Згарэла хата, у якой вырас камандзір АМАПа Балаба

Невялікі дом у вёсачцы пад Маладзечнам загарэўся ў ноч на 12 кастрычніка.

b8c5321a0dfef44b9f4a8872a1bce47f_s_expc0.jpg

«У Маладзечанскую службу МНС паступіў званок пра пажар у вёсцы Гарадзілава. Калі ратавальнікі прыбылі, то ўбачылі нежылы дом, які гарэў адкрытым полымем», — паведамілі ў прэс-службе МНС па Мінскай вобласці.
У выніку ніхто не пацярпеў, але агонь знішчыў дах будынка, моцна пашкодзіў сцены і маёмасць.

photo_2020_10_11_19_12_28_nkcuj.jpg


Гэты дом па вуліцы 17 верасня вядомы тым, што менавіта тут вырас Дзмітрый Балаба — камандзір сталічнага АМАПа.
«Там цяпер не жывуць, а выкарыстоўваюць пад лецішча, — распавялі «Нашай Ніве» суседзі. — Сам Дзмітрый не прыязджае, домам і участкам займаецца яго стрыечная сястра, яна працуе ў калгасе эканамістам. Садзіць там нешта на гародзе, вырошчвае.
Дзмітрый ж даўно ў Гарадзілава не заязджае. Ён тут жыў, у школу хадзіў. Гадавала яго бабуля. Але пасля, як з’ехаў у Мінск, то прыязджаў усё радзей. Бабуля гадоў 10 таму памерла, дык Дзмітрый зусім перастаў прыязджаць».
Ці была гэта выпадковасць, ці дом хтосьці адмыслова падпаліў, пакуль невядома. У МНС кажуць, што прычыны пажара яшчэ высвятляюцца.
«Наша Ніва» звязалася з Дзмітрыем Балабам, але ён нават не даслухаў пытанне, адправіўшы па каментар у прэс-службу мінскай міліцыі.
«Наша Ніва»