Затрыманы беларускамоўны студэнт БДУ Аляксандр Буйліцкі
Сілавікі паведамляюць, што Аляксандру Буйліцкаму пагражаюць два крымінальныя артыкулы. Хлопец быў актывістам «афіцыйнага» студсаюза.
Сёння тэлеграм-каналы, звязаныя з ГУБАЗіКам, паведамілі пра затрыманне 21-гадовага студэнта Аляксандра Буйліцкага. Ён навучаўся на 4 курсе спецыяльнасці «бізнес-адміністраванне» Інстытута бізнесу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, піша «Н*ша Ніва».
Аляксандр Буйліцкі вучыўся вельмі добра. На ЦТ ён набраў 353 балы, хоць і не займаўся з рэпетытарамі (хадзіў толькі на курсы матэматыкі).
Аляксандр вёў беларускамоўны Твітар пад нікнэймам @BuyLitSky. Усе іншыя ягоныя старонкі ў сацсетках таксама вяліся на беларускай мове.
На сайце БДУ хлопец сярод актывістаў студсаюза Інстытута бізнесу. Паведамляецца, што ён «арганізатар клуба інтэлектуальных гульняў "Ліга Бізнесу"».
Згодна з інфармацыяй ад сілавікоў, Аляксандра Буйліцкага вылічылі праз арышт адміністратараў аднаго з чатаў.