Жыхарку Мінска, якая перажыла Халакост, пакаралі штрафам на 810 рублёў па артыкуле 23.34

22 снежня 79-гадовую мінчанку Ларысу Соўсь пакаралі штрафам у 810 рублёў за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 6 снежня. Гэта ўдвая болей за яе пэнсію.

663293ab_b3ff_4b1b_9bc5_549e63cde3bf_cx0_cy38_cw0_w1023_r1_s.webp

Сама спадарыня Ларыса на суд не пайшла, яе інтарэсы прадстаўляла адвакатка. Прысуд будуць абскарджваць. Адвакатка пасля суду сказала, што калі б спадарыня Ларыса пайшла на суд, яна вельмі засмуцілася б ад таго, як адбываўся судовы працэс.

Маці журналісткі «Радыё Свабода» Ларысу Соўсь затрымалі падчас «Маршу волі» ў Мінску 6 снежня. Як расказала сама спадарыня Ларыса, яна не ішла на гэты марш і не ўдзельнічала ў ім. У той дзень яна, як звычайна, выйшла пагуляць па сваім раёне. Яна перажыла Халакост, інвалід другой групы, некалькі гадоў таму ёй зрабілі складаную аперацыю, і, каб трымаць сябе ў форме, яна імкнецца больш рухацца і штодня выходзіць на шпацыр.

Яна гуляла па раёне, каля новай станцыі мэтро «Кавальская слабада» пабачыла натоўп і спынілася паглядзець, чаго людзі сабраліся. І раптам людзі сталі ўцякаць, з'явілася шмат сілавікоў з аўтаматамі, праз нейкі час спадарыня Ларыса пачула стрэлы. Калі яна пабачыла, што сілавікі жорстка затрымліваюць людзей, без разбору, інстынктыўна кінулася абараніць маладога мужчыну, стала крычаць: «Забярыце мяне замест яго!» Яе схапілі і павялі да мікрааўтобуса.

Пасля таго, як яе пратрымалі некалькі гадзін у РУУС і адпусьцілі, склаўшы пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, жанчына ноч не магла заснуць ад перажываньняў. «Ну не можа гэтага быць! Проста ў галаве не ўкладваецца. У кожнага чалавека, у кожнага быў бы шок ад таго, што ён бачыць», — казала спадарыня Ларыса.