Анатоль Івашчанка і Усевалад Сцебурака разам прэзентуюць свае кнігі
24 чэрвеня ў мінскім паб-клубе “Графіці” (зав. Калініна, 16) адбудзецца супольная прэзентацыя новых паэтычных зборнікаў Анатоля Івашчанкі “Хай так” і Усевалада Сцебуракі “Бег па самаадчуванні”. Абедзве кнігі пабачылі свет у серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Анатоль Івашчанка нарадзіўся ў 1981 годзе ў Мінску. Выпускнік філфака БДУ, кандыдат філалагічных навук — абараніў дысертацыю па паэтыцы Алеся Разанава. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў БНТУ, цяпер — адказны сакратар часопіса "Дзеяслоў". Лаўрэат прэміі "Залатая літара" (2005). Аўтар кніг "Вершnick" (2006), "Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй" (2008). "Хай так" — зборнік, куды ўвайшлі творы, напісаныя цягам апошніх сямі гадоў.
Усевалад Сцебурака — паэт, празаік, блогер. Нарадзіўся ў 1981 годзе ў Жлобіне, з 1998 года стала жыве ў Мінску. Па адукацыі — гісторык. Быў навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры РБ. У 2003—2006 гадах вучыўся ў аспірантуры і працаваў выкладчыкам на кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі ў БДТУ, а таксама ў БДПУ. Першая кніга "Крушня" выйшла ў 2007 годзе. Лаўрэат прэміі "Залаты апостраф" часопіса "Дзеяслоў" у намінацыі "Дэбют" (2004). "Бег па самаадчуванні" — кніга вершаў і празаічных зацемак, напісаных у 2007—2012 гадах.
У прэзентацыі возьмуць удзел:
Наталля Русецкая, Уладзімір Дрындрожык, Віталь Рыжкоў, Гурт “Re1ikt”.
Пачатак у 19:30. Уваход вольны
Запрашаем!
Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, www.lit-bel.org