Вярхоўны суд пакінуў без змен прысуд палітвязню Троцкаму, якога асудзілі да 10 гадоў калоніі
У Вярхоўным судзе 15 чэрвеня была разгледжаная апеляцыйная скарга на прысуд палітзняволенаму 45-гадоваму бізнесмену з Мінску Аляксандру Троцкаму. 5 сакавіка Мінгарсуд асудзіў яго за наезд на супрацоўніка ДАІ як за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса) — да 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Суддзя Уладзімір Чаравач пакінуў скаргу палітвязня без задавальнення — у хуткім часе яго этапуюць для адбыцця пакарання ў калонію на 10 гадоў. Сам Аляксандр на разглядзе сваёй скаргі не прысутнічаў — ні асабіста, ні праз скайп. Месяц таму яго перавялі з мінскага СІЗА №1 у магілёўскую турму №4. Жонка і сын Аляксандра змаглі сустрэцца з ім у турме на наступны дзень пасля пасяджэння ў Вярхоўным судзе. Родныя распавялі «Вясне», як адчувае сябе палітвязень і што яго турбуе цяпер.
Паводле слоў сына Аляксандра, ён адчувае сябе параўнальна нармальна. Цяпер яго ўжо не змяшчаюць у карцар, але пра прычыны ранейшых спагнанняў так нічога і невядома.
«Адзінае, што ён у поўным інфармацыйным вакууме. Бо "хата" маленькая, і туды не часта "заязжаюць" людзі, як гэта было на "Валадарцы", таму ён не ў курсе навін. Таксама ўсё сумна ў плане кніг і самаадукацыі.
Але галоўны сум у бацькі — тое, што яму прыходзіць вельмі мала лістоў. Яму нават не дайшлі лісты ад сяброў, якія яму дакладна пісалі. Ён атрымлівае лісты вельмі рэдка».
За што асудзілі Аляксандра?
Суддзя Сяргей Хрыпач прызнаў Аляксандра вінаватым па арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса, вырашыў, што ў Троцкага сапраўды быў намер на забойства супрацоўніка ДАІ, і пакараў яго 10 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў прасіў пакараць Троцкага 11 гадамі калоніі. Таксама суд абавязаў Троцкага выплаціць пацярпеламу супрацоўніку ДАІ 10 тысяч рублёў маральнай і матэрыяльнай шкоды.
Нагадаем, Мінскі гарадскі суд 5 сакавіка вынес прысуд па крымінальнай справы за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 14 арт. 362 Крымінальнага кодэкса) супраць 45-гадовага бізнесмена Аляксандра Троцкага. Паводле абвінавачання, ён правёз 12 жніўня на капоце сваёй машыне супрацоўніка ДАІ Уладзіміра Юрава, у выніку чаго той атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Паводле слоў Троцкага, яго машыну беспрычынна спынілі людзі ў цёмным і балаклавах, а калі той, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ «дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўся проста ў галаву», пасля гэтага ён з'ехаў з месца.
Пасля затрымання Троцкага моцна збілі. З чэрапна-мазгавой траўмай пад канвоем і ў кайданках ён правёў у шпіталі тры тыдні. Затым Аляксандра Троцкага перавялі ў СІЗА-1 па крымінальнай справе за гвалт у дачыненні да міліцыянта (арт. 364 КК). Але перад перадачай справы ў пракуратуру следчыя перакваліфікавалі абвінавачанне на больш жорсткае — «Замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Падтрымаць палітвязня можна па адрасе:
Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А,
Аляксандру Фёдаравічу Троцкаму