За размовы па тэлефоне жыхару Рэчыцы прысудзілі 1,5 года калоніі

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля скончыўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай на Максіма Ялканава, якога абвінавацілі ў арганізацыі ў Гомелі і Рэчыцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады.

file_1338.jpg

Тое, што карныя органы цяперашняй улады ў Беларусі палічылі арганізацыяй нейкіх парушэнняў парадку – гэта некалькі тэлефанаванняў Максіма Ялканава сваім даўнім сябрам, роднаму і стрыечнаму братам з прапановай прайсціся ў цэнтр Рэчыцы і, магчыма, з’ездзіць у Гомель. Летась 10 жніўня Максім і некаторыя іншыя ягоныя сябры, прагледзеўшы відэаролікі з вуліцаў і плошчаў Мінска ды іншых гарадоў, былі дужа ўзрушаныя зверствамі сілавікоў супраць бяззбройных мірных дэманстрантаў у шортах і майках, якія выйшлі, каб выказаць сваю нязгоду з масавымі фальсіфікацыямі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі напярэдадні.
Максім прапанаваў пасля працы сустрэцца на альтаны на вуліцы Сняжкова ў Рэчыцы і адтуль прайсці на плошчу ў цэнтры горада. Хлопцы хацелі пабачыць, ці сапраўды ў гарадах Беларусі адбываюцца гэткія жорсткія сутыкненні паміж насельніцтвам і ўрадавымі структурамі. Ужо на плошчы, дзе не адбывалася нічога, што можна было б лічыць парушэннем парадку, хлопцы вырашылі з’ездзіць у Гомель і пабачыць, як праходзяць пратэсты ў другім з вялічыні горадзе краіны.
У Гомелі пяцёра сяброў паспелі толькі выйсці з прыпаркаванай машыны і прайсці некалькі соцень метраў, як былі затрыманыя сілавікамі. Яны нават не бачылі аніякіх пратэсных падзеяў. У той жа час супрацоўнікі карных органаў затрымлівалі на іхніх вачах многіх мінакоў, якія ішлі вуліцаю Савецкаю ў бок плошчы Паўстання.

Дзяржабвінаваўца Ірына Курбацкая

Дзяржабвінаваўца Ірына Курбацкая


Максім Ялканаў падчас судовага паседжання цалкам прызнаў віну. Дзяржабвінаваўца – намесніца пракурора Гомеля Ірына Курбацкая ў спрэчках прызнала, што Ялканаў супрацоўнічаў са следствам, прызнае віну і, як ёй падаецца, шчыра раскайваецца. Але яна запрасіла ў суда ізаляваць Максіма Ялканава ад грамадства, прызначыўшы яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію агульнага рэжыму.
У сваім апошнім слове Максім Ялканаў, узгадваючы падак словаў, сказаў, што ён «шчыра шкадуе пра тое, што ўчыніў дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, тым самым здзейсніў злачынства», паабяцаў, што ў будучыні прыкладзе максімум намаганняў, каб прынесці карысць дзяржаве, выбачыўся перад маці за тое, што прымусіў яе хвалявацца і папрасіў суд не ўжываць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі і «даць апошні шанец» і выказаў абяцанні, што «больш ніколі не будзе здзяйсняць парушэнні закона». Звонку апошняе слова Ялканава выглядала як паўтарэнне завучаных штампаваных фразаў.

file_1339.jpg


18 чэрвеня суддзя Сяргей Салоўскі, які разглядаў справу, вынес Максіму Ялканаву прысуд. Ён пастанавіў прызнаць яго вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады. Салоўскі прызначыў Ялканаву пакаранне ў выглядзе аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. У тэрмін адбыцця пакарання залічваецца час знаходжання пад вартай з 9 сакавіка 2021 года адзін адседжаны да суда дзень за адзін дзень пакарання.
palesse.press