«Высвятляецца». У пасведчанні аб смерці Вітольда Ашурка няма інфармацыі аб прычыне сыходу з жыцця
25 мая сваякі палітвязня атрымалі пасведчанне аб яго смерці. У дакуменце адзначана, што непасрэдная прычына смерці высвятляецца. Код R99, паводле Міжнароднай класіфікацыі захворванняў, азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці».
Сёння ж брату Вітольда Ашурка Андрэю аддалі ў Шклове цела памерлага. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала, што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, відаць толькі рот», піша «Свабода».
Цела Ашурка яшчэ ў Шклове пераапранулі ў касцюм, адразу
паклалі ў труну, якую сваякі прывезлі з сабой. Апрача перабінтаванай галавы, у
Вітольда відаць падрапаныя рукі. Чаму галава перавязаная, пакуль невядома.
Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калоніі 21 мая. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка
сказала журналістам, што муж раней ніколі не меў праблем з сэрцам.
Пахаванне Ашурка адбудзецца ў Бярозаўцы ў сераду 26 мая.
З 9-й гадзіны раніцы з памерлым можна будзе развітацца ў будынку Дома быту
(Наваградская вуліца, 8). А 14-й у бярозаўскім касцёле пройдзе імша. Пасля яе
Вітольда Ашурка пахаваюць на гарадскіх могілках.