Вынікі першага месяца «года якасці». Прарыў у прарывах?
Аб’явіўшы 2024 год «годам якасці», рэжым зноў самастойна загнаў сябе ў глыбокую пастку з лужынай бруду. Варта падкрэсліць, што апісаны матэрыял — гэта выключна падзеі, што трапілі ў зводкі праўладных медыя і прыцягнулі нашу ўвагу. Пра рэальную канцэнтрацыю «якасці» на беларускай зямлі мы можам толькі здагадвацца.
Прарывы водаправодаў і цеплатрас
Нягледзячы на тое, што кожнае лета беларусаў пакідаюць без гарачага водазабеспячэння на некалькі тыдняў, аргументуючы адключэнне крыніцы цяпла правядзеннем выпрабавальных і рамонтных работ, пазаштатныя раптоўныя знікненні гарачай вады ў краіне назіраюцца ўсё часцей, у тым ліку ў Мінску. Першы месяц «года якасці» наглядна прадэманстраваў, наколькі добрасумленна гэтыя работы былі выкананы мінулым летам.
Найбольш магутныя прарывы водаправодаў назіраліся з 5 па 10 студзеня адразу ў некалькіх населеных пунктах дзяржавы. Так, ва Урыцкім Гомельскага раёна ў трубаправодзе ўтварылася прабоіна, з-за чаго без ацяплення засталіся чатыры шматкватэрныя дамы, амбулаторыя ды аптэка. МНС адзначае, што прычынай прарыву стала агульнае старэнне і знос сістэмы. Здаецца, выпраўленнем гэтых непаладак службы абавязаны былі займацца падчас перыяду адключэння гарачай вады.
У гэтыя ж дні адбыліся буйныя прарывы ў Калінкавічах і Беразіно: людзі засталіся без халоднай вады, пакуль наступствы не былі ліквідаваныя. Па звестках МНС, у абодвух выпадках асноўнай прычынай ёсць знос труб. Як высветліла «Люстэрка», у Беразіно яны былі ўкладзены ў 1968 годзе і дзейнічалі дагэтуль — 56 гадоў! «Якасць» закранула жыхароў 110 дамоў, у тым ліку шматпавярховак, што вымушаны былі святкаваць Раство з прывазной вадой. Дырэктар «Барысаўводаканалу» Уладзімір Караткевіч прычынай прарыву назваў рэзкае паніжэнне тэмпературы, што гучыць настолькі па-дурному з улікам сярэдняй зімовай тэмпературы па Беларусі ды бесперабойным дзеяннем сістэм у паўночных краінах накшталт Швецыі і Фінляндыі, што верыць такой бязглуздзіцы адмаўляюцца нават прыхільнікі ўлады, якія самастойна акунуліся ў «якасць» беларускага горада.
15 студзеня выданне «Newgrodno» паведаміла, што каля новага гарадзенскага мікрараёна Калбасіна прарвала каналізацыйныя трубы. Патокі вады са спаражненнямі хлынулі на пешаходную дарожку і прыпынак грамадскага транспарту. Тая ж самая праблема закранула жыхароў віцебскай пяціпавярхоўкі, якія амаль паўгады жывуць у пад’ездзе з поўным падвалам фекалій па шчыкалатку.
«У нас у падвале стаіць вада па калена і плаваюць зверху фекаліі. Мы звярталіся: яны абяцалі, што прывязуць нам друз, пясок, усё засыпяць і ваду выкачаюць. Нічога нам не зрабілі, нічога нам ніхто не прывёз, ужо пяць месяцаў у нас такое бязладдзе», — кажа пенсіянерка мясцоваму праўладнаму журналісту. Адзначым, што «якасці», у якую рэжым пагрузіў беларусаў, здзіўляюцца нават прапагандысты.
Такіх прыватных выпадкаў наўпрост безліч: напрыклад, у вёсцы Карма Добрушскага раёна прарваная каналізацыя затапіла падвал, у якім людзі захоўвалі ўсе караняплоды для пасеву будучага ўраджаю, а ў двухпавярховым доме па вуліцы Гагарына, 3 цякуць дахі ў кватэрах, праз што людзі вымушаны дыхаць цвіллю і жыць у невыносных умовах. Па словах жыхароў, на першых паверхах ад вільгаці правальваюцца падлогі.
Гародніна гніе ў падвале. Вёска Карма
На ваду шакаладнага колеру з-пад крана ў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДам» скардзіліся жыхары Брэста, Жодзіна, Дзяржынска, Добруша ды іншых шматлікіх гарадоў краіны.
«Экскаватарнае Вадохрышча»
Раніцай 8 студзеня ля вёскі Тосіна Лідскага раёна эпічна абрынуўся пралёт моста, што паціхеньку дэмантавалі мясцовыя дарожнікі. Разам з кавалкамі канструкцыі ўніз зляцеў экскаватар, які прабіў пласт лёду ды трапіў у цэнтр рэчкі Нёман. Машыніст транспартнага сродку і яшчэ два будаўнікі, атрымаўшы траўмы, апынуліся ў халоднай вадзе. На шчасце, ратаўнікі паспелі дастаць іх і хутка даставіць у лякарню. Пасля гаспіталізацыі дактары дыягнаставалі ў пацярпелых траўмы рознай ступені цяжкасці, сярод якіх пераломы, пашкоджанні ўнутраных органаў і грудной клеткі, чэрапна-мазгавыя траўмы.
Экскаватар у Нёмане
Цяпер лідскім раённым аддзелам СК узбуджаная крымінальная справа па факце абвальвання моста праз Нёман, і, верагодна, абвінавачанні будуць прад’яўлены будаўнікам.
Абслугоўванне грамадскіх прастор
Паводле апошняй студзеньскай зводкі МНС, агульная колькасць пацярпелых ад галалёду па ўсёй краіне ў перыяд з 1 па 27 студзеня склала жахлівую лічбу ў 11 994 чалавекі. Для разумення маштабаў безадказнасці, гэта як калі б паслізнуліся ўсе жыхары Лагойска ці Беразіно. І віна за пакуты людзей ляжыць выключна на плячах тых, хто не арганізаваў належнае абслугоўванне тратуараў і дарог. Падлічыўшы колькасць гаспіталізаваных людзей, становіцца яшчэ жудасней: у лякарні трапілі 1557 чалавек, што раўняецца насельніцтву Дзісны.
Адной з галоўных прычын утварэння такой колькасці лёду на тратуарах з'яўляецца цалкам не наладжаная дрэнажная і вадасцёкавая сістэма. Нават на аб'ектах, крытычна небяспечных для перамяшчэння ў слізкае надвор’е і галалёд, накшталт падземных пераходаў, паток вады не адведзены ў дрэнаж, у выніку чаго гараджане вымушаны бароцца з падобнымі перашкодамі.
Падземны пераход у Віцебску
Што да абслугоўвання шматкватэрных дамоў, беларусы скардзяцца на адсутнасць уборкі месяцамі (пры гэтым у жыроўцы выстаўляецца сума за абслугоўванне дамавой тэрыторыі), непрацуючае ці слабае ацяпленне, праблемы з вывазам смецця, адсутнасць кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў ды агульнае пагаршэнне жыллёвых умоў.
Стан абслугоўвання дамовой тэрыторыі ў розных гарадах Беларусі. Фота «Беларусь за МКАДам»
Пра якую якасць магла ісці гаворка ў краіне з разбітымі ўшчэнт галінамі эканомікі, знішчаным паняццем урбаністыкі і пафарбаванымі бардзюрамі, заставалася інтрыгай з самага пачатку. Але калі мэта «года якасці» заключалася ў тым, каб высмеяць саміх сябе — місія паспяхова выканана.