Жанна Літвіна: Калі дзверы зачыняюць — значыць, у доме “штосьці не так”
10 лютага беларускае МЗС агучыла намер запрасіць у Беларусь шэраг спецдакладчыкаў Савета ААН па правах чалавека — за выключэннем спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі Міклаша Харашці.
Гэткае асаблівае стаўленне патлумачылі “спецыфічнымі асабістымі якасцямі” сп-ра Харашці і “заснаваннем гэтай пасады без згоды з беларускім урадам", што, на думку МЗС, робіць немагчымым канструктыўны дыялог.
Прэс-служба ГА “БАЖ” звярнулася па каментар гэтай сітуацыі да Жанны Літвіной, якая неаднаразова сустракалася з Міклашам Харашці. У прыватнасці, старшыня БАЖ прысутнічала на прэзентацыі яго апошняга, другога па ліку, даклада па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, што адбылася напрыканцы кастрычніка 2013 г. у межах Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
У ім спецдакладчык, у прыватнасці, заклікаў пакласці канец ціску на журналістаў, забяспечыць свабоду выказвання, стварыць прававыя ўмовы для свабоды СМІ, выкараніць практыку цэнзуры і самацэнзуры, мінімізаваць кантроль за інтэрнэтам.
Ён таксама выказаў занепакоенасць сістэматычным ігнараваннем рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека і адсутнасцю рэакцыі на іх з боку афіцыйнага Мінска.
— Гэтая “нелюбоў да рэкамендацый”, якія гучаць з вуснаў спецдакладчыкаў па Беларусі, падаецца, стала ўжо хранічнай для афіцыйнага Мінска, — дзеліцца назіраннямі Жанна Літвіна. — Наогул, сфера, звязаная з правамі чалавека, — раздражняльны фактар для беларускага кіраўніцтва.
Рэакцыя афіцыйнага прадстаўніка Беларусі ў часе прэзентацыі дакладу здзівіла — яна была проста на мяжы абразы. Ён вельмі жорстка заявіў, што афіцыйны Мінск не прызнае ні мандату спецдакладчыка, ні дакладаў, якія ён рыхтуе. Таксама прагучала, што чалавек з мандатам — гэта “ачарняльнік” Беларусі, і што інстытут спецдакладчыка па краіне — з’ява часовая і бессэнсоўная... Такая рэакцыя не выглядала цывілізаваным адказам на крытыку і, відаць, не дадала даверу нашай краіне.
Калі дзверы зачыняюць — значыць, у доме штосьці не так.
Усе заявы пра гатовасць прыняць у сябе спецдакладчыкаў ААН застаюцца пустымі словамі, пакуль Беларусь не пачне супрацу з асноўным спецдакладчыкам. Але гэткі крок адразу надаў бы павагі да нашай краіны на міжнародным узроўні, сапраўды сведчыў бы пра гатовасць рухацца да дэмакратычных рэформаў.