З-за галалёду ў бальніцы ў Мінску трапілі амаль сем дзясяткаў чалавек

За мінулыя суткі некалькі дзясяткаў чалавек трапілі ў лякарню з-за галалёдных траўмаў. Учора ў другой палове дня змянілася надвор’е, на дарогах утварыўся галалёд, а тратуары ў Мінску ператварыліся ў коўзанку.

Фота: Аляксандр Корсакаў, TUT.BY

Фота: Аляксандр Корсакаў, TUT.BY


Пра гэта паведаміла TUT.BY прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун: «Па стане на 23.00 ўчора ў Мінску з-за галалёдных траўмаў былі шпіталізаваны 61 дарослы пацыент і 8 дзяцей. А ў Віцебскай вобласці дапамогу амбулаторна атрымалі 8 дарослых і 8 дзяцей».

Паводле яе слоў, у Магілёве галалёд пачаўся толькі сёння раніцай, у астатніх абласцях такой праблемы пакуль няма.

Зімой людзі часцей за ўсё атрымліваюць траўмы костак і суставаў. Гэта здараецца ў дварах, на ходніках і дарогах. Галалёд, ямы і выбоіны на дарозе, непрыбраны цвёрды снег могуць стаць прычынай траўмаў. Алкагольнае ап'яненне пагаршае сітуацыю: у 30% выпадкаў маюцца суправаджальныя траўмы, можа дадацца і абмаражэнне рук ды ступакоў.

«Цяперашняя зіма не стане выключэннем з правілаў. З выпадзеннем першага снегу звычайна ў 2–3 разы павялічваецца частата зваротаў па дапамогу ў медыцынскія ўстановы з нагоды траўмаў. У асноўным гэта ўдары, у 15% выпадкаў — пераломы костак, а вывіхі ў 10% выпадкаў », — распавяла TUT.BY Юлія Барадун.

Паводле TUT.BY