Знікненне гомельскага мастака

Вулічны мастак Валер Ляшкевіч — гарадская легенда Гомеля. Болей за 18 гадоў ён маляваў, прадаваў свае карціны, збіраў ахвяраванні і проста жыў на вуліцы.



7c39a5f991bef4a1e34187677a65871d.jpg

Вулічны мастак Валер Ляшкевіч — гарадская легенда Гомеля. Болей за 18 гадоў ён маляваў, прадаваў свае карціны, збіраў ахвяраванні і проста жыў на вуліцы.
Гамельчукі маглі штодня бачыць яго ў цэнтры горада — на Савецкай ля парка. “Ён пад маімі вокнамі стаяў, смешны такі. Добры нейкі. Увесь час пасміхаўся. Мне падавалася, што ён трошку, як бы сказаць, дзіўнаваты, але ж усе мастакі крышку “не такія, — гаворыць гамяльчук Яўген. Карэнны жыхар Гомеля Андрусь прыгадвае: “Я сам не мастак, але ягоныя карціны падаваліся мне файнымі. Ён прыроду, не памятаю, каб маляваў. У асноўным мадэрнізм і сюррэалізм. Я заўсёды, калі ішоў з заняткаў, драбязу яму пакідаў.
Піцерскі след
Знікненне Валера Ляшкевіча заўважылі ўсе. З лета мужчына перастаў з’яўляцца на сваім сталым месцы працы-жыхарства. Шукаць беспрытульнага — справа няўдзячная. Ці мала што магло стацца з 62-гадовым бадзягам, нават калі ён усім вядомы ў горадзе мастак. Паводле агульнадаступных біяграфічных звестак, яго карціны ёсць і ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Мы патэлефанавалі ў музей, каб высветліць, ці сапраўды гэта так. Супрацоўніцы музея перагледзелі дакументы і… знайшлі адну карціну Ляшкевіча ў фондзе. Праўда, не ў аддзеле беларускага жывапісу, а ў аддзеле арыгінальнай графікі — менавіта там знаходзіцца карціна “Жаночы партрэт, выкананая алоўкам у 1983 годзе.
Восенню ў інтэрнэце пачалі з’яўляцца тыповыя паведамленні — маўляў, бачылі падобнага да Ляшкевіча ў Санкт-Пецярбургу. Пазней здагадкі знайшлі фотапацвярджэнне — гамяльчук Валер Ляшкевіч сапраўды знаходзіцца ў Піцеры і малюе ажно на Неўскім праспекце.
Гэта нам пацвердзіў і…сам Валер Ляшкевіч, якога ўдалося знайсці праз ягоных маладых піцерскіх сяброў — дзякуй, сучасныя тэхналогіі відэасувязі дазваляюць пагутарыць з чалавекам і на аддаленасці ў 900 кіламетраў. Праўда, апынулася няпростым спалучыць новыя тэхналогіі і мастака ва ўзрос­це. Адзін яго з маладых піцерскіх “апекуноў Сардж Мадоўскі для нашай размовы двойчы прыяз­джаў да Ляшкевіча з ноўтбукам. Калі першы раз мастак наўпрост не дачуў нашых пытанняў, дык другі раз з дапамогай навушнікаў Валер Ляшкевіч ахвотна далучыўся да працэсу глабалізацыі і змог асабіста распавесці гісторыю вымушанага перасялення.
Дысідэнт без месца жыхарства
А гісторыя такая: Валер Ляшкевіч быў… выгнаны з Беларусі. Нягледзячы на тое, што мужчына нарадзіўся пад Гомелем, ён мае расійскі пашпарт.
“Спачатку мяне пасадзілі ў Гомелі на 12 сутак у ізалятар, а пасля дэпартавалі: вывезлі ў кайданках пад Мінск у аэрапорт ды пасадзілі на самалёт да Пецярбурга. Дэпартавалі на год, сказалі: да траўня не вяртацца, іначай пасадзяць на 8 месяцаў, — мастак называе сваё выгнанне дэпартацыяй, аднак у ягоным пашпарце няма ніякіх адпаведных пазнакаў. Хутчэй за ўсё, праваахоўнікі папросту вывезлі Ляшкевіча з гораду па сваёй ініцыятыве ці па чыімсьці загадзе і сказалі нешта кшталту: “Каб год тут не бачылі. Мужчына жыў у Гомелі блізу 20 гадоў, але за гэты час не займеў сталай рэгістрацыі, а ад пражывання ў інтэрнаце ці начлежцы мастак, якому было цяжка дзяліць малы пакойчык з далёкімі ад творчасці людзьмі, сам свядома адмовіўся — абраў пад’езды ды лесвічныя пляцоўкі.
“Мне прапаноўвалі інтэрнат, але як я магу жыць з былымі зэкамі? Я не п’ю, не палю, а яны пасля турмы ўжываюць наркотыкі. Так немагчыма маляваць, — гаворыць Валер Ляшкевіч. Але за што выганяць земляка, які вёў беспрытульны лад жыцця ўжо шмат гадоў ды паспеў за гэты час стаць гарадской знакамітасцю? У Піцеры Валера Ляшкевіча называюць дысідэнтам і лічаць, што яго выселілі з гораду па палітычных матывах — маўляў, мастак часта прысвячаў творчасць актуальным палітычным падзеям.
Гамельчукі пагаджаюцца з гэтым. “Ён шмат абыгрываў тэму інтэграцыі з Расіяй — маляваў, як Лукашэнка цалаваўся з Ельцыным. Часта ўстаўляў выяву Лукашэнкі на фоне чаго-небудзь правакацыйнага. У яго карцінах была маляваная сатыра. Можа, вочы мазоліў залішне — ён стаяў метраў за 200 ад КДБ, побач — адміністрацыя Цэнтральнага раёна, а 200 метраў улева — там абласная міліцыя. Увесь “бамонд праз яго штодня на працу хадзіў, — гаворыць Яўген.
Гамяльчук Андрусь дадае, што Валер Ляшкевіч добра ведаў беларускую мову: “Ён размаўляў па-беларуску. Памятаю, калі мы арганізоўвалі канцэрт беларускамоўных бардаў, я даў улётку і яму — дык ён паставіў яе ў рамку побач са сваімі карцінамі, каб усе людзі маглі бачыць аб’яву. Сярод апублікаваных твораў мастака ў інтэрнэце я знайшла карціны “Чарнобыльскі звон ды “З Васілём Быкавым.


Сам Валер Ляшкевіч адмаўляе чыста палітычныя матывы свайго выгнання: “Я не дысідэнт. Я малюю збольшага не на палітычныя тэмы, а на сацыяльныя. Галоўная нашая праблема — бездухоўнасць, яе выкрываю ў сваіх карцінах. Паводле мастака, ён сапраўды намазоліў вочы “мафіі — так мужчына называе мясцовыя ўлады. “Здзекаваліся, хацелі ўсяляк пазбавіцца ад мяне, выжывалі з горада. Розным замежнікам хутка даюць беларускае грамадзянства, а мне так і не далі. Гавораць — ідзі зарэгіструйся. А дзе ж я зарэгіструюся? У мяне ёсць сваякі ў Гомелі, але болей як тыдзень яны жыць у сябе не давалі — маўляў, няма магчымасці. Я з імі цяпер не кантактую. А без рэгістрацыі — нікуды! Хацеў запісацца ў Саюз мастакоў — і там гавораць, што трэба рэгістрацыя.
Аднойчы ў Гомелі мастака збіў невядомы чалавек, якога, на думку Ляшкевіча, падаслалі наўмысна: “Я піў малако ў кавярні, як падышоў нейкі мужчына ды пляснуў па кубку так моцна, што малако пырснула і запэцкала ўсё навокал. Пасля сеў у куце ды назіраў за мною. Як я выходзіў, ён кінуўся да мяне і даў па твары, па рэбрах. Нос паламаў. Міліцыя тады ў гэтай справе так і не разабралася.
Група падтрымкі
Па вымушаным прыездзе ў Піцер Валер Ляшкевіч некалькі месяцаў жыў на вуліцы ды ў пад’ездах, трымаў карціны ў камеры захоўвання на вакзале, пакуль аднойчы яго не пабачыла маладая фатограф Эрыка Парфёнава. Яна спачатку проста фатаграфавала каларытнага мастака, а пасля вырашыла пазнаёміцца. Дзяўчыну ўразіла як творчасць Ляшкевіча, так і ягоная складаная сітуацыя, таму яна імгненна з дапамогай Сарджа Мадоўскага стварыла ў сацыяльнай сетцы групу ў падтрымку мастака, якая цяпер налічвае каля шасці тысяч удзельнікаў.
Менш чым за месяц маладыя піцерцы сабралі тысячу долараў на патрэбы мастака — знялі просценькі нумар у гатэлі (кватэра выходзіла даражэй), набылі неабходныя матэрыялы для жывапісу, стварылі рахункі, куды любы чалавек можа ахвяраваць грошы для Валера Ляшкевіча. Мастак жыве не толькі на ахвяраванні людзей — ён працягвае прадаваць свае карціны ды рэпрадукцыі, але цалкам забяспечваць сябе пакуль што не можа.
“У асноўным мае карціны купляюць савецкія людзі. За арыгінал плацяць ад 2 да 10 тысяч расійскіх рублёў, за рэпрадукцыі — менш. Еўрапейскія турысты шмат фатаграфуюць мяне, але мала што набываюць. Вунь нядаўна два амерыканцы выпрасілі арыгіналы бясплатна. Спачатку жанчына 3 дні хадзіла, выварочвала кішэні, паказвала, што нічога не мае, — я ёй вырашыў падарыць. А пасля амерыканец-марак усё ўломваў аддаць яму карціну за тысячу рублёў. А тая тысяча — два разы кавы ў Піцеры папіць. Я яму кажу — аддам за тысячу, дык ты не будзеш цаніць карціну, а як падарую — будзеш мяне памятаць. Таму падарыў, — распавядае пра свае піцерскае жыццё Валер Ляшкевіч.
Дарэчы, мы заспелі Валера Ляшкевіча за наразаннем кардона для вывешвання карцінаў — у Санкт-Пецярбургу ўжо прайшлі дзве невялічкія выставы-продажы твораў Ляшкевіча. “Гэта творчыя сустрэчы з моладдзю ў мясцовых “культурніцкіх кавярнях. Паказваю маладым свае карціны, распавядаю гісторыі іх малявання, тлумачу сімвалы. Хоць гэтыя сустрэчы нешматлюдныя — некалькі дзясяткаў чалавек прыходзіць, — але яны мяне натхняюць, — прызнаецца мастак.
“Гамельчукі, чакайце мяне назад
Падаецца, лірычная гісторыя атрымала “хэпі-энд, але Валер Ляшкевіч шчыра прызнаўся сваім піцерскім апекунам, што марыць… вярнуцца ў Гомель і цяпер спрабуе аформіць усе неабходныя для гэтага паперы. Камусьці гэта можа падацца бязглуздзіцаю, камусьці — няў­дзячнасцю, але піцерская моладзь гатова падтрымаць любое рашэнне Ляшкевіча, абы б ён пачуваўся шчаслівым. “Вы не думайце, што тут ужо так усё бесклапотна, — аспрэчвае мае ўражанні Ляшкевіч. — Як пацяплее — трэба зноўку будзе ісці на вуліцу. Здымаць пакой усё-ткі дорага, доўга за ахвяраванні жыць не будзеш. Нядаўна атрымаў пенсію 5 тысяч рублёў. Тры тысячы ўжо аддаў за пакой, а 2 тысячы засталіся на прадукты. На вуліцах тут ганяе свая мафія. Гэтая заўсёдная няўпэўненасць у заўтрашнім дні і небяспека не даюць сканцэнтравацца на творчасці. Ды і вулічных мастакоў накшталт мяне ў Піцеры хапае, а ў Гомелі я быў унікальным. Там ад мяне болей карысці.
Валерый Ляшкевіч збіраецца вярнуцца ў траўні, калі пройдзе год з моманту дэпартацыі. Ён нават схадзіў на кансультацыю ў аддзяленне беларускай амбасады, дзе яго запэўнілі, што ён зможа бесперашкодна прыехаць на Беларусь. Праўда, не ведае, ці вернецца ў сам Гомель.
 “Можа, у якім мястэчку пад Гомелем будзе прасцей атрымаць жыллё — зараз жа столькі хатаў пустуе! Можна знайсці і дом, дзе жыць, і майстэрню, дзе маляваць. А існаваць буду з пенсіі — яе з Расіі могуць перасылаць, я даведваўся. Можа па-за Гомелем мясцовыя ўлады будуць чалавечнымі, пойдуць насустрач і дзе-небудзь нарэшце зарэгіструюць. У любым выпадку вярнуся. Усе ж едуць на Радзіму паміраць, — нечакана рэзюмуе мастак. На маё здзіўленне пачуць думкі пра смерць ад такога энергічнага і ба­дзёрага мужчыны, мастак сумна адказвае: “Дык немалады я ўжо, і хваробаў хапае. Вы думаеце, гэтая дэпартацыя ў мае гады і жыццё ў Піцеры дадалі мне здароўя?
У Гомелі таксама чакаюць вяртання Валера Ляшкевіча. “Я зразумеў, каго мы страцілі, толькі тады, калі ён знік, — гаворыць гамяльчук Яўген. Падобных прызнанняў сярод жыхароў Гомеля — безліч! І маладыя, і сталыя людзі праз створаную ў інтэрнэце групу падтрымкі дзясяткамі шлюць Ляшкевічу вітанні і спа­дзевы на яго вяртанне. Невядома, ці знойдуцца ў Гомелі свае самаахвярныя Эрыка і Сардж, але, магчыма, пасля нечаканай страты Ляшкевіча гамельчукі пачнуць аберагаць сваю гарадскую легенду.