«Альбо па ўласным, альбо па артыкуле». Нацбанк «развітаўся» з юрыстам пасля яе 15 сутак па 23.34

У дадатак дзяўчыну высяляюць з інтэрната.

nastya_kleshch_dlya_teksta.jpg

«Калі прыйшла на працу пасля таго, як адбыла адміністрацыйны арышт, на маім стале ляжала ўжо напісаная заява на звальненне. Мой кіраўнік сказала, што мы развітваемся альбо па ўласным, альбо па артыкуле», — распавяла TUT.BY Анастасія Клешч, былы юрыст Нацбанка.

З работніцай вырашылі разарваць працоўныя адносіны пасля таго, як суд ёй даў 15 сутак па артыкуле 23.34. У дадатак да гэтага дзяўчыну высяляюць з інтэрната, бо там яна жыве па хадайніцтве наймальніка.

Насця адпрацавала ў Нацбанку ўсяго 2,5 месяца. За апошнія 4 месяцы на дзяўчыну двойчы складалі пратакол па артыкуле 23.34 — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, і адзін раз па 23.4 —Непадпарадкаванне пры затрыманні.

— Першы раз мяне прыцягнулі за 6 верасня. Мяне сфатаграфавалі на плошчы ў Гродне, калі я прыязджала туды на выходныя. У той раз я атрымала штраф, — распавядае Насця. — Другі раз мяне затрымалі 15 лістапада. Я прыйшла на «Плошчу пераменаў», прынесла кветкі да народнага мемарыяла Рамана Бандарэнкі. Потым пачула выбухі, вырашыла зайсці ў госці да сяброўкі, якая жыве ў доме побач з плошчай. Мы асабліва не сачылі, што адбывалася ў двары, пілі гарбату. Праз нейкі час да нас у дзверы пастукалі. Гэта былі сілавікі. Мы адкрылі. Нам сказалі, што мы кідаліся камянямі ў супрацоўнікаў АМАПа. Адказ, што ў нас няма камянёў і вокны выходзяць на другі бок дома, а не ў двор, іх не пераканаў. Наступнай версіяй было, што мы кідаліся камянямі на вуліцы, а потым забеглі сюды і схаваліся.

Насця кажа, што нічога такога дзяўчыны не рабілі. Аднак, па яе словах, ім прапанавалі праехаць у РУУС і даць тлумачэнне, што яны рабілі ў кватэры.

— Мы вырашылі не супраціўляцца і пайшлі з сілавікамі. На мяне склалі пратакол па артыкуле 23.34. А за тое, што гэта ўжо другі прывад, паставілі яшчэ і артыкул 23.4 за нібыта супраціў пры затрыманні. У пратаколе было напісана, што я хапалася за форменнае абмундзіраванне людзей, якія мяне затрымлівалі, упіралася нагамі ў зямлю. Гэта пры тым, што мяне затрымалі ў кватэры на 14-м паверсе, — адзначае дзяўчына. — Па сукупнасці мне далі 15 сутак. Адбывала я іх у Магілёве.

Насця кажа, што ў ізалятары падхапіла каронавірус. Адразу пасля вызвалення яна пайшла ў паліклініку, ёй зрабілі тэст, ён апынуўся станоўчым. На бальнічным яна была менш двух тыдняў.

— Калі выйшла на працу, знайшла на сваім працоўным стале напісаную за мяне заяву на звальненне. Кіраўнік патэлефанавала і сказала мне, што сёння яны са мной развітаюцца, але я магу выбраць як: будзе звальненне па артыкуле альбо па ўласным жаданні. Гэта магло быць звальненне за неадпаведнасць займаемай пасадзе альбо за здзяйсненне нейкай правіны, ганебныя паводзіны дзяржаўнага служачага. Таму я вырашыла сысці па ўласным, — працягвае суразмоўніца. — Мяне разлічылі, нават выплацілі матэрыяльную дапамогу да адпачынку, у які я так і не сыходзіла.

У дадатак да таго, што Насця засталася без працы, ёй цяпер яшчэ трэба шукаць і жыллё. Дзяўчына не мінчанка і жыла ў інтэрнаце з 2015 года.

— Я жыву тут па хадайніцтве наймальніка, а наймальніка ў мяне цяпер няма. Мне сказалі ў трохдзённы тэрмін вызваліць памяшканне, прынеслі апавяшчэнне. Пакуль я хварэла, мне дазвалялі тут заставацца, таму што нельга было выходзіць з дому. Але і цяпер вызваліць пакой я не магу, пакуль не разбяруся з працай. Тым больш што выселіць мяне могуць толькі па рашэнні суда. Альбо можна паспрабаваць прынесці новае хадайніцтва ад наймальніка, але тут ужо невядома, задаволяць яго ці не, — кажа яна.

Насця скончыла юрфак БДУ. Адразу працавала юрыстам у невялікіх прыватных фірмах, займалася прававым забеспячэннем дзейнасці прадпрыемстваў і трохі кадравай працай. Потым уладкавалася ў «Белінвестбанк», працавала больш за 6 гадоў. Кажа, што там ёй вельмі падабалася.

— Спачатку я была ў юрыдычным Дэпартаменце, потым ва ўпраўленні па працы з праблемнымі актывамі. Я займалася спагнаннем запазычанасці — праца з натарыусамі, судамі, адказы на звароты грамадзян і юрыдычных асоб. Быў момант, калі я працавала са справамі аб банкруцтве, пачынаючы ад падачы заявы і заканчваючы ліквідацыяй. На апошнім месцы працы я была больш юрыстам правапрымяняльнай практыкі. Гэта праца ў тым ліку і з Нацбанкамі іншых дзяржаў-у мяне быў Кыргызстан.

У гэтым годзе летам Насця прайшла перападрыхтоўку ў Інстытуце бізнесу БДУ, атрымала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «перакладчык-рэферэнт» — вывучыла англійскую мову.

Кажа, што ў Нацбанк пайшла таму, што хацелася нешта памяняць, паспрабаваць нешта новае.

Цяпер Насця шукае працу. Яе ўжо запрасілі на некалькі гутарак.

— Я гатовая нават сферу дзейнасці памяняць, галоўнае, каб у мяне атрымлівалася рабіць гэта, было дастаткова навыкаў, ведаў і ўменняў. Ну і вельмі важна працаваць у добрым калектыве, — адзначае дзяўчына. — Юрыстам працаваць мне таксама падабаецца, пайшла б на якое-небудзь прадпрыемства.

У рэзюмэ ў графе з жаданым заробкам Насця паказала «ад 1500 рублёў».

— Гэта мінімум, на які можна жыць і здымаць кватэру ў Менску, — мяркуе яна.

Што сказалі ў Нацбанку наконт гэтага звальнення

Мы звярнуліся ў Нацбанк па каментар адносна сітуацыі, якая склалася, і спыталі, ці можа быць падставай для звальнення работніка прыцягненне яго да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 23.34. Атрымаць выразны адказ не ўдалося.

— Нацыянальны банк скасоўвае працоўныя адносіны з работнікамі па падставах, прадугледжаных Працоўным кодэксам. Адным з такіх падстаў з'яўляецца просьба работніка аб скасаванні працоўных адносін па пагадненні бакоў, — сказалі ў Нацбанку.