10 прапаноў па лібералізацыі адміністратыўнага кодэкса

Цяперашняе заканадаўства правакуе на злачынствы міліцыянтаў і вымушае суддзяў выносіць несправядлівыя прысуды, лічаць праваабаронцы.

prapanovy_pa_libieralizacyi_adminzakanadaustva_liava_2_logo.jpg

Ініцыятыва “Крок да закону” і ГА “Прававая дапамога насельніцтву” прэзентавалі прапановы па стварэнні адміністратыўнай юстыцыі і па лібералізацыі адміністратыўнага заканадаўства.

prapanovy_pa_libieralizacyi_adminzakanadaustva_liava_1_logo.jpg


Алег Волчак падчас канферэнцыі звярнуў увагу, што паводле звестак МУС, кожны год да адміністратыўнай адказнасці прыцягваецца каля 3,8 мільёнаў чалавек (акрамя судоў, гэтае права маюць каля 30 упаўнаважаных органаў). У судовым парадку ў 2016 годзе да адказнасці прыцягвалася 341 тысяча 709 чалавек. З іх пакарана арыштам 42 тысячы, штрафамі — 222,5 тысячы. Памеры штрафаў для грамадзян дасягаюць 50 базавых велічынь, для суб’ектаў гаспадарання — 1000 базавых велічынь.

prapanovy_pa_libieralizacyi_adminzakanadaustva_liava_3_logo.jpg

Адміністратыўнае заканадаўства даўно наспеў час змяняць, лічаць распрацоўшчыкі прапаноў.

Сённяшні КоАП фактычна правакуе на злачынствы міліцыянтаў, якія па загадзе начальства ілжэсведчаць, і суддзяў, якія вымушаны выносіць несправядлівыя прысуды адносна ўдзельнікаў апазіцыйных акцый.

Пры велізарнай колькасці адміністратыўных спраў, існуе вельмі абмежаваная колькасць тых, хто можа аказваць прававую дапамогу ў судзе (на сённяшні дзень, па законе, гэта могуць рабіць толькі адвакаты). На думку распрацоўшчыкаў прапаноў, у сённяшнім КоАП прадугледжаны занадта вялікія штрафы і занадта вялікія тэрміны арышту за адміністратыўныя правапарушэнні, а ўмовы для арыштаваных не адпавядаюць міжнародным правілам. Магчымасці для абскарджвання дзеянняў дзяржслужбоўцаў і адміністратыўных пакранняў таксама істотна абмежаваныя.

 

prapanovy_pa_libieralizacyi_adminzakanadaustva_liava_5_logo.jpg

Удзельнікі канферэнцыі, сярод якіх былі заслужаны юрыст Міхаіл Пастухоў, праваабаронцы Алег Волчак, Вольга Маёрава, Наталля Гарачка-Басалыга, Юры Ваўчок прэзентавалі і пракаментавалі па некалькі пунктаў прапаноў па стварэнні адміністратыўнай юстыцыі і па лібералізацыі адміністратыўнага заканадаўства. Тэзісна гэтыя пункты выглядаюць так:

1. Прыняць закон пра абскарджванне ў судовым парадку дзеянняў і рашэнняў прадстаўнікоў уладаў, якія парушаюць правы і свабоды грамадзян у сферы адміністратыўных праваадносінаў

2. Скараціць колькасць дзяржаўных органаў, упаўнаважаных прыцягваць грамадзян да адмінадказнасці ў па-за судовым парадку.

3. Увесці інстытут адміністратыўнага правасуддзя.

4. Ролю абвінавачвання павінен выконваць бок, які ініцыюе адміністратыўны працэс.

5. Вярнуць права грамадзянам запрашаць для абароны сваіх прадстаўнікоў (не толькі адвакатаў)

6. Прадугледзіць права абскарджвання пастановы пра адміністратыўнае спагнанне, а таксама зменшыць памер пошліны за падачу скаргі.

7. Прызнаць адміністратыўны арышт выключнай мерай адміністратыўнага пакарання і абмежаваць яго максімум 10 суткамі.

8. Паменшыць памеры штрафаў і абмежаваць прымяненне канфіскацый.

9. Прыняць захады для перагляду КоАП і ПВКоАП

10. Стварыць пасаду амбудсмена.

 

prapanovy_pa_libieralizacyi_adminzakanadaustva_liava_4_logo.jpg

Як заявілі арганізатары прэсавай канферэнцыі, згаданыя вышэй прапановы заснаваныя на выніках дзейнасці групы экспертаў у межах Дыялогу па мадэрнізацыі Рэспублікі Беларусь, які праходзіў пад эгідай прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ў 2011–2012 гадах, які быў фактычна прыпынены. Праваабаронцы гатовыя аднавіць такі дыялог і гатовыя ў ім удзельнічаць. Прапановы ў бліжэйшы час будуць накіраваныя ў Вярхоўны суд, МУС, Генпракуратуру, Палату прадстаўнікоў, Адміністрацыю прэзідэнта.

Фота аўтара