Зноў рускі штык і руская школа

На мінулым тыдні навінныя стужкі беларускіх СМІ выглядалі вельмі трывожна. Нам паведамілі, што «Росгвардия» і МУС Беларусі дамаўляюцца пра супрацу, але мала хто заўважыў, што адначасова расійскі міністр асветы выступіў з прапановай стварыць асацыяцыю школ Беларусі і Расіі «для нармальнага перацёку, для нармальнай мабільнасці ў інтарэсах абедзвюх краін».

0zc89hzhloe00r25e4b2tjxsn4drfk3w.jpg


Нармальным перацёкам цяпер будзе лічыцца не толькі ўцечка мазгоў і працоўнай сілы, але і дзяцей? А можа ёсць іншая мэта, дзеля якой зноў задзейнічалі тактыку Мураўёва-вешальніка?

Галоўная мэта адукацыі — не веды, а захаванне і трансляцыя каштоўнасцяў. Агульначалавечых, культурных, нацыянальных, маральных… Інакш мы рызыкуем замест грамадзян надалей рыхтаваць амапаўцаў, міліцыянтаў, гатовых катаваць і страляць у мірных людзей, і суддзяў, якім добрае веданне законаў і чырвоныя дыпломы ніяк не перашкодзілі адправіць трыццаць тысяч невінаватых людзей у турмы. «Не так важна, каб вучань ведаў, колькі ў павука ног, важна, каб не адрываў іх.» — менавіта гэтая цытата славацкага педагога і ідэолага рэформы школы Уладзіміра Бур’яна ілюструе сапраўдную мэту навучання.  

Здаецца, беспаспяхова топячы ў крыві і страху пратэсты, дыктатары з новым імпэтам узяліся за «штык» і «школу» і далі сваім міністрам каманду — зрабіце хоць што-небудзь з гэтай моладдзю! Не дзіва. Сёння ніводная вайна не вядзецца толькі ў адной прасторы. Тым больш, калі ідзе вайна ўлады супраць свайго народу. Вайна перамяшчаецца і ў інфармацыйную прастору (тут зброя — прапаганда), і ў эканамічную (грошы), і ў віртуальную (адукацыя, рэлігія, серыялы…), а калі гэта не спрацоўвае, то падключаецца і фізічная прастора са звычайнай зброяй у руках сілавікоў.

Адукацыя — важны элемент гібрыднай вайны. Школа фармуе карцну свету, закладае стэрэатыпы, каштоўнасці: дабро-зло, свой-чужы. Заклаўшы ў галовы моладзі патрэбныя сэнсы, можна браць краіну голымі рукамі. Менавіта каштоўнасці моладзі, яе грамадзянская пазіцыя не задавальняюць сённяшнюю ўладу. Таму за іх разгарнулася барацьба. Мы пра гэта павінны памятаць, калі некаторыя недальнабачныя настаўнікі і бацькі скіроўваюць дзяцей на расійскія платформы дыстанцыйнага навучання. Хіба наша мэта выхаваць з беларускага вучня расійскага грамадзяніна з расійскімі каштоўнаснымі ўстаноўкамі, якія падсвядома закладзены ў змест кожнага прадмета?

Беларусы могуць ганарыцца, што прынамсі інфармацыйную вайну мы не прайгралі. Даследчыкі Sociolytics кажуць, што тэлевізару і друкаваным СМІ вераць не больш за 12 %, а фэйкавыя навіны адрозніваюць ад сапраўдных 54 % насельніцтва. Значыць, у Беларусі не спрацавала ні прапаганда, ні грошы, ні спроба прамыць мазгі маладому пакаленню. Нашы студэнты і школьнікі, нягледзячы на ціск з боку сістэмы адукацыі, выраслі нармальнымі еўрапейцамі, гатовымі адстойваць дэмакратычныя перспектывы, свабоду і свае гонар і годнасць. Улады вымушаныя былі кінуць супраць іх жорсткую сілу.

І вось цяпер міністрам адукацыі загадалі ўзяць рэванш.

«Вывядзенню ўзаемадзеяння адукацыйных ведамстваў на сістэмны ўзровень магло б паслужыць стварэнне асацыяцыі школ Расіі і Беларусі ў мэтах развіцця школьных абменаў, стажыровак выкладчыкаў на базе школ-партнёраў, фарміравання сумесных адукацыйных праграм з прыцягненнем вядучых ВНУ педагагічнага профілю Расіі і Беларусі», — заявіў міністр асветы РФ Краўцоў.

Але чаму можа навучыць нас Расія праз тыя абмены, стажыроўкі і праграмы? Веды ў іх школьнікаў — ніжэйшыя за сярэднія, навыкі, неабходныя для жыцця ў інфармацыйным грамадстве — зусім ніякія, даследаванне PISA гэта пацвердзіла. Чаму нас так прымушаюць глядзець у іх бок? Выглядае, што іншай мэты, як уплыў на каштоўнасці, у гэтай супрацы няма. Прафесійны ідэолаг Карпенка гэта ведае. Супрацоўніцтва дапаможа лепш заразіць нашых дзяцей імперскай ідэалогіяй, індактрынаваць маладым беларусам састарэлыя штампы і міфы пра адзін народ, славянскае брацтва і ўладу ад бога. Ды яшчэ расійская школа прасякнута мілітарысцкім мысленнем (што-што, а адрываць павукам ногі — бадай самы запатрабаваны навык для папаўнення лукашэнкаўскіх «красаўцаў», лепш за расійскую школу, якая гадуе вечных салдат для сваёй арміі, гэтаму ніхто не навучыць). Чужыя каштоўнасці, расійскацэнтрычная карціна свету — вось сапраўдная мэта такой «супрацы».

Аднак, адразу можна сказаць — нічога не атрымаецца. Па-першае, гэта ўжо было: і кадэты, і казакі, і папЫ на класных гадзінах, і «абмены» паміж школьнікамі, якіх вазілі ў Расію, каб паказаць самалёты і казармы, рамантызаваць вайну. Усё гэта не спрацавала. І не спрацуе надалей. СССР памёр і згніў — яго немагчыма рэанімаваць.

Расійскі рэсурс паведаміў, што ўжо адбылася сумесная калегія міністэрстваў адукацыі Беларусі і Расіі па пытанні збліжэння адукацыйных сістэм, але, вядома, пра рашэнні і падпісаныя дакументы не напісалі. Неяк і не вельмі цікава. Хто іх паслухае, хто будзе выконваць тыя пастановы? Настаўнікі ўжо не тыя, якія гатовы бяздумна падпарадкоўвацца кожнаму загаду, вучні — наогул эстэтычна не ўспрымаюць старыя ідэалагемы. Каб скончыць на аптымістычнай ноце, паглядзіце на фота аднаго з прапагандысцкіх расійскіх сайтаў, якое аздабляе навіну пра перспектывы расійска-беларускага супрацоўніцтва ў адукацыі.

Крыніца фота: sputnik.by

Крыніца фота: sputnik.by


Відаць, ёсць і на тым сайце партызаны, якія паставілі фотаздымак з нармальнай рэакцыяй беларускіх дзяцей на дзеянні міністраў дыктатарскіх краін.
Не ўсё, як той казаў, «так кепска». Прынамсі, з адукацыяй.