходзіўся на невялікай яхце пад белымі ветразямі і быў нават здалёк добра бачны ўсім удзельнікам свята.
Гало звычайна з’яўляецца вакол Сонца або Месяца, часам вакол магутных крыніц святла, такіх, як вулічныя агні. Вучоныя тлумачаць гэта знаходжаннем ледзяных крышталёў у перыстых аблоках на
вышыні 5–10 кіламетраў у верхніх слаях трапасферы.
Даўней гало, як і іншым нябесным з’явам, прыпісвалася містычнае значэнне, што пацвярджаюць летапісы. Так, у «Слове пра паход Ігаравы» расказваецца, што перад наступленне
полаўцаў і паланеннем князя Ігара «чатыры сонцы заззялі над рускай зямлёй» — гэта было ўспрынята як знак надыходу вялікай бяды. У народзе гало і падобныя да яго аптычныя
з’явы выкарыстоўваліся для прадказання надвор’я. Згодна з прыкметамі, калі вакол Сонца або Месяца з’яўляюцца светлыя колы, дугі, плямы, слупы, значыць будзе дождж.
Таццяна Чабатарова, БелаПАН