Жанчыну, якая закаціла скандал у віцебскай аптэцы, будуць судзіць

1 верасня ў Першамайскім судзе Віцебска пройдзе адміністрацыйны працэс над 35-гадовай жанчынай, якая стала гераіняй скандалу ў адной з аптэк горада.


Яе вінавацяць па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэксу — абраза і дробнае хуліганства, паведамляе tut.by.

apteka_3008.jpg

Здарэнне адбылося 9 жнiўня. Віцяблянка Марына Паяркава прыйшла ў аптэку з мопсам на павадку. Калі правізар сказаў ёй, што ўваход з жывёламі забаронены і абслугоўваць яе не будуць, жанчына наладзіла скандал. Потым яна стала абражаць загадчыка аптэкі Максіма Самсонава і запатрабавала кнігу скаргаў.
Загадчыку аптэкі пакупніца заявіла: «Жывёла — гэта ты. Брудная, смярдзючая жывёла. Мой сабака каштуе даражэй за цябе».
Акрамя таго, наведвальніца пагражала Самсонаву звальненнем, а яшчэ аднаго супрацоўніка аптэкі абвінаваціла ў адсутнасці дастатковых прафесійных ведаў.
Інцыдэнт трапіў на відэакамеру, размешчаную ў аптэцы. Загадчык установы абнародаваў запіс у інтэрнэце, аднак заяву на жанчыну не пісаў. Самсонаў кажа, што міліцыя сама праявіла ініцыятыву і апытала яго як сведку.
Марына Паяркава свой учынак патлумачыла тым, што была ўзнерваная, бо яе муж апёк ногі бетонам і меў патрэбу ў медыкаментах.


Паводле euroradio.fm