Згвалтаванні непаўналетніх і ўрокі цнатлівасці. З кім афіцыйны Мінск хоча абараняць правы жанчын?
Беларускі саюз жанчын знайшоў саюзніка для ўмацавання супрацоўніцтва ў галіне абароны правоў жанчын, сям'і і дзяцей. Ідэальным кандыдатам стала сакральная калыска святасці, бяспекі і абароны жаночых праў — расійскі Смаленск. Паглядзелі, як у горадзе і вобласці справы са злачыннасцю супраць жанчын.
28 верасня афіцыйны Мінск знайшоў сабе новага пабраціма, здольнага замяніць «недружалюбныя» гарады. Ім стаў Смаленск — горад з даволі адмоўнай сярод расійцаў рэпутацыяй, які асацыюецца з крыміналітэтам, брудам і разбітымі вуліцамі. Гарадамі-пабрацімамі беларускай сталіцы з’яўляюцца таксама польскі Лодзь, брытанскі Нотынгем, малдоўскі Кішынёў, французскі Ліон ды іншыя.
З гэтай нагоды Мінская гарадская арганізацыя Беларускага саюза жанчын (БСЖ) заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з мясцовым аддзяленнем Смаленскага рэгіянальнага аддзялення Саюза жанчын Расіі, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
Адзначаецца, што бакі зацікаўлены ва ўмацаванні сувязяў у галіне абароны правоў жанчын, сям'і і дзяцей, гуманітарным і культурным кірунках. БСЖ таксама «прымае да ўвагі зацікаўленасць у паглыбленні ўзаемадзеяння» з Камітэтам салдацкіх маці — арганізацыяй, якая напрамую ўдзельнічае ў агрэссіі супраць Украіны.
Так, камітэт аказвае фінансавую і гуманітарную дапамогу акупантам, што перабываюць на тэрыторыі Украіны, збіраючы ахвяраванні ў грашовым эквіваленце, медыкаментамі, экіпіроўкай, абмундзіраваннем, прадуктамі і «ўсім неабходным па просьбах хлопчыкаў і дзяўчынак». Місіяй арганізацыі, якая суправаджала агрэсію супраць Афганістана, Сакартвэла, Малдовы ды іншых дзяржаў, сваякі называюць стварэнне свету без войнаў і гвалту, а таксама цынічна выкарыстоўваюць птушку міра на сваім лагатыпе.
Сацыяльныя сеткі Камітэта салдацкіх маці — гэта такая сабе база даных, у якой жонкі і сваякі расійскіх вайскоўцаў шукаюць ліквідаваных альбо ўзятых у палон акупантаў.
Супрацоўніцтва з расійцамі павінна развівацца на прынцыпах самастойнасці, роўнасці, партнёрства, узаемнай павагі да правоў і інтарэсаў, а таксама ў адпаведнасці з заканадаўствам і міжнароднымі дамовамі, удзельнікамі якіх з'яўляюцца Беларусь і Расія, лічаць у Беларускім саюзе жанчын. У якім заканадаўстве прысутнічае дазвол перасякаць мяжу замежнай дзяржавы для забеспячэння агрэсіі, не ўдакладняецца.
Вернемся да Смаленска і паглядзім, чаму Мінск можа навучыцца ў свайго новага пабраціма ў кірунку абароны правоў жанчын.
Паводле аналітычнага рэсурса «Если быть точным», які збірае звесткі аб расійскіх праблемах на аснове адкрытых даных, пры насельніцтве 312 тысяч чалавек за 2023 год у Смаленску пацярпелі як мінімум 9734 чалавекі, з іх 4937 — жанчыны, 885 — непаўнагадовыя, 382 выпадкі — забойствы альбо нанясенне надзвычайна цяжкой шкоды здароўю.
Агулам, усе паказчыкі значна падвысіліся пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну; фіксуюцца і вельмі жорсткія злачынствы супраць жанчын.
Так, напрыклад, 2 красавіка 2023 года смалянін збіў сваю сужыцельку, а пасля выштурхнуў з балкона. Мужчына ўзяў металічнае кайло і нанёс ім некалькі ўдараў пацярпелай у вобласць галавы. Жанчына паспрабавала схавацца на балконе, аднак абвінавачаны дагнаў яе і выштурхнуў уніз з 5 паверха. Ад атрыманых траўмаў пацярпелая памерла на месцы здарэння, а смалянін выцер анучамі кайло і выкінуў яго з асабістымі рэчамі пацярпелай, распавялі ў Следчым камітэце.
У самае скрэпнае расійскае свята, 9 траўня 2023 года, 62-гадовы жыхар Смаленска забіў сваю былую жонку на глебе асабістай непрыязнасці. Злачынец, дачакаўшыся, калі жанчына выйдзе на вуліцу для шпацыра з сабакам, напаў на яе, здзейсніўшы цвёрдым металічным прадметам не менш за пяць удараў па галаве.
З месца ўчынення злачынства фігурант уцёк, а пасля феерычна не справіўся з кіраваннем, з'ехаў з дарогі і ўрэзаўся ў дрэва, расказалі ў СК Смаленскаму інфармагенцтву. Смалянку шпіталізавалі з цяжкай травой, дзе яна памерла праз тыдзень.
Што да згвалтаванняў, за 2023 год расійскім МУС зафіксавана 23 выпадкі гвалтоўных дзеянняў з боку мужчын, аднак рэальная лічба можа быць вышэйшай у разы або ў дзясяткі разоў. Мы знайшлі тры зафіксаваныя злачынствы супраць непаўналетніх дзяўчат, якія распаўсюдзіліся да ўзроўню мясцовых выданняў Смаленскай вобласці.
24 студзеня 2023 года 45-гадовы мужчына згвалтаваў 17-гадовую школьніцу ва ўласным аўтамабілі, у чэрвені 2023 года жыхар Рослаўля Смаленскай вобласці здзейсніў гвалтоўныя дзеянні супраць непаўналетняй дзяўчынкі, у ліпені 2023 года 12-гадовая смалянка была згвалтаваная сваім зводным братам.
УМУС Смаленскай вобласці, якое актыўна вядзе старонку ў «Аднакласніках», не лічыць неабходным перадаваць падобныя злачынствы ў інфармацыйную прастору: сыходзячы з кантэнту, органы правапарадку заняты святкаваннем вызвалення Смаленшчыны ад нямецкіх захопнікаў, правядзення галасаванняў за лепшага народнага паліцэйскага і правядзеннем прац па спыненні экстрэмісцкіх праяў.
Як на Смаленшчыне змагаюцца за правы жанчын?
Згодна з расійскімі скрэпамі, у згвалтаванні вінаваты не гвалтаўнік, а дзяўчына, якая позна вярталася дадому. Не гвалтаўнік, а школьніца, якая апранула занадта кароткую спадніцу. Не гвалтаўнік, а жанчына, якая агрэсіўна сябе паводзіла. Вось і лепшыя лекі для смаленскіх жанчын — урокі па стрыманні распушчанасці.
Напрыклад, літаральна на мінулым тыдні ў Смаленскай семінарыі памочнік рэктара па праектнай дзейнасці іерэй Раман Бамбураў разам са студэнткамі правёў заняткі на тэму цнатлівасці і сямейных традыцыйных каштоўнасцей. З падлеткамі абмеркавалі згубнасць распусты, каштоўнасць цноты, значэнне хрысціянскага шлюбу, важныя істоты павагі жонкі да мужа.
А ў Смаленскай абласной бібліятэцы для дзяцей і моладзі адбылася сустрэча з клірыкам Свята-Успенскага кафедральнага сабора, прысвечаная году сям'і ў Расіі і датычылася духоўна-маральных каштоўнасцей сямейных адносін. Айцец Дыянісій расказаў пра выкананне маральных законаў і неабходнасць дастойна пераадольваць выпрабаванні і нягоды, якія сустракаюцца ў сямейным жыцці.