Zerkalo.io запусціла прыкладанне для Android. Цяпер «новы TUT.BY» можна чытаць без VPN

З 20 ліпеня даступна прыкладанне Zerkalo.io для карыстальнікаў Android. Спампаваць прыкладанне можна ў Play Market.

b43872c24aa22268851795f8a2bc1d3c.jpg


8 ліпеня частка каманды TUT.BY, якая знаходзіцца за мяжой, запусціла праект Zerkalo.io. А ўжо праз некалькі гадзін яго заблакавалі ў Беларусі па рашэнні Мінінфармацыи. Што паслужыла падставай для абмежавання доступу, незразумела.

«Тыя, хто прывык чытаць беларускія навіны праз VPN, зменаў не заўважылі, але ёсць і тыя, каму прабіцца праз інфармацыйную блакаду складана. Мы лічым, што доступ да дакладнай інфармацыі павінен быць ва ўсіх, таму сёння мы запускаем прыкладанне Zerkalo. Карыстальнікі Android ўжо могуць запампаваць прыкладанне ў Play Market. У пачатку жніўня яно стане даступна і на iOS.

Zerkalo зроблена на аснове прыкладання TUT.BY, якое было перададзена выдаленай рэдакцыі разам з сацыяльнымі сеткамі і мэсанджарамі. Таму ўсе, у каго раней быў усталяваны TUT.BY, пры абнаўленні да свежай версіі, атрымаюць новае Zerkalo», — паведамляе калектыў праекта.

Уласнае прыкладанне дапаможа без VPN сачыць за навінамі Беларусі і свету.

«Прыкладанне мы запускаем у дзень нараджэння нашай калегі, журналісткі раздзела «Грошы і ўлада» на TUT.BY Алены Талкачовай. Яго яна адзначыць за кратамі. Лену затрымалі 18 траўня пасля ператрусу ў яе дома. Яна абвінавачваецца ў саўдзеле ў нявыплаце падаткаў і ўжо больш за два месяцы з яшчэ 14 калегамі, якія праходзяць па справе TUT.BY, знаходзіцца пад арыштам», — напісалі сябры каманды самага папулярнага беларускага СМІ, якія па-ранейшаму не здаюцца.