«З гонарам усім кажу: мае муж і сын у турме за неабыякавасць». Гісторыя бабруйчанкі Алены Букас
Сям’я Букасаў з Бабруйска апошні раз збіралася разам 10 жніўня 2020 года: у той вечар яны пайшлі па торт у гандлёвы цэнтр на плошчы Леніна. Па дарозе сталі сведкамі затрымання кіроўцы за адсутнасць тэхнічнага агляду.
Старэйшы Букас, Ігар, заступіўся і прасіў даішнікаў не
караць мужчыну. Ужо праз некалькі хвілін пасля спробы залагодзіць канфлікт
Ігар ляжаў на зямлі, а на ім сядзеў міліцыянт і ціснуў дручком на кадык.
Абараняць бацьку кінуўся сын. У выніку абодвух асудзілі паводле арт. 364
Крымінальнага кодэкса («Гвалт у дачыненні міліцыянта»). У малодшага Букаса,
Алега, на волі засталася нованароджаная дачка, якой патрэбная аперацыя на
сэрцы.
«ТАМ, ЗА КРАТАМІ, ЯШЧЭ БОЛЬШ ЗА НАС ЧАКАЮЦЬ ВЯСНЫ»
З Аленай Букас, жонкай Ігара і маці Алега, мы сустрэліся праз два дні пасля таго, як 25 лютага Магілёўскі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне бабруйскага суддзі Андрэя Ліцвіна: Ігару — чатыры гады ў калоніі строгага рэжыму, Алегу — два гады калоніі агульнага рэжыму. Жанчына падзялілася з «Белсатам» уражаннямі ад спаткання з блізкімі адразу пасля разгляду апеляцыі.
— Іх прывялі ў кайданках, прычапілі да нейкай жалезнай трубы, — распавяла спадарыня Алена. — Аня [жонка Алега. — Заўв. рэд.] таксама
хадзіла, казала, што паставіла дачку на ножкі каля тэлефона, праз які
размаўляюць, а Алег свабодную руку прыціснуў да шкла, каб і дачка магла
прыкласці сваю далоньку. Не паразмаўлялі, праплакалі ўсю гадзіну.
54-гадовы Ігар Букас таксама плакаў. Такім жонка бачыла яго
ўпершыню за ўсе паўгода ў СІЗА.
—— Казаў, што не вытрывае, калі я яго за гэты час кіну, — ледзь стрымлівае слёзы і спадарыня Алена. — Прасіў, каб распавяла пра ўсё, што
адбываецца ў краіне. Паўтараў: «Мне ўсё роўна, што слухаюць, кажы ўсё».
Паразмаўлялі пра суд на Бабарыкам, пра Ціханоўскую, я
распавяла, як праходзяць суды, па колькі гадоў людзям даюць. Яны там, за
кратамі, яшчэ больш за нас чакаюць вясны і перамен.
«СА СТОЛІ ПАДАЮЦЬ КАВАЛКІ ПАБЕЛКІ, СПЛЮ Ў КУРТЦЫ І ШАПЦЫ»
Ігар і Алег больш за паўгода застаюцца ў бабруйскім СІЗА №5. Паводле Алены, яны вельмі чакаюць, каб іх хутчэй этапавалі. Спадзяюцца, у калоніі будзе лягчэй.
— Ігар кажа пра камеру, што ў нас у гаражы лепш. Сырая,
абшарпаная, халодная, — распавядае жонка вязня. — Абодвух паставілі на
прафілактычны ўлік як схільных да экстрэмізму. Нават у душ водзяць у кайданках.
Алег Букас правёў тры дні ў карцары за тое, што прылёг і
заснуў удзень, бо кепска пачуваўся.
Спадарыня Алена адзначае, што і сын, і муж моцна схуднелі,
хоць на ежу не скардзяцца:
— Магчыма, каб не засмуціць мяне. А можа, нервы адбіваюцца.
Жанчына дастае бела-чырвоную кіпу лістоў з СІЗА: Ігар Букас
недзе дастаў паперу чырвонага колеру і клеіць з яе канверты.
— «Родная мая! Учора атрымаў ад цябе ліст, — чытае спадарыня
Алена. — Дзякуй вялікі табе за яго. Перад гэтым мне сніліся дрэнныя сны. Сіл няма ад нерваў, аж дрыжыць усё цела. У галаве ўсялякія думкі перабіраю. Раскажу
крыху пра сябе. 9 лютага нас з Алегам паставілі на яшчэ адзін прафілактычны
ўлік — за схільнасць да нападу на супрацоўнікаў міліцыі. Сказалі, што такая
папера прыйшла з Мінска. Цяпер нас паўсюль водзяць у кайданках. Вельмі
нязручна, асабліва калі ідзеш з душа: абліваешся потам і не можаш выцерціся.
Камера проста жах. Са столі кавалкамі сыплецца пабелка. Вельмі сыра і халодна. Сплю
ў куртцы, шапцы і штанах. Трымаюся. Калі прыходзяць твае лісты, чытаю і баюся,
каб у вас там было ўсё добра».
МІЛІЦЫЯНТЫ КАЗАЛІ, ШТО ІГАР П’ЯНЫ, ЭКСПЕРТЫЗА ПАКАЗАЛА 0
ПРАМІЛЕ
Алена Букас часта згадвае той жнівеньскі вечар, які раз’яднаў сям’ю. Муж не хацеў нічога дрэннага: падышоў і па-чалавечы папрасіў работніка ДАІ не штрафаваць кіроўцу, бо ва ўсіх цяпер кепска з грашыма. І ўжо збіраўся сыходзіць. Але ў той момант даішнік загадаў калоне міліцыянтаў у поўнай амуніцыі: «Сюды, браць». Ігара павалілі на зямлю, сілавік сеў на яго і прыставіў дручок да шыі.
— Натуральна, сын кінуўся абараняць, — кажа спадарыня Алена. —Гэта ж інстынктыўна. Які сын будзе спакойна глядзець, як бацьку душаць? Я
сама гатовая была адцягваць гэтага міліцыянта. Калі б дачка мяне не спыніла, я
не ведаю, што было б. Я крычала: «Людзі, дапамажыце, бо забʼюць!» Там жа
чалавек 15 беглі да нас у гэтых шаломах. І забілі б, не сумняюся.
Букасы і падумаць не маглі, што далей будуць суды і такія
тэрміны. Тады ўсім давалі суткі, а потым наогул пачалі адпускаць. Але не Ігара
з Алегам. А хлопцы, якія выходзілі з СІЗА, распавядалі страшныя рэчы: што Ігар
тры дні грукаўся ў дзверы і прасіў выклікаць яму доктара. А калі ўсё ж завезлі
ў шпіталь, высветлілася, што ў яго зламаны нос, надарванае вуха, удар ныркі,
высокі ціск.
— Потым міліцыянты сказалі, што Ігар быў п’яны, сам упаў і
зламаў нос, — кажа спадарыня Алена. — Але экспертыза паказала дакладна, што і ў
сына, і ў мужа алкаголю было 0 праміле.
«СА ЖНІЎНЯ Ў НАС БОЛЬШ НЯМА СУДОЎ»
На судзе ў Бабруйску маёр ДАІ, які даў загад «браць», Уладзімір Мяньшоў, прасіў не знявольваць Букасаў, але на прысуд гэта не паўплывала.
Паводле Алены Букас, Ігар і Алег вельмі спадзяваліся на
апеляцыю:
— Ігар пісаў, што мусіць быць справядлівы суд. Я, гледзячы
на тое, што робіцца ў краіне, адказвала: «Вы не ведаеце, што ў нас са жніўня
больш няма судоў, якія б кіраваліся законам і выносілі справядлівыя выракі».
Зрэшты, іх і раней не было, проста людзі, якія не сутыкаліся з гэтым, не
заўважалі. Цярпелі тыя, хто трапляў у жорны сістэмы. Цяпер цярпяць усе.
Пасля арышту Ігара і Алега сям’я Букасаў яшчэ больш
аб’ядналася:
— У нашых родных і сяброў расплюшчыліся вочы на тое, што
адбываецца ў краіне, — адзначае бабруйчанка. — Я бачу, што нават людзі, якія
раней былі лаяльнымі, вельмі негатыўна сталі ставіцца да суддзяў, пракурораў,
міліцыі, якая павінна абараняць людзей, а насамрэч бʼе нас. Я адчуваю цяпер
так: калі ты носіш форму — ты вораг народа.
Старэнькая маці спадарыні Алены летась упершыню за 26 гадоў
пайшла на выбары. Ёй цяжка хадзіць, яна амаль нічога не бачыць, але вельмі
хацела прагаласаваць супраць Лукашэнкі.
У ДАЧКІ АЛЕГА ДЫЯГНАСТАВАЛІ ПАРОК СЭРЦА
Вельмі цяжка сям’і цяпер у фінансавым плане: і спадарыня Алена, і Ганна, маладая жонка Алега, страцілі кармільцаў. Пакуль цягнуліся судовыя разборы, вялізныя сумы пайшлі на адвакатаў. Дапамагае маці спадарыні Алены са сваёй пенсіі, яна ўзялася аплочваць камуналку. Сама спадарыня Алена ўладкавалася на працу, калі зразумела, што чаканні на хуткае вяртанне мужа марныя:
— Я спадзявалася, што іх адпусцяць яшчэ да Новага года і мы
разам зоймемся грузаперавозкамі. Але не адпусцілі. Пайшла шукаць працу.
Аказалася, гэта не так проста.
На адным з месцаў трэба было ўказаць у анкеце наяўнасць
судзімасцей у блізкіх. На іншым працадаўца пазнаў Алену Букас, сказаў: «Я вас
ведаю, і вы пра сябе ўсё ведаеце». Жанчына ўсё зразумела і сышла сама. Пайшла
на Бабруйскі мясакамбінат, дзе «бяруць усіх, бо за трыста рублёў ніхто не хоча
працаваць». Адтуль яе накіравалі кухоннай работніцай у новую школу «ад
мясакамбіната». Заробак мінімальны. На яго жанчыне трэба жыць самой, вучыць
малодшую дачку, збіраць перадачы мужу і сыну, дапамагаць нявестцы з унучкай — у
жонкі Алега засталася толькі дапамога на дзіця.
Алег і Ганна ажаніліся ў 2019 годзе. 21 красавіка 2020-га ў
іх нарадзілася дачка Ніколь. Сёлета на планавым аглядзе ў дзяўчынкі выявілі
парок сэрца: да трох гадоў Ніколь будзе на кантролі ў медыкаў, потым, магчыма,
спатрэбіцца аперацыя. Акрамя таго, не ўсё добра ў дзяўчынкі з ныркамі. Праблемы
са здароўем пасля родаў з’явіліся і ў Ганны.
На разглядзе апеляцыі ў Магілёве Аляксандр Рыжкоў, адвакат
Алега Букаса, даў калегіі суддзяў дакументы, якія пацвярджаюць хваробы
немаўляці і мамы, і прасіў змякчыць меру пакарання для Алега, змяніць
зняволенне на абмежаванне волі.
СТРАХ РЭПРЭСІЙ — У БЕЛАРУСАЎ У КРЫВІ
Ігар і Алена Букасы разам больш за 26 гадоў. Ігар некалі працаваў участковым, потым — старэйшым аператыўным упаўнаважаным крымінальнага вышуку ў Бабруйску. Сышоў з органаў у 2001 годзе па ўласным жаданні. Да арышту працаваў кіроўцам на бабруйскай птушкафабрыцы.
У Букасаў трое дзяцей. Старэйшая Вольга — юрыстка,
скончыла Беларускі інстытут правазнаўства, неўзабаве мае нарадзіць дзіця.
19-гадовая Кацярына вучыцца на бухгалтарку. Алегу ў красавіку будзе 25. Ён
цясляр паводле адукацыі, але маладзён заўсёды захапляўся машынамі, таму стаў
кіроўцам у сямейнай справе.
— Алег вельмі працавіты, — распавядае спадарыня Алена. — Калі падлеткі па лавачках збіраліся, ён — у гаражы, дапамагаць тату. А яшчэ з
самага дзяцінства хацеў сямʼю, дзяцей. Вельмі сямейны. Аня мне дзякавала за
такога сына.
Паводле спадарыні Алены, Алег — копія дзеда Адама
Цэхановіча:
— Ніколі не пройдзе міма, калі некага крыўдзяць. Ён і ў
школе такі быў. Мяне пастаянна настаўнікі выклікалі: ён лез у бойкі, заступаўся
за дзяўчатак. За сясцёр сваіх таксама.
Дзед Адам Цэхановіч — паляк. Жыў у вёсцы Глуша Бабруйскага
раёна. Служыў у марскім флоце, працаваў машыністам на чыгунцы. Стаў ахвяраю
рэпрэсій, яго расстралялі як здрадніка народа. Сям’я так і не даведалася, дзе
яго магіла. Тата Алены Букас, Фелікс Цэхановіч, памёр два гады таму. У
роднай Глушы засталася яго 92-гадовая сястра Ядвіга Календа.
— А мама ў нас беларуска, — працягвае бабруйчанка. — І нас
запісала беларусамі. Са страху, што будуць яшчэ рэпрэсіі і нам дастанецца, калі
палякамі запіша. Так і казала: «Баялася, што і вас забяруць, расстраляюць, і
магілы таксама не знойдзем». Відаць, страх рэпрэсій — у беларусаў у крыві.
Алена думае пра афармленне карты паляка ды эміграцыю, калі
сын і муж выйдуць на волю. А вось дочкі ўпэўнена кажуць, што застаюцца і будуць
чакаць добрага жыцця ў сваёй краіне.
«МНЕ НЕ СОРАМНА, ШТО МУЖ І СЫН У ТУРМЕ. Я ГАНАРУСЯ ІМІ»
Самым непрыемным пасля арышту мужа і сына было страціць сяброў.
— Я была ў шоку, калі бачыла, як людзі, з якімі нібыта
сябравалі па 25 гадоў, пачыналі шарахацца ад нас, — адзначае жанчына. — Мяне
пытаюць, чаго нам не ставала. Я не разумею гэтага пытання. Я ім кажу, што не ў
матэрыяльных жа каштоўнасцях, дастатку справа, яна тут зусім у іншым.
Спадарыня Алена не можа зразумець і сяброў Алега, якія
дасюль не напісалі яму аніводнага ліста. Ёй ніколі не было сорамна за мужа і
сына:
— Калі я выбірала адзенне для перадачы, мяне прадавец пытае
каму. Адказваю, што ў турму — сыну і мужу. Купляла вусцілкі для абутку — мне
кажуць, цяпер такіх не носяць, куды мне такія трэба. Проста адказваю: у турму.
Мне не сорамна. Я ганаруся, што выхавала такога сына, што ён ніколі не будзе
абыякава стаяць убаку. Я ў кожным лісце пішу яму: «Ты сапраўдны мужчына, які зможа
пастаяць за сябе і блізкага. Я ганаруся табою».
Спадарыня Алена стараецца трымацца, хоць часам бывае вельмі
цяжка. Жанчына кажа, што стала дрэнна спаць, а ўдзень не мае сіл на
элементарныя рэчы:
— Я хачу спаць, але не магу: мозг не адключаецца, пастаянна
пракручваю ў галаве ўсё.
Бабруйчанка вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамагаў яе сям’і
і працягвае падтрымліваць.
— Пасля спаткання я наўзрыд плакала ў машыне, галасіла.
Потым узяла сябе ў рукі і паехала да нявесткі, — кажа Алена Букас. — Гэта не
гора. Мы не носім кветкі на могілкі. З турмы ўсе вяртаюцца, гэта з зямлі ніхто
не падняўся. Таму перажывём. Вытрываем. Я веру, што будуць перамены, што ўсё не
дарэмна.