Вользе Кавальковай выпісалі два штрафы
Актывістцы аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Вользе Кавальковай, машыну якой каля 18:05 затрымалі ў раёне Плошчы Перамогі ў Менску, супрацоўнікі ДАІ выпісалі два штрафы на агульную суму 130 тыс. рублёў.
Акцыя "Стоп-падатак"
Спачатку супрацоўнік ДАІ аштрафаваў яе толькі за тое, што яна сігналіла, і збіраўся быў яе адпусціць, калі ягоны начальнік запатрабаваў выпісаць штраф і за налепкі "Стоп-падатак". Вольгу Кавалькову таксама папярэдзілі, што калі яе затрымаюць сёння яшчэ раз, то аштрафуюць на 5 базавых велічыняў — 650 тыс. рублёў.
Актывістка таксама паведаміла, што пакуль ёй выпісвалі штраф, яна чула, як па рацыі прасілі дапамагчы эвакуяваць аўтамабіль з вуліцы Леніна. Таксама па рацыі загадвалі ўсіх штрафаваць і не праяўляць аніякай лаяльнасці.
Між тым, паведаміла Вольга Кавалькова, машыны па праспекце едуць трошкі павольней, чым звычайна, але не сігналяць.