Знаўцы распавялі, чаму на стадыён з «Пагоняй» можна, а са сцягам — не
Брутальныя затрыманні за сцяг, які не забаронены, — справа не новая. На думку экспертаў, улады бачаць у ім не нацыянальны сімвал, а палітычную пагрозу.
Ужо ў часе суботняй гульні Беларусі ды Сан-Марына здавалася, што наш футбол
выходзіць на новы ўзровень. І не толькі праз зладжаныя дзеянні, новую форму ды
адрэстаўраваны менскі стадыён «Дынама». На трыбунах людзі з рознай сімволікай
свабодна скандавалі «Жыве Беларусь!», танчылі ды спявалі песні. Аднак каб увесь
гэты цуд скончыўся, дастаткова было разгарнуць сцяг бел-чырвона-белых колераў.
У адказ на затрыманні фанацкі сектар пачаў спяваць вядомую рэвалюцыйную песню «Ляпісаў». Затрыманні працягнуліся і пасля матчу. Самых актыўных заўзятараў брутальна круцілі амапаўцы.
У размове з жыхарамі Брэсту карэспандэнты “Белсату” пачулі розныя меркаванні: адны вінавацілі ў сітуацыі дыктатуру, іншыя казалі, што заўзятары парушылі парадак. Але большасць не разумела, як можна караць за беларускі сцяг.
«За гэта не трэба затрымліваць людзей, яны хочуць проста вярнуць тое, што было раней, гістарычна складзена», — кажа адзін з мінакоў.
«Гэта ж гісторыя нашая, гэта нашае мінулае ў некаторай ступені», — дадаў іншы.
Аднак на бесцырымоннае шэсце фанатаў «Зеніту» па цэнтры Мінску месяц таму міліцыянты чамусьці рэагавалі нашмат больш стрымана — не ўмешваліся. Чаму ж тады ціснуць на сваіх?
«Вяртанне да вытокаў такой антысацыяльнай, антынацыянальнай з’явы, як лукашызм на нашыя стадыёны красамоўна сведчыць аб тым, што салдафонская, а не людская, цывільная, грамадзянская ахова правапарадку праз сцюардаў, яшчэ будзе цягнуцца доўга, а значыць, заўзятары будуць пачувацца зноў заціснутымі ў нейкія рамкі і быццам бы камусьці нечым абавязаныя», — лічыць спартовы аглядальнік «Белсату» Аляксандр Пуціла.
Брутальныя затрыманні за сцяг, які не забаронены, — справа не новая. Падчас леташняга матчу БАТЭ і «Арсеналу» на поле выбег заўзятар у байцы з «Пагоняй» ды сцягам за плячыма. Яго адразу ж скруцілі, ды пазней, як ён сам распавёў, збілі ў пастарунку. Да таго ж Аляксандра Вянгерскага пакаралі 10-цю соднямі адміністратыўнага арышту.
Менавіта бел-чырвона-белы сцяг асацыюецца ва ўладаў з пратэстам. Таму за яго і ціснуць часам нават больш, чым за тую ж «Пагоню», кажуць адмыслоўцы.
«Улады не хочуць ствараць імідж, што яны «паплылі». Таму нават за такія дробязі, як сцяг на стадыёне, яны будуць караць паказальна, каб у нікога не ўзнікла адчування, што нейкія нормы змяніліся, — кажа палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. — Улады змагаюцца не з нацыянальным (яны не лічаць гэта нацыянальным сімвалам), а з палітычнаю пагрозай».
Аднак стаўленне ўладаў да нацыянальнай сімволікі не вызначаецца стабільнасцю і паслядоўнасцю ды залежыць выключна ад палітычнага сезону, заўважае палітолаг Валер Карбалевіч.
«Цяпер мы жывем у перыяд замаразкаў. І пра тое, што замаразкі існуюць, кажуць і іншыя рэчы: скажам, справа БелТА, справа прафсаюзу РЭП, справа ўжо памерлага Алеся Ліпая, кіраўніка БелаПАНу», — дадае Карбалевіч.
Замаразкі працягнуліся і на ўчорашнім паўмарафоне ў Мінску. З усіх бегуноў са сцягамі затрымалі толькі таго, хто бег з беларускім нацыянальным. На фінішы Уладзя Сташкевіча запрасілі да аўтазаку, а ў пастарунку склалі пратакол за, цытата, «бег са сцягам». Адметна, што на леташнім марафоне ён не меў аніякіх праблемаў праз нацыянальны сцяг, які гэтак палохае ўлады краіны.
Паводле belsat.eu