Алесь Камоцкі падорыць сябрам лета

Прэзентацыя зборніка песень «Забірай маё лета», а таксама музычны канцэрт з удзелам Алеся Камоцкага і ягоных сяброў-музыкаў адбудзецца ў музеі Янкі Купалы 15 чэрвеня.

kamocki_morkvacviet_liava_arciom_12_logo.jpg


Паэт і бард Алесь Камоцкі, якому днямі споўнілася 59 гадоў, вырашыў адзначыць свой дзень народзінаў нестандартна. Ён робіць шчодры падарунак прыхільнікам сваёй  творчасці. На цудоўны музычны вечар уваход вольны! Пачатак а 19-й гадзіне.

kamocki_vokladka.jpg


Зборнік «Забірай маё лета» быў падрыхтаваны ў 2014 годзе, але выходзіць у свет толькі зараз. Падчас прэзентацыі мініяцюрнай кнігі Алесь Камоцкі ладзіць канцэрт у экстравагантным, ім самім вынайдзеным фармаце «для сяброў». Гэта значыць, што сябры будуць не толькі размяшчацца ў глядацкіх крэслах, але і па чарзе з бардам выконваць свае песні.
«Па-першае, там будзе граць капэла Алеся Лася, выконваць песні Алеся Сівохіна, Кася Камоцкая, Іна Перасецкая-Малаковіч. Фармат канцэрта для сяброў мае на ўвазе не толькі сяброў-гледачоў, але і сяброў выканаўцаў. Я буду выконваць збольшага пераклады лірычных песень з розных моваў, бо менавіта яны складаюць аснову новага зборніка», — паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам НЧ Алесь Камоцкі.
Па словах барда, на канцэрце будуць выконвацца «Проглас да Евангелля» Канстанціна Прэслаўскага, які напісаны 1000 год таму, «Besame mucho» Кансуэлы Веласкес, пераклад верша Бэлы Ахмадулінай «А напоследок я скажу», песня на музыку «Развітанне славянкі», пераклады ірландскіх балад ды іншыя лірычныя творы.