«Бясстрашны быў хлопец, з вялікім і добрым сэрцам». Малады БЧБ-актывіст загінуў падчас пажара ў цэнтры Мінска

Загінулага звалі Эрнест Дзятковіч, яму было 28 гадоў. Трагедыя адбылася яшчэ 13 снежня. «НН» распавядае падрабязнасці.

22179989_1971428063099606_7971134791883803521_o_cwbfr.jpg

А палове на 12-ю ночы ў кватэры на вуліцы Караля пачаўся пажар. Ратавальнікі, якія выехалі на месца, знайшлі ў кватэры цела яе гаспадара.

«Прычына смерці — атручванне чадным газам. Версію з самагубствам мы нават не разглядаем, — паведаміла маці Эрнеста. — Чакаем вынікі экспертыз».

Што здарылася дакладна, пакуль невядома.

У Эрнеста застаўся малы сын.

«У двары яго шмат хто ведаў. Ён вельмі добры і адкрыты чалавек. Усе суседзі адклікаюцца пра яго толькі станоўча. Прычына ўзгарання пакуль вызначаецца, былі здагадкі, што гэта праз курэнне ў ложку, але іх адразу адкінулі: Эрнест паліў на балконе, яго там пастаянна бачылі.

Магчыма, узгаранне адбылося праз абагравальнік: у кватэры старыя вокны (ён як раз рабіў рамонт), і, можа, было холадна», — дзяліліся меркаваннямі суседзі з парталам «Анлайнер».

Суседзі па пляцоўцы распавялі, што пажар заўважылі, толькі калі ўбачылі дым:

«Спачатку пайшоў непрыемны пах — напэўна, пачала плавіцца пластыкавая столь. А пасля ў аднаго з суседзяў з’явіўся дым проста з разеткі — тады ён і выклікаў МНС. Канрэтных прычын узгарання мы не ведаем».

Эрнест вылучаўся актыўнасцю: у раённым чаце яго ўзгадваюць як вельмі смелага і рашучага чалавека.

«Ён вельмі шмат зрабіў для агульнай справы. Не толькі хадзіў на маршы, у ланцугі і блакаванні. Шыў сцягі. Яго 3-х метровы сцяг засвяціўся на фота ўсіх ланцугоў ля кінатэатру.

Эрнест клеіў па раёне друкаваныя матэрыялы. Паводзіў сябе вельмі смела, часам пазбаўляў адміністрацыйныя будынкі іх палотнаў, як з паліклінікі на вуліцы Сухой, напрыклад.

Асабіста мяне, калі было пекла на Стэле, адцягваў за руку і кіраваў, куды бегчы.

Увесь час нешта рабіў, быў актыўны і смелы ў сваіх дзеяннях», — узгадаў Эрнеста адзін з удзельнікаў чата Раманаўскай слабады.

У кастрычніку Дзятковіч быў асуджаны на 15 сутак: яго забралі з хаты. Сцягі ён шыў непасрэдна дома, пацвярджае яго мама. У чаце жыхары раёна пішуць, што шмат хто атрымаў свой першы ў жыцці бела-чырвона-белы сцяг менавіта ад Эрнеста — у падарунак.

«Эрнест і яго жонка з дзіцем — першыя людзі з двара, з якімі мы пазнаёміліся, калі пераехалі ў нашу кватэру. Мы часта бачылі іх ўтрох ці проста Эрнеста з сынам, але да нейкага часу не мелі стасункаў — проста бачыліся здалёк. Аказалася, яны даволі таварыскія, вясёлыя, са сваімі ідэямі і планамі на жыццё.

Пасля знаёмства сталі махаць адзін аднаму на вуліцы і перагаворвацца з балконаў на перакурах, — узгадвае Эрнеста яго знаёмая і суседка Яна. — Памятаю, калі мы садзілі з мужам дрэва на нашу гадавіну вяселля (23 жніўня), Эрнест праходзіў міма — усміхнуўся, загаварылі. І тут раптам ён дастае з кішэні байкі чырвона-белую тканіну, працягвае нам. «Гэта вам, я тут дома іх сам раблю», — кажа. Гэта быў першы сцяг, які з'явіўся ў нас дома.

Мы яго адразу на акно павесілі, а пасля на маршы з сабой цягалі.

Ён ад гэтага разваліўся ўвесь — Эрнест тады сцягі яшчэ склейваў, а не шыў, але быў нам дарагі. Ад таго, што самы першы наш сцяг!

Потым, вядома, мы абзавяліся больш якаснымі і з «Пагоняй», сталі з імі на маршы ганяць, але той сцяг дагэтуль ганарова вісіць у нашым акне.

Наогул Эрнест быў вельмі актыўным змагаром супраць сістэмы. Перыядычна, праходзячы міма, павітаецца ды закіне ў кішэню якую-небудзь ўлётку або стыкер — крадком так, няўзнак, з-за чаго адразу адчуваеш агульнасць нейкую, дачыненне да Агульнай Падпольнай справы.

Налепку з пацуком у кароне я да гэтага часу захоўваю, нікуды не прыляпіла.

Мы ведаем, што гэты партызан здымаў чырвона-зялёныя сцягі з адміністратыўных будынкаў, за што пасля паплаціўся — Эрнеста высачылі і забралі.

Забіралі яго і падчас маршаў. Памятаю, у двары сустрэла яго, а ён захоплена распавёў мне, як толькі што збег з аўтазака. «Спыніліся мы, увесь АМАП высыпаў з аўтазака, я адзін застаўся. Ну, думаю, чаго мне іх там, чакаць ці што? Я выскачыў і — лататы!»

Бясстрашны малы быў, з вялікім і добрым сэрцам. Да гэтага часу, калі іду каля дома, здаецца, што ўдалечыні ўбачу знаёмую постаць у кепцы з капюшонам; або, як звычайна, адкрыецца дзверы суседняга пад'езда, а адтуль — ён хуткім крокам выбягае.

І тут жа наплывае думка, што не будзе гэтага больш, і сэрца пачынае цягнуць ад нуды…»