450-годдзе Брэсцкай (Радзівілаўскай) Бібліі

Адзначылі 4 чэрвеня ў Мінску, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэмі навук Беларусі.



bb_1_logo.jpg

Куратар выставы, загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі, кандыдат гістарычных навук Алена Цітавец распавяла, што гэты польскамоўны пераклад Святога Пісання з’яўляецца адным з найкаштоўнейшых старадрукаў, які захоўваецца ў фондах бібліятэкі.

Паводле яе слоў, гэтае прасякнутае верай і надзеяй на неўміручасць чалавека шыкоўнае амаль дзевяцьсотстаронкавае выданне са шматлікімі цудоўнымі гравюрамі нямецкага гравёра Альбрэхта Альтдорфэра — вучня вялікага Альбрэхта Дзюрэра, было здзейснена па ініцыятыве некаранаванага караля Вялікага Княства Літоўскага, канцлера ВКЛ і віленскага ваяводы Мікалая Крыштофа Радзівіла Чорнага, які не пашкадаваў 10 тысяч залатых дукатаў на наклад кнігі ў 500 паасобнікаў, што пабачыў свет у 1563 годзе ў Брэсцкай друкарні — найстарэйшай на тэрыторыі Беларусі.

“Пасля смерці аўтара ідэі выдання частка кніг трапіла ў бібліятэку Віленскага евангеліцка-рэфармацкага сіноду. Сярод быў і асобнік, які ў 1975 годзе быў падараваны бібліятэцы ў гонар яе 50-годдзя ад калегаў з акадэмічнай бібліятэкі Літвы. Гэтае выданне з’ўляецца адзным з нямногіх, што надрукаваны ў Брэсцкай друкарні і захоўваюцца ў айчынных фондах”, — сказала Цітавец. Паводле яе слоў, да нашага часу дайшлі каля 100 паасобнікаў Брэсцкай Бібліі, якія з гістарычных абставін захоўваюцца ў Расіі, Польшчы і Літве, і толькі адзін — на радзіме, у Беларусі.
 

Наведвальнікі бібліятэкі змогуць пабачыць гэты вялікі цяжкі рарытэт са шматлікімі заўвагамі на польскай мове і з сімвалічнымі малюнкамі, адчуць прыгажосць яго мастацкага аздаблення, даведацца пра лёс фаліянту. Разам з ім выстаўлены даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў, прысвечаныя ўнікальнаму старадруку, а таксама электронная выданне з поўнай алічбаванай копіяй Брэсцкай Бібліі.

Вядомы даследчык гісторыі беларускіх кнігадрукаў XVI-XVIII стагоддзяў, загадчык аддзела Інстытуту гісторыі НАН Б, доктар гістарычных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгій Галенчанка падкрэсліў, што Брэсцкая Біблія з’яўляецца першым поўным тэкстам Святога Пісання, надрукаваным у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Паводле ягоных слоў, гэты не пераўзойдзены дагэтуль шэдэўр беларускага кнігадрукавання, створаны ў эпоху Рэфармацыі ў традыцыях Рэнесансу, ацэньваецца коштам каля 250 тысяч даляраў ЗША. Даследчык звярнуў увагу на тое, што ні адзін з старадрукаў не захаваўся ў такой колькасці, як Брэская Біблія, а таксама на тое, што кніга была выдадзена ў гады найвышэйшага ўзлёту рэфармацыйнага руху на Беларусі.

Загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Аляксандр Сцефановіч, загрыміраваны пад Мікалая Крыштофа Радзівіла Чорнага, унёс святочны торт у гонар юбіляра і ўручыў ўсім выступоўцам пасведчанні ганаровых наведвальнікаў бібліятэкі.

Госці свята прынялі ўдзел у кніжнай латэрэі, арганізаванай супрацоўнікі бібліятэкі.

Фрагмент Брэсцкай Бібліі

bb_2_logo.jpg


Партрэт Мікалая Крыштофа Радзівіла Чорнага з кнігі «Перегрынацыя, альбо паломніцтва ў Святую зямлю», Кракаў, 1628.

bb_3_logo.jpg

Электроннае выданне Брэсцкай Бібліі.

bb_4_logo.jpg

Аляксандр Сцэфановіч ў ролі М.К.Радзівіла Чорнага.

bb_5_logo.jpg

Алена Цітавец распавядае пра выставу.

bb_6_logo.jpg

Выступае Георгій Галенчанка.

bb_7_logo.jpg

Удзельнікі дня народзінаў кнігі.

bb_8_logo.jpg