Жыхары Мазыра і Гомеля паскардзіліся на збіццё ў міліцыі і атрымалі адмовы з аднолькавым тэкстам
11 жніўня ў Гомелі затрымалі Дзмітрыя Лукомскага, а ў Мазыры — Юрыя Чаранкова з жонкай. Яны расказалі пра збіццё і здзекі ў міліцыі і падалі заявы, каб завялі крымінальныя справы. Празь пяць месяцаў яны атрымалі адмовы з аднолькавым тэкстам. Дакументы адрозніваюцца толькі імёнамі, распавядае «Свабода».
Паводле Дзмітрыя Лукомскага, яго білі пры затрыманні і ў
міліцыі дручкамі — па галаве, нагах, калолі іголкамі, прымушалі крычаць «Я
люблю міліцыю».
«Вакол быў жах, усюды валяліся выбітыя зубы, людзі крычалі,
стагналі, усе ляжалі на падлозе тварам уніз, і іх білі», — апавядаў ён.
З ізалятара часовага ўтрымання, куды ён трапіў без
прытомнасці, ён выйшаў «увесь сіні». Ён падаў скаргу ў Следчы камітэт.
Юрася Чаранкова затрымалі разам з жонкай у Мазыры 11 жніўня.
Ён апавядаў «Палескай вясне» пра здзекі і катаванні ў Мазырскім РАУС.
«Білі моцна пасля затрымання. Білі ў аднапавярховым
будынку, дзе месціцца крымінальна-выканаўчая інспекцыя, насупраць асноўнага
корпусу Мазырскага РАУС», — сцьвярджаў жыхар Мазыра. Ён сказаў, што ў аддзеле
здзекаваліся і з ягонай жонкі, якая працуе настаўніцай.
Юрась Чаранкоў падаў заяву на збіццё ў Следчы камітэт.
Але крымінальную справу распачалі на яго паводле артыкула 369 Крымінальнага
кодэкса — «Знявага прадстаўніка ўлады». Падставай стаў ягоны каментар пра
міліцыю ў адным з мазырскіх тэлеграм-каналаў. Пасля гэтага актывіст з жонкай
быў вымушаны з'ехаць за мяжу.
Што адказаў абодвум Следчы камітэт?
Аднолькавыя адказы жыхарам Гомеля і Мазыра са Следчага камітэту падпісаныя следчым Т. Беларусам. У іх гаворыцца, што:
а) супрацоўнікі Мазырскага РАУС (ці Цэнтральнага ў Гомелі) не ўчынялі супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да заяўнікаў;
б) «неабгрунтаваная фізычная сіла» і спецыяльныя сродкі не
прымяняліся;
в) адкуль з'явіліся траўмы — міліцыі невядома;
г) запісы камер відэаназірання ў памяшканнях АУС не захаваліся;
д) доказаў незаконнага прымянення фізычнай сілы і спецыяльных сродкаў не атрымана.