Джым Дынглі: «Быкаў раскрыў, што гэта значыць — быць беларусам»

Прафесар Лонданскага ўніверсітэту знаны ангельскі беларусіст Джым Дынглі распавядае пра сваё адкрыццё Васіля Быкава.



fa407931_a0d7_400d_9847_94d20586a174_w640_r1_s.jpg

«Мая першая сустрэча з Васілём Быкавым, зразумела, была з ягонымі творамі, якія я пачаў чытаць у канцы шасцідзясятых — сямідзясятых гадах. Я павінен прызнацца, што ў той час я ня вельмі зразумеў, у чым ягоная веліч і ў чым веліч ягоных твораў.

936f72ac_476b_471a_a7ec_b60f1d85947c_w268_r1.jpg

Джым Дынглі


Другая сустрэча з творамі, але першая сустрэча з самім пісьменнікам, адбылася ў Лондане дзесьці, калі я добра памятаю, у пачатку васьмідзясятых гадоў, калі ён быў у складзе дэлегацыі ад Саюзу пісьменнікаў СССР. Я здолеў выратаваць яго, калі можна так сказаць, ад гэтай дэлегацыі і прывесці яго ў Беларускі цэнтр у паўночным Лондане. Мы змаглі пагаварыць. І я пачаў паволі разумець, у чым мая праблема. А яна ў тым, што я недастаткова яшчэ вывучаў беларускую мову, беларускую літаратуру, увогуле беларускую культуру і беларускі менталітэт, каб зразумець. Для мяне гэтая сустрэча з самім пісьменнікам была адначасова і адкрыццём беларускай культуры.
 


Другі раз я сустрэўся з пісьменнікам у Мінску на пачатку 90-х на кангрэсе Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. З гэтага мае кантакты з Быкавым пачаліся больш-менш стала.


Я павінен сказаць, што я заўсёды перачытваю творы Быкава і ўсё больш бачу сэнс для мяне іншай літаратуры. У нас у Ангельшчыне, а можа на Захадзе ў цэлым, няма такой літаратуры пра Другую ўсясветную вайну, дзе такія пытанні ўзнікаюць. Напрыклад, пытанне маралі чалавечых паводзін, як чалавек павінен паводзіць сябе ў такіх крайніх сітуацыях.


Яшчэ для мяне будуць адкрыцці, бо я не чытаў усёй ягонай неваеннай прозы. Цяпер я чытаю — і зноў адкрыццё іншага Быкава.
 


Так што я думаю, што для мяне значэнне гэтага пісьменніка — што ён мне асабіста раскрыў менталітэт сапраўднага беларускага чалавека і што гэта значыць — быць беларусам. І, у сваю чаргу, я сам сабе задаю пытанне — хто я? І гэта ўсё дзякуючы творам Быкава».

www.svaboda.org