Журналіста Алеся Баразенку пабілі ў Данецку
Невядомыя маладзёны падпільнавалі журналіста пасля рэпартажу з мітынгу ў цэнтры горада і крыху «паштурхаліся».
Журналіст падкрэслівае, што гэта быў дробны інцыдэнт, адзіная фізічная страта ад якога – разбітая губа.
Алесь прыехаў у Данецк раніцай 9 красавіка. Згаданы інцыдэнт здарыўся каля 17-й гадзіны вечара, пасля запісу рэпартажу з прарасійскага мітынгу ля Абласной дзяржадміністрацыі для навінавай праграмы «Белсат». Журналіст заўважыў, што за ім сочаць, узяў таксоўку і ад'ехаў ад гэтага месца на некалькі соцень метраў па праспекце Шаўчэнкі. Тым не менш, чацвёра маладых людзей здагналі яго і адвялі ў нейкі дворык «паразмаўляць».
«Гаварылі па-руску з акцэнтам. Хутчэй за ўсё, проста мясцовы гопнікі – я б не сказаў, што нейкія актывісты ці байцы, – зазначыў Алесь Баразенка ў гутарцы з прс-службай БАЖ. – Ім не спадабаліся пытанні, якія я задаваў людзям на мітынгу. Яны звінавачвалі мяне ў тым, што я «працую на фашыстаў» і што мне не падабаецца беларускі «бацька»...»
Паводле прэс-службы БАЖ