З такімі ідэолагамі ідэалогіі не патрэбныя ніякія ворагі
Няма больш надзейнага спосабу займець прыхільнасць моладзі, чым караценька так, на чатыры з паловай гадзіны без перапынку, прымусіць слухаць лекцыю. І змест лекцыі ўжо не мае ніякага значэння. Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў сваёй адметнай манеры разважае пра справы моладзі і 1-га верасня
— Ведаеш, вагаўся, з чаго б мне сёння пачаць. Думаў, можа пачаць з моладзі, але потым вырашыў, што пачну з прэзідэнцкіх перамог. Таму што ўчора я ўбачыў, як выглядае сапраўдная перамога, палітычная стабільнасць і ўпэўненасць у сабе. Прэзідэнт абвясціў амністыю ўдзельнікам пратэстаў, прапанаваў правесці восенню гэтага года датэрміновыя выбары і абмежаваць прэзідэнцкія паўнамоцтвы адным тэрмінам, без права пераабірацца нанова. І паабяцаў правесці рэформы, каб у прэзідэнта было менш улады.
Але… ледзь не забыўся ўдакладніць. Гэта быў, вядома, прэзідэнт Казахстана. Вось даў рады ён неяк за паўгода. Атрымліваецца, што калі не захапляцца помстай ворагам стабільнасці, то стабільнасць робіцца значна стабільнейшай. І нават датэрміновыя прэзідэнцкія выбары не пагражаюць гэтую стабільнасць дэстабілізаваць. І калектыўны Захад нічога табе не хістае, і ў чужых спецыяльных аперацыях можна не ўдзельнічаць. І можна яшчэ абвясціць сабе поўны нейтралітэт — і табе за гэта нічога не будзе.
А ад пастаянных перамог над ворагамі стабільнасці стабільнасць, наадварот, толькі псуецца. І замест нейтралітэту даводзіцца паўтараць мантру пра тое, што Расія не можа прайграць. Як я разумею, гэта нешта з серыі заспакаяльных медытатыўных практык. Таму што пакуль Расія не можа толькі выйграць.
Вось цяпер можна і пра моладзь. Ну што табе сказаць пра моладзь? Пасля ўчорашняга я спакойны за нашу моладзь. Вось ідэолагі стабільнасці так доўга прадумвалі план "Як нам завабіць маладых людзей?», што я пачаў было нават крыху хвалявацца. Але ўчора перастаў. Таму што калі вішанькай на торце гэтага плана быў учорашні выступ — то за моладзь можна зусім не хвалявацца. З такімі ідэолагамі ідэалогіі не патрэбныя ніякія ворагі. Самі даюць рады.
Таму што няма ж больш надзейнага спосабу завабіць моладзь, чым караценька так, хвілін на 270-280, а больш і не трэба, — даць ёй сваю лекцыю. І змест лекцыі ўжо не мае ніякага значэння. Таму што чатыры з паловай гадзіны без абеду можна ідэалагічна насычаць сведак стабільнасці і спецыяльна навучаных міністраў, якім за гэта плацяць спецыяльную міністэрскую зарплату. А не студэнтаў за стыпендыю. І не старэйшых школьнікаў — бясплатна.
Але, што характэрна, як быццам проста чатырох з паловай гадзін было мала, моладзі яшчэ і расказалі пра актуальныя ў маладзёжным асяроддзі тэмы: шматпалярны свет, каласавыя збожжавыя і беларускі суперкампутар на базе, кажуць, Lenovo. Для надзейнасці яшчэ і карты паказалі.
А ў некаторых асабліва ідэалагічна прасунутых установах заваблівалі яшчэ і малебнам. Хоць, праўду кажучы, на ўсю моладзь адной лекцыі хапіла б. Ужо завабілі — дык завабілі. І калі да ўчорашняга дня ў студэнтаў і старэйшых школьнікаў не было асаблівых палітычных сімпатый, то пасля ўчорашняга — з антыпатыямі, яны, я так думаю, вызначыліся працэнтаў на дзевяноста.