Замест вуліцы Васіля Быкава ў Брэсце будзе вуліца мітрапаліта Філарэта
Вуліцы Халтурына і Арджанікідзэ ў Брэсце пераймянуюць. Пра гэта паведаміў кіраўнік гарвыканкама Аляксандр Рагачук.
Вуліца Халтурына атрымае назву ў гонар праваслаўнага мітрапаліта Філарэта, а частка вуліцы Арджанікідзэ будзе перайменаваная ў гонар ганаровага грамадзяніна Брэста Міхаіла Іофе — былога дырэктара «Брэстгазаапарата», піша Еўрарадыё.
Пра перайменаванне брэсцкіх вуліц, названых у гонар расійскіх і савецкіх рэвалюцыянераў, гавораць ужо некалькі гадоў. Актывісты яшчэ ў 2009 годзе збіралі подпісы за тое, каб вуліца Халтурына была перайменаваная ў гонар Васіля Быкава. Пад гэтым зваротам падпісваліся і самі жыхары вуліцы. Аднак гарадскія ўлады адмовілі і заявілі, што нададуць імя пісьменніка адной з новых вуліц горада.
Новая вуліца з такой назвай дагэтуль так і не з'явілася.