Зарабляюць на хворых дзецях, а міліцыя не рэагуе
Па ўсёй Беларусі могуць дзейнічаць сеткі аферыстаў, якія збіраюць грошы нібыта на хворых дзяцей.
Сёлета сем’і хворых дзяцей, якія збіраюць грошы на лячэнне праз дабрачынныя фонды, пачалі скардзіцца на падманшчыкаў, якія незаконна зарабляюць на іх дзецях.
Праблема ў тым, што невядомыя раздрукоўваюць з інтэрнэта фота малых і просяць грошы ў пераходах і каля супермаркетаў. Беларусы ахвотна даюць. Але да дзяцей гэтыя грошы не даходзяць.
Асобаў з партрэтамі дзяцей стала так шмат, што іх складана не заўважыць. Размаўляем з дзяўчынай, якая стаіць ля мінскага супермаркета “Гіпа” з партрэтам хлопчыка.
Яна прадстаўляецца сястрой хворага віцябляніна Сяргея Якіменкі. Кажа, што на лячэнне ў Нямеччыне патрэбна 40 тысяч еўра. Дзяўчына называе сябе Марыяй Р.
Марыя Р.: Я з Віцебска, але пакуль у Мінску. Тут я звярталася па розных прадпрыемствах, фірмах. Людзі тэлефануюць. Хто мільён, хто 500 тысяч дае. Таму я пакуль тут, я нават не магу у Віцебск выехаць. Збіралі грошы праз “Кантакт”, сабралі 4000 еўра за год. І мы потым выдалілі адтуль старонку, таму што яе ўзламалі. У нас ёсць рахункі ў беларускіх рублях, расейскіх, далярах.
Знаходзім Марыю Р. Праз сацыяльныя сеткі. У асабістай інфармацыі пазначана, што яна не з Віцебска, а з Гомеля. Дарэчы, пра хворага Сяргея Якіменку інфармацыі няма ні ў сацыяльных сетках, ні на старонках дабрачынных фондаў. Хутчэй за ўсё, гэта фейкавая асоба.
У пераходзе ля менскага ЦУМу гутарым з іншай дзяўчынай, якая стаіць з партрэтам Мікалая М. Гэта ўжо рэальны дзіцёнак з Калінкавічаў. Дзяўчына адмаўляецца паказваць пашпарт, не можа назваць дыягназ хлопчыка, расказвае толькі пра тое, колькі ўдаецца сабраць грошай.
Дзяўчына з пераходу: За дзень калі 100 тысяч, калі 200, бывае, 350 тысяч рублёў. Усе дакументы ў мамы. Проста я як бы не адна. Мы сям’ёй сабраліся і збіраем. Я, напрыклад, тут стаю. Праўда, мы не ўсе родныя. Як бы стаім і збіраем.
Мама хворай на ДЦП Дар’і С. кажа, што амаль кожны тыдзень ёй тэлефануюць людзі з розных куткоў Беларусі і паведамляюць пра невядомых з партрэтамі яе дачкі. Жанчына з гэтай нагоды звярталася ў міліцыю.
Мама Дар’і С.: Гэта нейкая група асобаў. Як мінімум іх трое. Ходзяць з плакатам дзіцёнка ў Заслаўі, Гомельскай і Гарадзенскай абласцях. Мне здаецца, гэта нейкая сетка па ўсёй краіне. Мы пайшлі да намесніка начальніка РУУС. Ён зноў-такі сказаў, што тут прыдрацца няма да чаго. Ён спытаўся: “Па якім артыкуле падманшчыцу можна прыцягнуць да адказнасці?”
У праваахоўных органах не адмаўляюцца ад таго, што збіраць грошы такім падманным шляхам амаральна. Там ведаюць, што за адзін дзень адзін падманшчык атрымлівае ад 500 тысяч рублёў да мільёна. Але амаль немагчыма знайсці людзей, якія ахвяруюць грошы падманшчыкам. Дый для распачынання крымінальнай справы аднаму чалавеку трэба ахвяраваць ад 200 тысяч беларускіх рублёў. Мала хто столькі дае.
У той жа час ні міліцыя, ні Следчы камітэт, ні беларускія дэпутаты не заяўляюць пра тое, што падманшчыкі з партрэтамі дзяцей — гэта з'ява, з якой трэба рашуча змагацца. Праблема стаіць на месцы.
Сяргей Чыж, www.radyjo.net
фота аўтара