Восем праваабарончых арганізацый Беларусі патрабуюць выканання права на абарону
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з супольнай заявай, у якой патрабуюць спыніць парушэнне права на абарону і прэзумпцыю невінаватасці.
У заяве адзначаецца, што ў працэсе вытворчасці па палітычна матываваных крымінальных справах груба парушаюцца асноўныя правы падазраваных і абвінавачаных, а таксама іх абаронцаў, перадае Радыё Свабода.
Праваабаронцы спасылаюцца на звесткі, што на даследчай стадыі да падазраваных ужываюцца катаванні; пад катаваннямі супрацоўнікі МУС прымушаюць затрыманых да дачы паказанняў у адсутнасці абаронцы і рознага роду «інтэрв’ю» з ужываннем відэазапісу, якія пасля выкарыстоўваюцца не толькі дзяржаўнымі прапагандысцкімі рэсурсамі, але і ў якасці доказу абвінавачвання ў судзе.
Аўтары заявы адзначаюць, што працягваюць паступаць звесткі пра супрацьдзеянні адвакатам у ажыццяўленні абароны, бо адвакатам абмяжоўваюць магчымасці сустрэчы сам-насам з падабароннымі, а таксама аказваюць ціск на іх за выказванне свайго меркавання.
Суды неабгрунтавана прызначаюць і праводзяць закрытыя судовыя пасяджэнні ў адсутнасць для гэтага падстаў. У прыватнасці, у закрытым судовым пасяджэнні разгледжаныя крымінальныя справы В. Ашурка, Е. Вінчы, А. Мельнікава, Э. Жданко, А. Корбана, В. Клімкінай, С. Скока, М. Сяргіенкі і інш., а акрамя таго, прызначаная да разгляду крымінальная справа па абвінавачванні П. Севярынца, Е. Афнагеля, П. Юхневіча, Д. Казлова, М. Вінярскага і А. Войніча.
У дачыненьні да шэрагу палітвязняў крымінальныя справы разглядаюцца або прызначаныя да разгляду ў Вярхоўным судзе, што азначае неадкладнае ўступленне ў сілу прысуду пасля яго вынясення і адсутнасць права на перагляд справы вышэйстаячым судом. У такім парадку разглядаецца крымінальная справа па абвінавачванні В. Бабарыкі і прызначаная да разгляду крымінальная справа па абвінавачванні М. Статкевіча, С. Ціханоўскага, І. Лосіка, А. Сакава, Д. Папова, В. Цыгановіча.
У дачыненні да абвінавачаных па крымінальных справах з палітычным складнікам дзяржаўнымі СМІ безупынна вядзецца прапагандысцкая кампанія, накіраваная на іх дыскрэдытацыю ў вачах грамадскасці і фармаванне ўстойлівага меркавання аб вінаватасці ў крымінальных злачынствах да вынясення судом прысуду. Гэта парушае прэзумпцыю невінаватасці — права лічыцца невінаватым, пакуль віна не будзе даказаная згодна з законам.
Праваабаронцы заклікаюць суб’екты ўладных паўнамоцтваў, органы следства, пракуратуру і суд прыняць вычарпальныя меры па вяртанні да прававых асноў функцыянавання праваахоўнай і судовай сістэмы, да рэгулявання грамадскіх адносін на аснове законаў, прымальных у дэмакратычным грамадстве — гаворыцца ў супольнай заяве 8 праваабарончых арганізацыяў Беларусі.