Затрыманне Мікіты Домрачава трапіла на відэа
"Учора я ехаў на ровары па веладарожцы па набярэжнай у раёне Зыбіцкай да
мамы. Даехаўшы да моста, я ўбачыў, як на мяне з крыкамі бягуць людзі ў
аліўкавай форме. Я спалохаўся, павярнуў у іншы бок, але адтуль, з-за
будынка, выбег іншы натоўп сілавікоў, ужо ў чорным", — распавёў Мікіта SPORT.TUT.BY.
— Яны проста павалілі мяне з ровара і, нічога не тлумачачы, пачалі біць. У мяне пасыпаліся іскры з вачэй, цякла па галаве кроў. Я спалохаўся за свой ровар — ён у мяне ўжо 10 гадоў і вельмі мне дарагі. Я спрабаваў вырвацца, каб зберагчы яго.
Але мяне закінулі ў мікрааўтобус. Там мне пагражалі, ткнулі дубінкай. Ад удараў і крыві на твары я нічога не бачыў. У нейкі момант я думаў, што аслеп, і прасіў выклікаць хуткую. Аднак мне казалі, што выклікаць яе не будуць, доктар будзе ў РУУС. Акрамя таго, мне пераціснулі рукі кайданкамі, яны анямелі, але на мае просьбы аслабіць сілавікі толькі смяяліся і абражалі мяне. Яны рыліся ў маіх асабістых рэчах, кашальку, але ніякай сімволікі там не было.
Праз нейкі час мяне перакінулі ў іншую машыну і яшчэ каля гадзіны вазілі па горадзе, але далі бінт, каб спыніць кроў.
У РУУС мяне прывезлі з групай іншых затрыманых. На мне не было абутку, ён згубіўся пры затрыманні. Там з дакументаў перапісалі мае дадзеныя, сфатаграфавалі мяне, паказанні ніхто не браў.
Праз нейкі час прыехала хуткая. У гэты ж момант мне прынеслі гатовы пратакол з усімі паказаннямі супрацоўнікаў, але прачытаць не далі, абгрунтаваўшы тым, што там асабістыя дадзеныя сілавікоў.
У пратаколе было пазначана, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Я сябе вельмі дрэнна адчуваў, моцна балела галава, таму я не стаў супраціўляцца і падпісаў яго. Суд павінен быць у судзе Фрунзенскага раёна Менска, дату я не ведаю.
Хуткая забрала мяне ў 3-ю бальніцу, там пасля некалькіх гадзін сядзення ў агульнай чарзе мяне паклалі ў палату. З раніцы я падпісаў адмову ад шпіталізацыі і з'ехаў дадому.
— Вы казалі сілавікам аб тым, хто вы? Хто ваша сястра?
— Не.
— А што з роварам?
— Я прасіў жонку пашукаць яго там, дзе мяне затрымалі, але яго ўжо не было. Я хвалююся за яго лёс.
— З Дашай ўжо размаўлялі?
— Пакуль не, але яна ведае аб тым, што здарылася, яна размаўляла з мамай.