Дзесяць гадоў таму не стала Васіля Быкава

Народны пісьменнік Беларусі, адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, памёр 22 чэрвеня 2003 года ў 20.15 у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнай клінікі ў Бараўлянах, праз тры дні пасля таго, як яму споўнілася 79 гадоў.



bykov_big.jpg

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыўшы восем класаў вясковай школы, год адвучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай вучэльні, якую  змушаны быў пакінуць з-за скасавання стыпендый. У чэрвені 1941 года экстэрнам здаў іспыты за 10 клас сярэдняй школы.
 

Вайна заспела Быкава ва Украіне, дзе ён браў удзел у абарончых працах. Падчас адступлення, у Белгарадзе, адстаў ад сваёй калоны і быў арыштаваны і ледзь не расстраляны як нямецкі шпіён. Ваяваў у складзе армейскага інжынернага батальёна.

Зімой 1941—1942 гадоў жыл на станцыі Салтыкоўка і ў горадзе Аткарску Саратаўскай вобласці, вучыўся ў чыгуначнай школе.

У войска быў прызваны ўлетку 1942-га, скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню. Увосень 1943 году прысвоена званне малодшага лейтэнанта. Браў удзел у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знаменку. Падчас Кіраваградскай аперацыі паранены ў нагу і жывот (памылкова быў запісаны як загінулы); падзеі пасля ранення паслужылі грунтам аповесці «Мёртвым не баліць».
 

Пасля дэмабілізацыі з 1947 года жыл у Горадні. Тады ж пачаў друкавацца. З 1955 да 1972 года працаваў у газеце «Гарадзенская праўда». З 1959 года — чалец Саюза пісьменнікаў СССР. У 1972—1978 гадах — сакратар Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.
 

У 1978 годзе пераехаў у Мінск. У перыяд з 1978 па 1989 гады абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1988 годзе стаў адным з заснавальнікаў БНФ. У 1989 годзе быў абраны дэпутатам з'езда народных дэпутатаў СССР, прэзідэнтам беларускага ПЕН-цэнтра. У 1990—1993 гадах — прэзідэнт Аб'яднання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
 
Вядомасць Васілю Быкаву прынесла аповесць «Трэцяя ракета» (1962 год). У 60-я гады таксама былі апублікаваны  сусветна вядомыя яго аповесці «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць»; у 70-е — «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Пайсці і не вярнуцца». Большасць сваіх твораў Быкаў пісаў па-беларуску, многія з іх сам перакладаў на рускую мову. Яго літаратурныя працы перакладзены на многія мовы свету.

Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Быкаў неаднаразова падвяргаў яго палітыку рэзкай крытыцы, пасля чаго творы пісьменніка перасталі выдаваць на радзіме.
 


З канца 1997 года Быкаў жыў за мяжой. Спачатку па запрашэнні ПЕН-цэнтра Фінляндыі ён жыў у наваколлі Хельсінкі, потым, атрымаўшы запрашэнне ПЕН-цэнтра ФРГ, пераехаў у Германію, пазней — у Чэхію. У Беларусь пісьменнік вярнуўся за месяц да смерці, перанёсшы дзве анкалагічныя аперацыі ў Празе.
Лукашэнка выказаў афіцыйнае спачуванне з нагоды смерці Васіля Быкава, для пахавання пісьменніка была створана дзяржаўная камісія. Аднак у яе склад не ўключылі яго самых блізкіх сяброў, пісьменнікаў Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Апроч таго, насуперак волі сям'і Быкава, улады планавалі правесці вайсковы рытуал пахавання з аховай салдатаў, аркестрам і салютам, забараніўшы пры гэтым працэсію па вуліцах Мінска. Аднак у выніку па патрабаванні родных Быкава жалобную цырымонію 25 чэрвеня правёў Саюз пісьменнікаў, Партыя БНФ і некаторыя іншыя апазіцыйныя арганізацыі. Развітацца з народным пісьменнікам прыйшлі каля 40 тысяч чалавек. Жалобная калона рухалася па праспекце Незалежнасці ад Дома літаратара, дзе адбылося адпяванне, да Усходніх (Маскоўскіх) могілкаў, дзе пахавалі пісьменніка.
Пасля смерці Васіля Быкава прадстаўнікі грамадскасці неаднаразова выступалі з ініцыятывай назваць яго імем вуліцы ў Горадні і Мінску – гарадах, дзе ён жыў. Улады гэтыя ініцыятывы не падтрымалі.
  19 чэрвеня гэтага года, у дзень народзінаў Васіля Быкава і напярэдадні 10-летніх угодкаў яго смерці, прыхільнікі творчасці пісьменніка, яго сябры і знаёмыя прынеслі кветкі на яго магілу.

«Сказаць, што Васіль Быкаў — гэта вялікі чалавек з вялікай літаратуры, занадта проста, — заявіла сакратар Саюза  беларускіх пісьменнікаў паэтка Вікторыя Трэнас. — Хочацца знайсці штосьці глыбейшае, вялікія словы падзякі. Таму што нам сапраўды сёння бракуе людзей, якія маглі б быць паўнавартаснымі прадстаўнікамі нашай нацыі, павесці яе за сабой».
 

«Я, здавалася б, добра ведаў Быкава як чалавека, як пісьменніка, — падзяліўся блізкі сябар пісьменніка, вядомы паэт Генадзь Бураўкін. — Але за гэтыя гады ён ад мяне не аддаляецца, а набліжаецца і адкрываецца ўсё больш і больш як унікальна мудры, унікальна мужны і ўнікальна чалавечны чалавек. Шмат сказана, шмат напісана пра Васіля, але думаю яшчэ дагэтуль шмат не толькі не сказанага, але і не разгаданага. Гэта адбудзецца — Беларусь прачнецца, калі яна хоча застацца Беларуссю».
БелаПАН