Вопытныя дактары разбягаюцца з РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. За парадкам будзе сачыць спецслужбіст

Што адбываецца ў медыцынскай установе? Расказваюць супрацоўнікі.

0960a5d2f541aa5d5b92ced5271aa6f1bb1809ac_pz4je.jpeg

Бязрадасныя тэндэнцыі ў РНПЦ імя Аляксандрава — дарослай анкалогіі ў Бараўлянах, адкуль звальняюцца і эмігруюць талковыя спецыялісты, — «Наша Ніва» ўжо апісвала. Аказваецца, і ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі адбываецца нешта падобнае.

Пасля падзей лета-восені і прымусовага звальнення папярэдняга дырэктара Наталлі Каноплі, якую калегі апісваюць як «спецыяліста экспертнага ўзроўню, прыстойнага і добрага чалавека», працэсы карозіі паскорыліся.

Цэнтр складаецца з чатырох анкагематалагічных аддзяленняў, аддзялення рэанімацыі, трансплантацыі, дзённага стацыянара, кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення, аддзела функцыянальнай дыягностыкі, лабараторыі і навуковага аддзела.

Яшчэ ў лістападзе асноўных спецыялістаў — анколагаў-гематолагаў, — было 27 чалавек. Але цяпер іх менш на 20%: вядома пра сыход прынамсі 6 чалавек.

Як і ў дарослай анкалогіі, медыкі выказваюць незадаволенасць многімі аспектамі рабочага працэсу, але апошняй кропляй называюць палітыку.

«З лета дзевяцёра з нашых дактароў прайшлі праз арышты», — кажа адзін з нашых суразмоўцаў.

Найбольш грамадства ведае пра былую загадчыцу аддзялення для дзяцей старэйшага ўзроста Надзею Пятроўскую — нядаўна яе затрымлівалі проста на выхадзе з «Ладэ».

У лютым Пятроўская эмігравала. Яна не стала каментаваць сваё рашэнне.

А вось што кажуць іншыя:

«З 9 жніўня мы, супрацоўнікі цэнтра, у меру сваіх магчымасцей супрацьстаім гвалту. З сярэдзіны жніўня і да лістапада мы пісалі звароты ў Мінздароўя, да структур улады, мы падкрэслівалі, што медыкі супраць бязмежжа і беззаконня, выходзілі ў ланцугі салідарнасці.

Але ў лепшы бок нічога не мянялася, да нас прыязджалі прадстаўнікі Мінздароўя, прафсаюза, сядалі насупраць і пачыналі гаварыць так, што заставалася ўражанне: да нас, дзіцячых анколагаў, ставяцца як да бесталковых падлеткаў з юнацкім максімалізмам, якія не ведаюць, чаго яны хочуць, і ні ў чым не разбіраюцца.

Медыкі — тыя, каму цяжэй за астатніх працаваць у бяздумнай сістэме, бо наша праца патрабуе інтэлекту і крытычнага мыслення.

Калі замест спынення гвалту і вяртання законнасці на цябе спрабуюць уздзейнічаць нейкімі сцяжкамі на працоўным месцы, загонам у прафсаюз, подпісам нейкіх там лістоў за невядома што, толькі не за тое, што сапраўды трэба, то некаторыя не вытрымліваюць.

Мой сыход — ад бяссілля і расчаравання.

Паўтара месяца таму я не лічыла, што буду задумвацца пра пераезд. А цяпер ён вось тут, зусім побач, засталося зрабіць крок», — сказала доктар, якая ўжо звольнілася з РНПЦ.

Усе, з кім мы гаварылі, з асаблівым негатывам падкрэслівалі факт таго, што намеснікам дырэктара ў цэнтр прыслалі спецслужбіста, які ні дня не працаваў у медыцыне. Яго функцыі дагэтуль не ясныя — нешта кшталту ідэолага і спецыяліста па кадрах.

У рэдакцыю перадалі аўдыязапіс выступлення гэтага чалавека перад работнікамі цэнтра, да якіх ён звярнуўся «калегі», што выклікала смех.

«Я — Алексіевіч Віктар Канстанцінавіч, 1972 года нараджэння, спецыяльнасць "Матэматыка і фізіка", скончыў Віцебскі педагагічны, з 1995 года на службе ў органах бяспекі. Спецыялізацыя — супрацьдзеянне тэрарызму, гандлю зброяй, добра ў гэтым пытанні разбіраюся […], — кажа спецслужбіст пры знаёмстве з калектывам. — Потым я знаходзіўся на кадравай працы, у Мінску з 2019 года, намеснік начальніка упраўлення кадраў […].

Звольніўся ў студзені 2020, была прапанова пазаймацца прафсаюзнай работай. Год я празаймаўся прафсаюзнай работай — гэта важны складнік нашага грамадскага жыцця. У прынцыпе, у прафсаюзе моцна не крыўдзілі, і заробку хапала, ну а ў пэўны час прыйшла інфармацыя, што будуць стварацца пасады ў арганізацыях аховы здароўя. Інтарэсу вялікага спачатку не было: ну, ствараюцца ды ствараюцца, у мяне там пасада добрая, сам сабе начальнік. […]

Службовая інструкцыя яшчэ рыхтуецца. Я так разумею, там будуць пытанні бяспекі: унутранай пагрозы ў калектыве і знешнія пагрозы.

Пры ўсім плюралізме меркаванняў, вакол цэнтра ёсць не абавязкова добрая актыўнасць, трэба ў гэтым разабрацца. Таму, паважаныя, каб вы разумелі, будзем знаёміцца».

У абгрунтаванне сваёй кампетэнтнасці Віктар Алексіевіч сказаў, што «чытаў кніжку пра цэнтр».

Вось такая цяпер сітуацыя ў цэнтры.

«Людзі сыходзілі і раней. Але апошнія звальненні анколагаў з цэнтра, уключаючы дырэктара Наталлю Каноплю, прывялі да таго, што на тых, хто застаўся, лягла празмерная нагрузка», — кажуць людзі, якія працуюць у цэнтры.

«У аддзяленні доктар вядзе як мінімум ў паўтара раза больш пацыентаў, чым паложана на стаўку. Людзі заўсёды стомленыя. У кансультатыўна-паліклінічным аддзяленні пры норме на стаўку 13 чалавек сярэдні прыём звычайна — 18-20 чалавек.

Прыйшла новая партыя інтэрнаў — гэта зялёная моладзь, якую трэба давучваць. Яны ўжо ў шоку. Яшчэ не навучаныя, а на іх ужо лягла нагрузка не па магчымасцях, інтэрны вядуць у аддзяленнях найцяжэйшых пацыентаў, практычна ў кожным аддзяленні засталося па два дасведчаныя медыкі, якія не могуць разарвацца».

Ці атрымліваецца ў новай дырэктаркі, Анжалікі Сонцавай, даць рады крызісу?

08_09_4__ah48s.jpg

«Новая дырэктарка чакана аказалася слабой у арганізацыі работы дзіцячай анкалогіі, таму імкнецца праявіць сябе ў фармалізацыі. Ажно да рэйдаў на склад з кантролем літаральна кожнага вядра для смецця», — кажуць работнікі цэнтра.

Медыкі наракаюць, што, разам з павелічэннем нагрузкі і фармалізмаў, заробкі сталі ніжэйшымі — у сярэднім на 200 рублёў за мінулы месяц. Тыя, хто працаваў на паўтары стаўкі, цяпер не можа іх атрымаць.

«Прыклад: доктар на сутачным дзяжурстве, пасля якога застаецца на свой працоўны дзень. І заўтра яму зноў на працу, ніякіх адсыпных дзён. А новая дырэктарка ўводзіць прапускны рэжым з кантролем адпрацаванага часу — гэта плявок у работнікаў, якім і так не салодка, дзяжурствы ў дзіцячай анкалогіі і так аплочваюцца горш, чым у дарослай.

Усе маюць падпрацоўкі, часам у іншым аддзяленні, часам у навуковым аддзеле, а яна сочыць, як бы хто не зрабіў сваю працу хутчэй і не пайшоў "халтурыць". Смешна.

Пры тым, што ніхто не даплачвае ў рэгулярных сітуацыях, калі, напрыклад, пацыент у аперацыйнай, а доктар пасля заканчэння працоўнага дня чакае, каб распісаць ліст прызначэнняў і перадаць дзяжурнай змене», — наракаюць дактары.

Таксама трывожна пра стан рэчаў адгукаюцца з навуковага аддзела РНПЦ. Навуковы аддзел — гэта рухавік дзіцячай анкагематалогіі і імуналогіі. Гэта яны распрацоўваюць і ўкараняюць новыя метады лячэння і дыягностыкі, даследуюць клетачную тэрапію і ўсё тое астатняе, чым потым лечаць беларускіх дзяцей.

«Шмат год РНПЦ быў адным з перадавых у рэйтынгу навуковых публікацый, вынікі даследаванняў выходзілі пераважна ў замежных выданнях. Новаспечанаму дырэктару здалося мала: у загадным ладзе дадзена ўстаноўка павялічыць колькасць публікацый у "Медыцынскім весніку"», — кажа доктар-навуковец.

«Ці варта тлумачыць, што ў навуцы важная не колькасць публікацый, а іх якасць, што такі падыход — абясцэньванне шматгадовай работы даследчыкаў?

Мне дакладна вядома аб шасці калегах, якія цяпер рыхтуюць дакументы на ад’езд і знаходзяцца ў пошуку навуковых пазіцый за мяжой. Адназначна, што наперадзе самая моцная хваля адтоку навуковых супрацоўнікаў, пачынаючы з 2000-х. За 20 год сфармаваліся дасведчаныя спецыялісты высокага ўзроўню, якія забяспечвалі падрыхтоўку маладых кадраў, але людзі не хочуць больш так працаваць».

Незразумела, як змагацца з адтокам кадраў праз палітычны крызіс. Замежныя краіны ўдала карыстаюцца сітуацыяй у Беларусі, перацягваючы да сябе зорак у прыватныя цэнтры або сярэднячкоў, каб закрываць уласныя праблемы ў сістэме аховы здароўя.

У гэты ж час беларускія ўлады адмаўляюцца ад дыялогу з грамадствам і спрабуюць утрымаць кадры, адпраўляючы да іх кадэбістаў, «якія чыталі кнігі».