Завяршаецца прыём прац на конкурс “Народны журналіст-2014”

31 кастрычніка завяршаецца прыём прац на конкурс “Народны журналіст-2014”. Пра гэта ў інтэрв'ю карэспандэнту НЧ паведаміў адзін з арганізатараў творчага спаборніцтва, вядомы грамадска-палітычны дззяч Вінцук Вячорка. 



4334.jpg

Ён нагадаў, што чацвёрты год запар праводзіцца гэты конкурс, арыентаваны на непрафесійных журналістаў — нават не на журналістаў, а на людзей шматлікіх прафесіяў, якія займаюцца рознымі справамі. Гэтых людзей аб’ядноўвае тое, што яны бачаць болькі нашага жыцця. Пры гэтым яны так гучна хочуць сказаць пра гэтыя болькі, каб іх падтрымалі суседзі, калегі па працы, аднакашнікі і студэнты. Каб разам узяцца і зварухнуць агучаныя праблемы. Грамадзянаў хвалюе незаконны знос помнікаў архітэктуры з цэнтраў беларускіх гарадоў, немажлівасць стварыць белварускамоўны дзіцячы  садок, дзяржаўная манаполія на прыёмныя цэны на малако, што ўдарае па прыватных здатчыках прадукцыі жывёлагадоўлі. Якраз пра гэтае і шмат што іншае і пісалі ўдзельнікі трох конкурсаў мінулых гадоў.

“Прычым, да нашага гонару, некаторыя карэспандэнты — удзельнікі творчага спаборніцтва сёння ўжо парабіліся прафесійнымі журналістамі. А іншыя могуць пахваліцца тым, што яны, хоць і не сталі журналістамі, але змаглі адбіць наступ кепскіх сілаў на пэўныя добрыя рэчы. Так, сталічнаму Севастопальскаму парку пакуль што не пагражае разбурэнне і знішчэнне, дзякуючы высілкам адной з першых лаўрэатак конкурсу Валянціны Шалейнікавай”, — зазначыў Вінцук Вячорка.

Ён звярнуў увагу на тое, што кола ўдзельнікаў “Народнага журналіста” штораз крыху змяняецца, хаця ёсць ветэраны, якія дасылаюць свае матэрыялы на кожны конкурс. 

Для тых, хто жадае прыняць удзел у творчым спаборніцтве, спадар Вячорка нагадаў — журы конкурсу, у якое ўваходзяць паважаныя людзі розных прафесіяў, будзе звяртаць увагу не толькі на форму тэксту ці мультымедыйнага матрэыялу (фота, відэа, аўдыя), але будзе ўлічваць галоўнае – наколькі дасланая праца натхніць іншых людзей, наколькі аўтар зможа згуртаваць вакол сябе грмадскую энергію.

Зважаючы на сітуацыю, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь, а таксама неабходнасць тэрмінова ўсведамляцца і вяртаць сабе беларускую тоеснасць, арганізатары конкурсу ўвялі новыя намінацыі — Малады народны журналіст і Баронім сваё (ахова мясцовых матэрыяльных і духоўных культурных каштоўнасцяў, якім пагражае небяспека). Дарэчы, для гэтых намінацыяў тэрмін падачы працаў на конкурс завяршаецца 17 лістапада.

Больш падрабязна пра ўмовы творчага спаборніцтва можна дазнацца на сайце narodny.by