Памяці патрыёта Бацькаўшчыны Тадэвуша Рэйтана
У Мінску прэзентавалі 5-ы нумар літаратурна-мастацкага альманаха “Тэксты” з вынікамі конкурсу імя Тадэвуша Рэйтана. Такім чынам арганізатары прэзентацыі — выдавецтва “Галіяфы” і арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана адзначылі дзесяцігоддзе альманаха.
Вокладка пятага нумару альманаха “Тэксты”
Удзельнікі прэзентацыі зазначалі, што ўпершыню на землях былога Вялікага Княства Літоўскага надрукаваны зборнік працаў навукоўцаў і літаратараў, прысвечаны вялікаму сыну беларускай зямлі — Тадэвушу Рэйтану, герою знакамітага Надзвычайнага сойму Рэчы Паспалітай 1773 годуа ў Варшаве. Імя наваградскага падкаморыча Тадэвуша Рэйтана, які ў трагічныя для Бацькаўшчыны дні ўзначаліў невялікае кола літвінаў — дэпутатаў сойму, паўстаўшых супраць Першага падзелу Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, назаўсёды стала сімвалам нязломнага патрыятызму і грамадзянскай мужнасці.
Вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў так апісвае подзвіг Тадэвуша Рэйтана. Як дэпутат сойму, Рэйтан атрымаў катэгарычны наказ патрабаваць безумоўнага вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі ВКЛ. Нягледзячы на тое, што пад час сойму Рэйтана падтрымалі толькі два дэпутаты-ліцвіны (Самуэль Корсак ад Наваградку і Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі ад Мінску) ён выхапіў шаблю ў адказ на прапанову за дзве тысячы дукатаў пакінуць залю пасяджэнняў. А калі пад час прамовы Самуэля Корсака дэпутаты-здраднікі пачалі выходзіць з залі, Рэйтан лёг крыжам перад дзвярыма і закрычаў:
“Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыны!”. Калі ж здрадзіў і сам вялікі князь і кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Тадэвуш Рэйтан абвясціў галадоўку, цяжка захварэў і рэшту жыцця бавіў у роднай Грушаўцы, што на Ляхавіччыне.
Дарэчы, на вечарыне прагучала і іншая версія сыходу Тадэвуша Рэйтана ў іншы свет — палітычна матываванае забойства.
Сучаснікі лічылі Тадэвуша Рэйтана нацыянальным героем. У ягоны гонар у Ляхавічах, Баранавічах, Наваградку і Мінску называліся школы і вуліцы, узводзіліся помнікі і мемарыяльныя дошкі. Вядомыя літвіны XIX стагоддзя Адам Міцкевіч, Юліян Нямцэвіч, Гэнрык Жавускі і Францішак Смуглевіч прысвячалі Рэйтану і яго паплечнікам літаратурныя і мастацкія творы. На прыкладзе героя, які выратаваў гонар сваіх сучаснікаў, выхоўваліся пакаленні патрыётаў.
Удзельнікі прэзентацыі гаварылі пра вяртанне ў беларускі нацыянальны гістарычны пантэон імёнаў Рэйтана, Корсака і Багушэвіча, усебаковага ўшанавання іх памяці, а таксама аднаўлення і захавання радавой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы, дзе на думку выбітных дзячоў беларускай навукі і культуры мусіць паўстаць Дзяржаўны мемарыяльны музей Тадэвуша Рэйтана. Прычым, у музеі трэба адлюстраваць жыццё і дзейнасць як самога Тадэвуша Рэйтана, так і іншых прадстаўнікоў знакамітага роду: пісьменнікаў Станіслава і Ганны, асветнікаў і дабрадзеяў мясцовых жыхароў — Язэпа і Аліны — апошніх з роду. Выступоўцы заклікалі падтрымаць ідэю стварэнне ў адноўленай сядзібе Рэйтанаў гістарычна-культурнага комплексу нацыянальнага значэння.
Пад час вечарыны дэманстравалася выстава графікі вядомага беларускага мастака Алеся Родзіна “Род Рэйтанаў. Асобы. падзеі”.
Адкрыццё вечарыны